Вы тут

Мінчане просяць не высякаць сад дзеля забаўляльнага цэнтра


Апошнія гады праекты забудовы сталіцы выклікаюць вялікі рэзананс сярод гараджан. Асабліва тыя, што датычацца зялёных зон. Адна з такіх спрэчных сітуацый нядаўна ўзнікла ў Маскоўскім раёне, дзе на месцы яблыневага саду запланавалі паставіць забаўляльны цэнтр.


«Лёгкія» раёна

Мясцовыя расказваюць, што сад быў закладзены яшчэ да Першай сусветнай вайны, а апошнія яблыні саджалі студэнты ў 1975 годзе.

— Я тут з 1980-х жыву. Чаму і душа баліць: мы выраслі разам з гэтымі яблынямі! — не можа застацца абыякавай да сітуацыі жыхарка раёна Алена ІВАНЮК. — Літаральна сто метраў ад дарогі, а трапляеш быццам у іншы свет. Улетку тут усё квітнее, птушкі заліваюцца — такое адчуванне, быццам ты, гарадскі жыхар, прыехаў у нейкі санаторый. Бачыце, вунь кармушкі і лавачкі? Іх Генадзь Рыгоравіч робіць — мясцовы актывіст, 71 год, ваенны адстаўнік.

— Дрэвы багата пладаносяць, сюды прыязджаюць па яблыкі з усяго горада, — дадае суседка Ірына СОКАЛ. — Сад, па сутнасці, стаў візітнай карткай раёна: многія куплялі кватэры менавіта з-за яго. Тут нават прыпынак аднайменны. Па сцежках пастаянна бегаюць вожыкі, зайцы, перапёлкі ўзлятаюць.

Пакуль мы шпацыруем з жанчынамі па садзе, раз-пораз сустракаем лыжнікаў, дзяцей з бацькамі, што выбраліся пакатацца на санках.

— Школьнікі часта ходзяць сюды на ўрокі фізкультуры, — заўважае Ірына. — Раней казалі, што гэта зялёная зона — «лёгкія» раёна. Там далей ужо відаць кальцавая дарога. Таму астравок прыроды павінен застацца, каб горад дыхаў.

Лічбы

Падчас адной з прамых ліній мэр сталіцы Анатоль Сівак заявіў, што трэба высветліць запатрабаванасць новых гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Бо ў некаторых з тых, што ўжо ёсць, пустуюць плошчы. Па інфармацыі галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінска, на 1 кастрычніка 2018 года ў горадзе працавала 98 гандлёвых аб'ектаў. Іх узровень фактычнага выкарыстання складаў 81,9 працэнта.

Згодна з горадабудаўнічым праектам, на месцы саду запланавалі паставіць шматфункцыянальны культурна-відовішчны цэнтр з паркоўкай. А яшчэ зрабіць ландшафтна-прагулачную зону са сцежкай здароўя, веладарожкі, гімнастычны гарадок, пляцоўкі для гульняў, пункт пракату, гарадок казак з атракцыёнамі, зону ціхага адпачынку «Маленькая Венецыя» і многае іншае.

Мясцовым жыхарам план падаўся сумнеўным: столькі аб'ектаў папросту не памесціцца на гэтым участку зямлі — пабудуюць у выніку толькі забаўляльны цэнтр, а астатнюю праграму згорнуць. І амаль не пакінуць дрэў, хоць у экалагічным дакладзе па ацэнцы будаўнічага праекта стан насаджэнняў ацэньваецца як здаровы. У Маскоўскім раёне, трэба сказаць, і так праблема з азеляненнем: на аднаго жыхара там прыпадае 3,5 квадратнага метра азялененых тэрыторый агульнага карыстання, хоць норма складае 8—10 «квадратаў».

Што да інфраструктуры, то непадалёк ёсць забаўляльны цэнтр, начны клуб, піцэрыі, спартыўны комплекс. «Тут забаў столькі, што ў нас няма ні часу, ні грошай наведаць іх усе», — усміхаецца Алена.

Наконт неабходнасці асфальтаваных дарожак у садзе ў многіх таксама ёсць пытанні.

— Сцежкі тут грунтавыя, лясныя. Не трэба класці асфальт — тым больш ландшафт няроўны, давядзецца палову саду выкарчаваць. А добраўпарадкаваныя дарожкі ёсць у парку Паўлава, ён блізка. Але пенсіянеры адтуль прыходзяць гуляць сюды. Мы хочам захаваць менавіта такі фармат адпачынку, — дзеляцца мясцовыя. — Калі інвестар хоча ўкласці грошы, дык няхай укладзе іх у тыя землі, дзе нічога не расце. У нас жа хапае ўчасткаў, якія пустуюць. Каля гіпермаркета «Гіпа», напрыклад.

На грамадскіх абмеркаваннях жыхары прасілі: не трэба нам таго відовішчнага цэнтра і іншых паркавых аб'ектаў. Лепш проста пастаўце новыя лавачкі і альтанкі ды захавайце тэрыторыю ў натуральным выглядзе. Пад калектыўнымі заўвагамі і прапановамі падпісалася больш за 870 чалавек.

Афіцыйна

У снежні на нарадзе з актывам Мінска Аляксандр Лукашэнка даручаў прыкласці дадатковыя намаганні па стварэнні камфортнага асяроддзя ў сталіцы. Ён адзначаў, што далейшае развіццё горада павінна ісці перш за ўсё за кошт рэканструкцыі тэрыторый, якія існуюць, а не новага будаўніцтва. Напрыклад, можна больш эфектыўна выкарыстоўваць плошчы, занятыя вытворчымі аб'ектамі.

«Пасягаць на зялёныя насаджэнні нават і не думайце, — казаў тады кіраўнік краіны. — Майце на ўвазе, што спецыяльна група маніторыць інтэрнэт і глядзіць, як па краіне начальнікі і кіраўніцтва абыходзяцца з дрэвамі, паркамі і скверамі. Аб гэтым адразу ж пісьмова інфармуецца Прэзідэнт. І мы разбіраемся з кожным гэтым выпадкам. Перш чым секчы, падумайце, колькі дрэў вы пасадзілі. Гэта ж здароўе. Падумайце пра дзяцей».

Ён таксама патрабаваў выключыць практыку, калі забудоўшчыку дазваляюць адкарэктаваць праект і не будаваць паркінгі, аб'екты сацыяльнага прызначэння і не займацца добраўпарадкаваннем.

Пра экалогію ў раёне непакояцца яшчэ і таму, што адразу за садам плануецца будаўніцтва дарогі.

— Лясочак з боку Сухарава падсеклі капітальна летась. Спачатку там будавалі дарогу — працяг вуліцы Маршала Лосіка. Згодны, гэта дарога гораду патрэбна, яна прасілася. Але навошта яшчэ адна? Тым больш у горадабудаўнічым праекце напісана, што важна захаваць каштоўнае балота Сухарава, якое якраз там знаходзіцца, — звяртаюць увагу мясцовыя на супярэчнасці.

Улады гатовы прыслухацца

У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама пацвярджаюць: быў распрацаваны дэталёвы план рэканструкцыі і ўладкавання нядобраўпарадкаваных азялененых тэрыторый у раёне вуліц Гарэцкага і Рафіева. Там меркавалася пабудаваць пляцоўкі для гульняў і адпачынку, альтанкі, пешаходныя і веладарожкі, малыя архітэктурныя формы. А шматфункцыянальны культурна-відовішчны цэнтр задумваўся для жыхароў прылеглых буйных раёнаў — Паўднёвага Захаду, Малінаўкі, Сухарава.

На пытанне, ці вывучалася, як гэта ўсё адаб'ецца на экалогіі, падрабязнай інфармацыі атрымаць не ўдалося. «Распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ахову найболей каштоўных раслінных комплексаў, а таксама на павышэнне рэкрэацыйных магчымасцяў і эстэтычных характарыстык тэрыторыі», — толькі сказана ў атрыманым газетай адказе за подпісам намесніка старшыні камітэта Вольгі ВЕРАМЕЙ.

Будаўніцтва дарогі за садам — праектаванай вуліцы № 11 (працяг Мачульскага) — тлумачаць тым, што трэба забяспечыць дадатковую сувязь мікрараёнаў Сухарава і Малінаўка. «Для трасіроўкі вуліцы вылучаны ўчастак, на якім адсутнічаюць зялёныя насаджэнні. Дадзенае праектнае рашэнне прынята ў адпаведнасці з генеральным планам Мінска», — зазначаюць у камітэце.

Але да мясцовых жыхароў гатовы прыслухацца. Па выніках грамадскага абмеркавання будаўніцтва культурна-відовішчнага цэнтра вырашылі выключыць з дэталёвага плана.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Яб­лы­ні раз­ла­ду

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.