Вы тут

Чаго вы не ведалі пра Плутон


Што вы памятаеце пра Плутон са школьнага курса астраноміі? Што гэта маленечкая далёкая ад Сонца планета? Гэты хлопец хоць і невялікі, але вельмі характэрны і заслугоўвае, каб вы даведаліся пра яго крыху больш.


Плу­тон  і яго спа­да­рож­нік Ха­рон.

Хто ён

Плутон — дзявятая, карлікавая, самая маленькая планета Сонечнай сістэмы. Дыяметр — 2390 км, што складае 70 % ад Месяца або 18 % ад зямнога паказчыка. Аб'ём — 6,39 х 109 км3. Здаецца, што шмат, але гэта толькі 0,59 % ад зямнога. Па аб'ёме ўнутры Зямлі можна было б размясціць 170 плутонаў. Маса — 1,3 х 1022 кг (0,2 % ад зямной ці 18 % ад месяцавай).

Назву прыдумала дзяўчынка

Калі ў 1930 годзе навукоўцы адкрылі Плутон, яны наладзілі конкурс на самую лепшую назву для новай планеты. Прапановы паступалі з усяго свету. Адзінаццацігадовая Венецыя Берні з Оксфарда вырашыла, што для цёмнай далёкай планеты падыдзе імя бога падземнага свету са старажытнагрэчаскай міфалогіі — Плутон.

У абсерваторыі Лоўэла прайшло галасаванне за адну з трох назваў: Плутон, Мінерва, Хронас (назва была прапанавана адным з астраномаў). Венецыя Берні атрымала 5 фунтаў стэрлінгаў за сваю перамогу, што на цяперашнія грошы складае прыкладна 300 фунтаў (каля 850 рублёў).

Манаграма

Астранамічны сімвал Плутона — PL — першыя літары назвы планеты і ініцыялы астранома Персіваля Лоўэла, які прадказаў існаванне карліка ў знешніх межах Сонечнай сістэмы з-за гравітацыйнага ўплыву на Нептун і Уран. Абсерваторыя Лоўэла таксама названая ў гонар навукоўца.

Паніжэнне ў статусе

Плутон меў статус планеты 76 гадоў. Але ў 2005 годзе навукоўцы адкрылі Эрыс, якая на 27 % цяжэйшая за Плутон, нягледзячы на тое, што ён большы па аб'ёме. Адкрыццё Эрыс прымусіла астраномаў перагледзець умовы, пры выкананні якіх нябеснаму целу прысвойваўся статус планеты, і ў 2006 годзе Плутон быў паніжаны ў статусе і афіцыйна стаў карлікавай планетай № 134340. У сувязі з гэтай падзеяй Амерыканскае дыялекталагічнае таварыства назвала дзеяслоў «аплутоніць» новым словам года. «Аплутоніць» стала азначаць панізіць каго-небудзь ці што-небудзь у званні або каштоўнасці.

Але летась астраномы ўніверсітэта Цэнтральнай Фларыды (ЗША) прыйшлі да высновы, што новае азначэнне тэрміна «планета», пад якое не трапіў Плутон, з'яўляецца памылковым. Былая «дзявятая» планета валодае падземным акіянам і шматслаёвай атмасферай, што робіць яе амаль такой жа складанай у геалагічным плане, як і Зямля. Увогуле, цяпер Плутон зноў мае права называцца планетай. Вось такія астранамічныя страсці.

Спадарожнікі, атмасфера, арбіта

У Плутона пяць спадарожнікаў, дыяметр Харона — самага вялікага з іх — каля паловы дыяметра Плутона, таму іх часта разглядаюць як бінарную сістэму, таму што іх арбіты ўзаемадзейнічаюць. Іншыя спадарожнікі меншыя, іх назвы: Стыкс, Нікс, Кербер і Гідра.

У Плутона адваротны напрамак кручэння, як у Венеры і Урана. Гэта азначае, што ён круціцца ў процілеглы ад Зямлі бок: Сонца ўстае на захадзе і заходзіць на ўсходзе. Поўны абарот Плутон робіць прыкладна за тыдзень. Арбіта Плутона вельмі эксцэнтрычная, таму часам ён аказваецца бліжэй да Сонца, чым Нептун. Апошні раз Плутон знаходзіўся «ўнутры» арбіты Нептуна ў 1999 годзе.

Плутон — адзіная вядомая планета з атмасферай з азоту, метану і монааксіду вугляроду. Яна таксічная для людзей і змяняецца ў залежнасці ад таго, наколькі блізкі Плутон да Сонца. Калі ён бліжэй за ўсё да Сонца (знаходзіцца ў перыгеліі), атмасфера становіцца газам, а пры максімальным аддаленні (у афеліі) — ператвараецца ў снег і асядае на паверхні планеты.

Замёрзлы акіян

На Плутоне ёсць падземны акіян з замёрзлай вадой. Яго глыбіня — ад 100 да 180 кіламетраў. Гэта азначае, што на карліку вады ў тры разы больш, чым на Зямлі. Астатнія 2/3 планеты складаюцца з цвёрдых горных парод і замарожанага азоту.

Да Сонца далёка

Сонечныя прамяні дасягаюць паверхні Плутона за 5,5 гадзіны. Для параўнання: да Зямлі яны далятаюць за 8 хвілін. Адбываецца так таму, што Плутон знаходзіцца на адлегласці 5,9 мільярда кіламетраў ад Сонца, а Зямля — 149,6 мільёна кіламетраў.

Першаадкрывальнік паляцеў у космас

Клайд Томба, які адкрыў Плутон, стаў першым чалавекам, які здзейсніў міжзоркавае падарожжа пасля смерці. Яго прах быў змешчаны ў аўтаматычную міжпланетную станцыю НАСА «Новыя гарызонты», якая адправілася да Плутона ў 2006 годзе. Нядаўна станцыя праляцела міма Плутона і даслала неверагодныя фатаграфіі на Зямлю. Далей праз Пояс Койпера яна адправіцца ў міжгалактычную прастору ў надзеі выявіць жыццё за межамі Сонечнай сістэмы. На капсуле з прахам Томба высечаны надпіс: «Тут пахаваны Клайд Уільям Томба, першаадкрывальнік Плутона і трэцяй зоны Сонечнай сістэмы. Сын Адэль і Мерон, муж Патрысіі, бацька Анет і Олдэна. Астраном, настаўнік, жартаўнік і сябар. 1906—1997».

Іван Купарвас

Загаловак у газеце: Самы далёкі ў Сонечнай сістэме

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.

Грамадства

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.

Эканоміка

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка.

Грамадства

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.