Вы тут

«Хацелася б, каб кніга засталася з намі назаўжды»


Ролю кнігі ў фарміраванні культуралагічнага, духоўна-маральнага складніка развіцця грамадства абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, што прайшоў у сталічным храме-помніку ў гонар Усіх Святых у межах ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Думкамі, развагамі і прапановамі наконт папулярызацыі чытання, важнасці кнігі як неад'емнай часткі адукацыі і выхавання новага пакалення абмяняліся прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў, праваслаўнай і каталіцкай канфесій, вядучыя кнігавыдаўцы, даследчыкі мовы і літаратуры, сучасныя пісьменнікі.


Як падкрэсліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі, гэта сустрэча — важная падзея не толькі для творчых людзей, яна мае дзяржаўную значнасць: «Хацелася б, каб незалежна ад развіцця тэлебачання і інтэрнэту, з'яўлення новых тэхналогій кніга засталася з намі назаўжды. Бо менавіта кніга дае нам магчымасць творча і крытычна разважаць аб жыцці чалавека, аб тым, хто мы ёсць на зямлі і што адбываецца вакол нас, задумацца пра мінулае, цяперашні час і, вядома, будучыню».

...Ці патрэбная сёння кніга ў яе традыцыйным фармаце, ці варта ацэньваць каштоўнасць літаратуры катэгорыямі «падабаецца / не падабаецца» або нейкімі іншымі крытэрыямі, і на што мусяць рабіць упор сучасныя аўтары — на мараль і духоўнасць альбо толькі на забаву чытача? Толькі адказаўшы на гэтыя пытанні, можна выпрацаваць агульную стратэгію развіцця ўсёй кнігавыдавецкай галіны, падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. Ён, дарэчы, расказаў, што падчас выстаўкі ў ведамстве робяць своеасаблівы зрэз чытацкай цікавасці — просяць актыўных чытачоў, а таксама выдаўцоў, прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і саміх літаратараў скласці спіс кніг, вартых увагі і прачытання. У доўгатэрміновай перспектыве Мінінфармацыі плануе стварыць паводле гэтага маштабнага апытання адмысловую бібліятэку з рэкамендаваных кніг, магчыма, у аўдыяфармаце.

Нягледзячы на шматбаковасць і разнастайнасць сучаснай літаратуры, часта ў кнігарнях на самым бачным месцы, на першых паліцах стаяць творы, якія карыстаюцца ў пакупнікоў папулярнасцю, але іх змястоўная і духоўная каштоўнасць выклікаюць пытанні, заўважыў падчас дыскусіі епіскап Юрый Касабуцкі. На яго думку, добрая кніга сапраўды фарміруе асобу, але каб чалавек меў магчымасць знайсці і выбраць сапраўды добрыя кнігі, трэба не абмяжоўвацца толькі хрэстаматыямі ды спісам неабходнай літаратуры для школьнай праграмы, але дапамагаць сарыентавацца і дарослым, што варта пачытаць: «Чаму б не зрабіць пры падтрымцы дзяржавы такі сацыяльны праект у СМІ, як рэклама добрай кнігі — гістарычнай, навуковай, мастацкай і г. д.?»

«Без кніг мы не вырасцім вучоных багасловаў, філосафаў і экспертаў. Вось чаму нашы дзеці павінны абавязкова чытаць «Вайну і мір», «Злачынства і пакаранне», пісаць у школе сачыненні і вучыцца разважаць, крытычна мысліць, адрозніваць добрае ад дрэннага», — адзначыў настаяцель Усіхсвяцкага прыходу протаіерэй Фёдар Поўны.

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі найважнейшыя задачы, што мусяць ставіць перад сабой сучасныя пісьменнікі, пагаварылі аб тым, як стымуляваць любоў да чытання ў дзяцей і як скласці ідэальны падручнік па літаратуры, прыйшоўшы да высновы, што падобныя сустрэчы варта рабіць больш шырокімі — магчыма, з удзелам бацькоў і педагогаў, а магчыма, у выглядзе тэлевізійных дыскусій папулярных аўтараў з дзецьмі і падлеткамі.

Акрамя таго, былі прэзентаваныя некалькі кніг: адмысловае выданне «Евангелля», а таксама прадстаўленыя ў серыі «Жыццё знакамітых людзей» біяграфічныя кнігі «Патрыярх Кірыл» і «Ісус Хрыстос» мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна і «Айцец Іаан (Крэсцьянкін)» Вячаслава Бандарэнкі.

Больш падрабязна пра тэмы і прапановы, якія былі агучаны ў ходзе круглага стала, «Звязда» раскажа ў аўторак, падводзячы вынікі ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Стаўка на духоўнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.