Вы тут

Да наступнай зімы ў Беларусі наладзяць вытворчасць якасных айчынных лыж


Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік дзяржавы на зімовым спартыўным свяце "Мінская лыжня - 2019". Дарэчы, каманда Прэзідэнта атрымала перамогу ў эстафеце.


На пытанне ад тым, ці змогуць беларускія вытворцы лыж скласці канкурэнцыю сусветным, Аляксандр Лукашэнка адказаў наступнае:

«Я вам абяцаю, што ў нас будуць добрыя лыжы. Вядома, для такога ўзроўню, як Даша Домрачава або Надзя Скардзіна, мы будзем выбіраць з сотняў пар вядучых лыжных фірмаў адны лыжы. Не думайце, што Домрачава бяжыць на абы-якіх лыжах. Гэта з тысячы пар яна абрала адну».

Беларускі лідар распавёў пра ўласны досвед падбору лыж: улетку ён папрасіў вытворцу Fischer зрабіць лыжы спецыяльна пад сябе. У выніку кіраўнік дзяржавы атрымаў лыжы не толькі ад гэтай кампаніі, але і ад яе даччынага прадпрыемства ў падарунак - сумарна дзясятак пар. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка перадаў іх спецыялістам і айчынным спартсменам на этап Кубка свету і папрасіў выпрабаваць іх, каб адабраць лепшую пару.

«З дзесяці пар адну выбралі. І тое, кажуць, гэта лепшая, але не самая добрая», - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, усё залежыць ад мэт лыжніка - хтосьці катаецца на вынік, хтосьці - для здароўя. Дарэчы, сёння на "Мінскай лыжні" Прэзідэнт быў вымушаны змяніць лыжы, паколькі першая пара «не пайшла».

«Лыжы - гэта не так проста стварыць і дацягнуцца да самай верхатуры. Я такой задачы перад спецыялістамі не стаўлю. Нам трэба лыжы для таго, каб падрыхтаваць спартсменаў. А падрыхтаваўшы спартсмена, тым больш вялікага, як нашы дзяўчынкі Дашка (Домрачава) і Надзя (Скардзіна), мы ім купім і па тысячы пар, і абярэм лепшыя, толькі галоўнае, каб яны бегалі», - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Мікалай Лукашэнка.

Беларускі лідар зноў падкрэсліў: лыжы мы зробім - гэта не пытанне. Пытанне ў часе - гэта адзін год. «Да наступнай зімы мы будзем мець добрыя лыжы, чаравікі - зрабілі, палкі - зрабілі, усё - зрабілі. «Марка» мне перадалі чаравікі - выдатныя. Першыя забракаваў, другую пару перадалі - выдатныя. Трымаюць добра лыжу, малайцы», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, лыжы для пачаткоўцаў у нас ёсць, неабходна зрабіць іх для сярэдняга ўзроўню і вышэйшага, каб падрыхтаваць спартсменаў. «Мы гэтыя лыжы зробім. А пакуль закупілі лыжы недарагія, тое, што мы не можам зрабіць, 13 тысяч пар. Ужо забяспечылі ўсіх», - сказаў ён.

Але бяда яшчэ ў тым, дадаў кіраўнік дзяржавы, што не ўсе імкнуцца катацца на лыжах, асабліва гэта тычыцца школ. «Хіба гэта нармальна? Лыжы дай, скажы, што гэта добра, а потым яшчэ і за руку цягні на трасу. Што за бацькі, я не разумею. Дзяцей трэба абавязкова выхоўваць у гэтым плане - менш хварэць будуць, гэта факт», - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён распавёў, што ў савецкі час нарматыў па лыжах прыходзілася выконваць. Больш за тое, кіраўніку дзяржавы ў бытнасць вучнем нават выдавалі лыжы дадому. «Ну дык у нас магчымасці якія. Трохі абленаваліся бацькі, трэба іх выцягнуць на трасу», - дадаў ён.

На пытанне аб тым, як ён мяняў распарадак дня для падрыхтоўкі да «Мінскай лыжні», Прэзідэнт адзначыў, што гэта яго звычайнае жыццё і на лыжах ён бегае з дзяцінства. «Ну а зараз я проста абавязаны гэта рабіць, каб іншыя следам бегалі. Таму не, нічога не мяняў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ну так, хакей адмянілі апошнія два тыдні і займаліся толькі лыжамі».

Беларускі лідар звярнуў увагу, што асабісты прыклад бацькоў вельмі важны, і адзначыў, што яго дзеці таксама катаюцца на лыжах. Дарэчы, малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай удзельнічаў у гонцы ў складзе каманды Прэзідэнта.

Для гасцей грошай не шкадаваць

Апошняе пытанне кіраўніку дзяржавы: ці прыносіць стаўка на спорт супамерныя дывідэнды - асабліва ў кантэксце маючых адбыцца Еўрапейскіх гульняў. У адказ Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў:  такія мерапрыемствы значна ўплываюць на імідж краіны на міжнароднай арэне, бо людзі, якія раней мала што чулі пра Беларусь, сапраўды дзівяцца прыгажосці нашай краіны. «Я думаю, яны (турысты і заўзятары) тройчы ахнуць (калі прыедуць у Беларусь летам). За гэта, за імідж краіны, за сапраўдны піяр краіны цяпер плацяць сотні мільёнаў долараў. Мы нічога не плацім - мы паклікалі людзей, накармілі, напаілі, спаць паклалі», - адзначыў ён.

Дар'я Домрачава.

Таксама ён распавёў аб будучым лёгкаатлетычным матчы зборнай Еўропы і ЗША, якія пройдзе у Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што марыў пра гэта, прасіў кіраўніка Міжнароднай Федэрацыі лёгкай атлетыкі прывезці ў Беларусь такі матч. «Вы ўяўляеце, якое гэта будзе свята? Гэта не ніжэй за ўзровень, чым Еўрапейскія гульні. Таму тое, што да нас едуць людзі, тое, што яны з'язджаюць заўсёды з добрым настроем, тое, што яны захоплены нашай краінай, - пагадзіцеся, гэта нават не сотні мільёнаў долараў, гэта ўжо мільярды. Гэта інвестыцыі, можа быць, не ў нас з вамі, мы ўжо паглядзелі з вамі свет. А вось для нашых дзяцей, унукаў, гэта вялікі падмурак - няхай толькі яны гэтым скарыстаюцца», - дадаў ён.

Прэзідэнт рэзюмаваў: не трэба шкадаваць грошай, каб запрасіць да сябе гасцей.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.