Вы тут

Наваполацкая школа №12 перамагла ў конкурсе «Героям спяваць лёгка»


Відэакліп з такой назвай пра карысць раздзельнага збору смецця стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Героям спяваць лёгка», які зладзіла дзяржаўная ўстанова «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Аўтары найлепшай работы — вучні Наваполацкай школы № 12, у падарунак якой дастаўся камплект музычнага абсталявання з акустычнымі сістэмамі, мікшарным пультам і радыёмікрафонамі. А ўсе навучэнцы атрымалі наклейкі з янотамі і флікеры з карыснымі парадамі пра збор смецця. Прысутныя прысягнулі сартаваць смецце і заахвочваць да гэтай справы сваіх сяброў і родных.


— Пры правільным сартаванні адходаў папера, шкло, пластык, метал ператвараюцца ў карысныя другасныя рэсурсы, якія становяцца новымі рэчамі. У выніку ў краіне менш звалак, а прырода захоўваецца больш. Каб гэта было зразумела кожнаму, мы прапанавалі школам зняць кліпы, якія пераканалі б беларусаў памяняць стаўленне да смецця, — падкрэсліла ідэю конкурсу яго арганізатар дырэктар дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля ГРЫНЦЭВІЧ. — Журы было няпроста выбраць з больш як 400 цудоўных работ, дасланых на конкурс, але кліп наваполацкіх школьнікаў скарыў усіх сваёй ідэяй, лаканічнасцю і тэхнічным узроўнем.

Усяго пераможцамі конкурсу «Героям спяваць лёгка» сталі 11 школ краіны з 385 устаноў адукацыі, якія паўдзельнічалі ў творчым спаборніцтве. Самыя актыўныя, дарэчы, былі менавіта вучні Віцебскай вобласці: адсюль на конкурс трапіла 105 відэаролікаў. Усе конкурсныя работы можна ўбачыць на YouTube-канале «Героям спяваць лёгка».

Другое месца ў конкурсе прысудзілі вучням брэсцкага дзіцячага сада — пачатковай школы № 2 за кліп «Экамены Брэста». У падарунак яны атрымалі камплект музычнага абсталявання. Трэцяе і чацвёртае прызавыя месцы і мультымедыйныя праектары з экранамі дасталіся магілёўскай школе № 33 за ролік «Выратуем планету разам» і стаўбцоўскай школе № 2 за відэаработу «Экагёрл спяшаецца на дапамогу».

Школы, якія занялі прызавыя месцы ў конкурсе, узнагародзілі мультымедыйнымі праектарамі. Гэтыя прызы дасталіся школе № 2 г. Дуброўна за кліп «Героям спяваць лёгка», школе № 18 г. Гродна за кліп «Героям спяваць лёгка», гомельскай школе № 2 імя Г. М. Склязнёва за кліп «ВПК спяшаюцца на дапамогу!!!», школе № 19 г. Магілёва за кліп «Захаваем планету разам», гімназіі № 2 г. Гродна за кліп «Дзень маленькага экамена», школе № 3 г. Пружаны за кліп «Зялёны, жоўты, сіні — кожнаму класу!», вучэбна-педагагічнаму комплексу яслі-сад — сярэдняя школа в. Новае Поле за кліп «Добрыя справы».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».