Вы тут

Новыя дакументальныя фільмы: пра што здымае Нацыянальная кінастудыя


«Беларусьфільм» паказаў нам створаныя за мінулы год дакументальныя карціны, прычым з агаворкай: рэжысёры, маўляў, нарэшце займаліся «сваімі» тэмамі. Агаворка важная, таму што дагэтуль студыя дакументальнага кіно «Летапіс» больш выконвала заказы, якія вельмі ўмоўна ўпісваліся ў кантэкст мастацтва, інтарэс да яе прадукту імкліва падаў. Але вось, здаецца, кірунак ветру змяніўся і на «Беларусьфільме» з'явіліся прывабныя карціны аб працы хуткай дапамогі, шахцёрах і кіраўніку народнага хору ў правінцыі, пра УНОВИС і пахавальную традыцыю Радзівілаў. Па гамбургскім рахунку, нічога звышнатуральнага, а для «Летапіса» апошніх гадоў — добрыя перамены.


«Свае» тэмы: «Лебедзі»

Вядомая дакументалістка Галіна Адамовіч зрабіла «сапраўдны» дакументальны фільм аб працы хуткай дапамогі. Ён называецца «Лебедзі», ад пазыўнога, якім карыстаюцца супрацоўнікі светлагорскай «хуткай», і паказвае, што ў некаторых прафесій асяроддзе ў большасці сваёй непрыгожае, бруднае і хворае.

Рэжысёр правяла са сваімі героямі пэўны час і зафіксавала, як тут прымаюць званкі, выязджаюць па выкліках і ў якіх дамах у выніку аказваюцца, паказала гумар работнікаў, іх свабодныя хвіліны і паводзіны пацыентаў. «Упрыгожыла» сумнеўнай прыемнасці карцінку рытмічнымі саўндтрэкамі.

Менавіта надзвычайнай фактурай, якая выклікае то агіду, то смех, то жаль, то яшчэ бог ведае што, карціна і каштоўная, бо асаблівай аўтарскай апрацоўкай яна не вызначаецца. З пункту гледжання візуалу гэта адзін з самых багатых і, дарэчы, смелых дакументальных фільмаў кінастудыі апошняга часу.

З ім ты бачыш, якім бывае жыццё, у якіх умовах жывуць людзі і з якіх прычын яны хворыя — а хворыя яны часта праз саміх сябе. Нецэнзурная лексіка, п'яныя пацыенты, запушчаныя дамы і дрэнна забяспечаная хуткая, што мусіць выратоўваць людзей ад цяжкага пахмелля, — усё гэта недзе побач, хоць заўважным можа быць толькі на кінаэкране.


«Свае» тэмы: «Полацкі вальс»

Вольга Дашук, у сваю чаргу, знайшла вельмі сімпатычнага героя — Васіля Граноўскага, што жыве ў вёсцы на Полаччыне, іграе на баяне, праводзіць масавыя мерапрыемствы, складае песні і з'яўляецца кіраўніком народнага хору. Саўндтрэкам да фільма «Полацкі вальс» стала адна з кампазіцый аўтарства Васіля, які сам яе з мясцовым акцэнтам і выконвае.

Карціна сабрала сімпатычныя эпізоды і сканцэнтравалася на творчым жыцці правінцыі: Васіль у запале перарабляе чужы тэкст, які мусіць стаць гімнам прадпрыемства, прыходзіць да сваіх спявачак, што заводзяць песні пад яго баян, фліртуе з суседкай, разважае пра асабістае жыццё, разам з хорам едзе на выступленне.

Фільм, без прэтэнзій на нейкую жыццёвую праўду ці кінаэфекты, поўны правінцыйнай чароўнасці і непатрабавальнасці свайго героя. Нарэшце вёска на вялікім экране не проста не знікае, але і жыве поўным творчым жыццём, дзе ёсць месца сямейным драмам, «гастролям», івэнтам, кампазітарству і песням.

Водгаласы бурных дзён некалі шматтысячных беларускіх паселішчаў захоўваюцца ў спевах вясёлых і дзёрзкіх бабулек і гуках Васілёва баяна. А сам Васіль — сапраўдны герой, поўны нечаканых рухаў, жартаў і выразаў твару.


Прыемны лікбез

У пэўным сэнсе фільмы «УНОВИС» і «Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі», зробленыя ў тэлевізійным фармаце і закліканыя даваць гледачам новыя веды, сталі найлепшым кінапрадуктам «Летапіса» за мінулы сезон. Бо цалкам адпавядаюць сваёй катэгорыі і сваім функцыям. Калі на аўтарскай дакументалістыцы, назавём гэта так, відавочна, адлюстроўваецца абмежаванасць у часе (магчыма, не толькі ў часе), то больш зразумелыя каноны тэлевізійных даследчыцкіх праектаў дазваляюць ім трапляць у яблычак без асаблівых прэтэнзій на высокае мастацтва.

Першы з названых праектаў, зняты Яўгенам Сяцько, візуалізаваў Віцебск 1920-х, калі сюды прыехаў Казімір Малевіч і стварыў суполку сцвярджальнікаў новага мастацтва УНОВИС. Уласна тую суполку, з якой пачынаўся супрэматызм і ўплыў Малевіча на сусветнае мастацтва. З акцёрамі, каментарыямі мастацтвазнаўцаў, наведваннем музеяў і галерэй фільм прасачыў за падзеямі стагадовай даўніны і сцвердзіў, што Віцебск з'яўляецца радзімай супрэматызму.

У фільме «Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі» Юрыя Цімафеева можна ўбачыць у звычайным жыцці не самае даступнае відовішча — адкрыццё грабніц з радзівілаўскай крыпты касцёла Божага цела ў Нясвіжы. Унікальная для Беларусі традыцыя пахавання пачалася ў ХVІ стагоддзі з дазволу Папы Рымскага, якога папрасіў Мікалай Радзівіл Сіротка. Князь здзейсніў паломніцтва ў Егіпет, вандраваў па Еўропе і прывёз на беларускую зямлю нешта новенькае, што ўжо ў нашым стагоддзі хавае шмат патаемнага і прывабнага.

Здымачная група прайшла па слядах князевай вандроўкі і паказала грабніцу — у ёй знаходзіцца 72 саркафагі — ва ўсёй паўнаце, ад ХVІ стагоддзя да сучасных даследаванняў.

Паказальна, што два фільмы па 52 хвіліны (самы вялікі для дакументалістаў кінастудыі хронаметраж) расказваюць пра тую высокую культуру, якая нараджалася на нашай тэрыторыі і якой нам сёння нярэдка не хапае.


«Свае» тэмы: «Шахцёры»

Яшчэ адну цяжкую і, дарэчы, небяспечную працу, пра якую мы мала ведаем, паказвае Віктар Аслюк, што са здымачнай групай паехаў да шахцёраў на «Беларуськалій» і знайшоў сярод іх герояў свайго фільма «Шахцёры» — бацьку і сына, якія праводзяць пад зямлёй ледзь не большую частку жыцця.

Тут прастору заняла цемра падзямелля, прыгожы пераліў пароды і сучасны спосаб здабычы калію. Своеасаблівая эстэтыка шырокіх праездаў — так, цяпер тут перамяшчаецца буйнагабарытная тэхніка, а не шахцёры з кіркамі — пад манатонныя гукі механізмаў склалася ў пэўны цыкл вытворчасці. Пакуль гледачу літаральна расказваецца, як тут усё адбываецца, можна адключыцца ад сэнсаў асобных эпізодаў, бо рытм апавядання, цыклічнасць, тусклае асвятленне становяцца своеасаблівай кінаформай, што перадае механізаванасць працэсу і холаднасць машынерыі. Нешта падобнае было зроблена ў канадскім фільме Дэні Катэ «Гэта радасць была дасканалай».

Пакуль гэта машынерыя пануе над чалавекам, прыходзіць лагічны ў структуры стужкі канец працоўнага дня, калі шахцёры мыюць рукі перад сыходам, і мы бачым, якімі кустарнымі спосабамі супрацоўнікі вымушаны прыстасоўвацца да звычайных бытавых рэчаў. Тут пануе машынерыя, а тыя, хто ў гэтым падзямеллі, проста выконваюць функцыі...

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Тым часам

Карэспандэнт «Звязды» працуе на Берлінале.

7 лютага ў Берліне распачаўся 69 Міжнародны берлінскі кінафестываль, адзін з найгалоўнейшых кінафорумаў свету. Міжнароднае журы, якое прысуджае «Залатога мядзведзя» і «Сярэбраных мядзведзяў» (некалькі) сёлета ўзначальвае французская актрыса Жульет Бінош, вядомая па ролях у фільмах Кшыштафа Кесьлёўскага, Міхаэля Ханэке, Абаса Кіарастамі, Клер Дэні, Аліўе Асаяса ды іншых аўтараў.

У дні фестывалю, з 7 да 14 лютага, у Берліне маюць адбыцца прэм'еры новых фільмаў Агнешкі Холанд, Чжана Імоу, Франсуа Азона, Фаціха Акіна, Дэні Катэ, Андрэ Цешынэ, якія ўдзельнічаюць у асноўнай конкурснай праграме, што складаецца з 23 фільмаў.

Апроч асноўнага конкурсу фестываль паказвае конкурсныя секцыі «Панарама», «Форум», «Рэтраспектыва» і іншыя.

Падзеі і праграма Берлінале ў пэўным сэнсе фарміруюць будучыя арыенціры сусветнага кінематографа, новыя пазіцыі ў нацыянальных пракатах (у тым ліку беларускім) і перавагі фестывальных адборшчыкаў.

За тым, што будзе адбывацца і паказвацца на Берлінале, «Звязда» прасочыць уласнымі
вачыма.

Загаловак у газеце: Чым багаты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.