Вы тут

Фільм пра жыццё і любоў у сучаснай Арктыцы


Фільм пра жыццё і любоў у сучаснай Арктыцы

Мае веды пра індзейцаў абмяжоўваюцца «Апошнім з Магікан» і «Зверабоем» Джэймса Фенімора Купера. А вось веды пра эскімосаў нечакана шырацца фільмам Роберта Флаэрці «Нанук з Поўначы», знятага на плёнку. Пра эскімоскія пацалункі еўрапейцы, дарэчы, ведаюць менавіта з гэтага фільма. Пра пацалункі ведае шмат хто, а пра сам фільм — значна меньшая колькасць людзей. І гэта добрая нагода звярнуцца да эскімоскай культуры ў кінематографе.

Казкі народаў свету — гэта шматтомная гісторыя стварэння свету і тлумачэнне таго, як у ім жыць, варажыць, паміраць. Спачатку чалавек не разумеў, як утварыліся выспы, чаму дзень змяняецца ноччу, чаму ідзе дождж. Цяпер такія фізічныя з’явы здаюцца зразумелымі і будзённымі. Яны не патрабуюць міфалагічных тлумачэнняў, бо ёсць досыць простыя фізічныя тлумачэнні. У дваццатым стагоддзі ўспрыманне рэальнасці ламала ўжо іншае: радыяцыя (як яна можа забіваць, калі я не магу яе ўбачыць?); фота (як выяўляецца аблічча без фарбаў і мастака?); кіно (як камера прымушае рэальнае зноў і зноў паўтарацца?). І перад фотаапаратам без батарэек з двадцатага стагоддзя я адчуваю сябе як перад магічнай істотай, у якую мне будзе прасцей паверыць праз міф. Нават дзіўна: я вывучала механізм «фотакамеры» па Клодзе Леві–Стросе і Мірчы Эліядэ, а не па самой «камеры»: са шматлікіх тамоў казак народаў свету ў мяне прачытаны толькі еўрапейскія. І вось з'явілася нагода дастаць «Казкі народаў Амерыкі». Спалучэнне фільма Роберта Флаэрці і эскімоскіх казак — тое, што дазваляе навучыцца разумець людзей поўначы, вывучыць, з чаго складаецца «камера» іншай культуры.

«Нанук з Поўначы» — гэта дакументальны чорна–белы фільм пра жыццё эскімосаў, зняты ў 1922 годзе. Ён — прыклад таго, як інфармацыя, сабраная дакументалістам на пачатку дваццатага стагоддзя, можа не страчваць сваёй актуальнасці. У дваццаць першым стагоддзі мае веды пра эскімосаў (да першага прагляду фільма) абмяжоўваліся інфармацыяй пра тое, што яны жывуць у ледзяных дамах: бездань недасведчанасці, якая закрываецца інфармацыяй, сабранай шмат гадоў таму.

«Нанук з Поўначы» — нямая карціна з музычным суправаджэннем і ўрэзкамі тэкста, якія тлумачаць, што адбываецца на экране. Чорныя палотны англійскага тэксту цяпер вельмі зручна чытаць: можна паставіць паўзу на ўласным экране. Тэкст створаны для таго, каб даць кантэкст, у якім адбываецца дзеянне, — такая дадатковая магчымасць зразумець. І гэтак жа рэжысёр дае чорныя кадры, дзе напісаны словы мовы эскімосаў з англамоўным перакладам. Ён знаходзіць магчымасць паказаць іншую мову нават у нямым кіно.

Хранаметраж — семдзесят восем хвілін — для чорна–белага нямога кіно ўспрымаецца цяпер як досыць вялікі. Але чаму я глядзела яго лёгка і не адзін раз?

Рэжысёр зрабіў этнаграфічнае кіно пра выжыванне. Для нас выжыванне — гэта пераадольванне. Для нас усё, што адбываецца на экране, — пастаянная барацьба з прыродай. Але пра выжыванне яно — для нас, не для герояў. Бясконцыя снежныя палі — гэта складанасць для нас і частка натуральнай рэальнасці для эскімосаў. Праз кантраснае ўспрыманне таго, што адбываецца на кінастужцы і па–за ёю, фільм і робіцца прыцягальным.

Яшчэ ад навукова–тэхнічнага прагрэсу ў нас засталіся думкі пра «перамагчы прыроду». Цяпер мы ўсімі сіламі спрабуем перажыць гэтае ўяўленне: з'яўляюцца экастыль, раздзельны збор смецця, экалагічна чыстыя тавары — мы ратуем прыроду, мы яе сябры і гэтак далей. Але мы ўсё роўна не адчуваем сябе яе часткай. Эскімоскія казкі даюць магчымасць аднавіць сэнс зацёртых слоў «быць часткай прыроды». Прырода захоўвае і паважае цябе — гэтак жа, як ты захоўваеш і паважаеш яе. І вы не бераце адзін у аднаго больш, чым трэба. Калі прыкладаць гэта да нашага тэхнагеннага свету, то мы дакладна раззлавалі бостваў прыроды ў папярэдніх стагоддзях і жывём цяпер у абарончай пазіцыі. І менавіта «быццё часткай прыроды» ў варожым для нас клімаце шакіруе, здзіўляе і — прываблівае.

— Не плач, як–небудзь пражывём!

І толькі яна гэта сказала, ляціць чайка з рыбай ў дзюбе.

— Кіцекі, кіцекі! — крычыць. — Вось вам ежа!

І кінула рыбу проста на крыгу. Падзялілі сёстры рыбу — хапіла надоўга!

Зноў сёстры прагаладаліся. Заплакала малодшая, а старэйшая яе суцяшае:

— Не плач, як–небудзь пражывём!

І толькі яна гэта сказала, вынырнуў побач морж.

— Уік, ўік! — крычыць. — Вось вам ежа!

І кінуў ракавінкі проста на крыгу. Наеліся сёстры і яшчэ назапасілі.

(«Як сёстры шукалі шчасце на чужыне»)

Экзатычнасць робіць фільм прыцягальным — хочацца глядзець далей, таму што ты нават не ўяўляеш, што далей, бо не ўяўляеш, як жывуць эскімосы: як даглядаць малое дзіця ў снежнай пустэчы, як здабыць ежу там, дзе нават алені яе для сябе не знаходзяць, як спаць у доме, дзе нічога няма, акрамя снегу, кацялка і скур. Нават улічваючы якасць адлічбаванага плёнкавага малюнка 1922 года, разрыў паміж нашай рэальнасцю і той — практычна стагоддзе, адчуванне навізны і ўсё яшчэ экзотыкі штурхае глядзець далей.

Як бы экзатычна ні ўспрымалася карціна, яна зроблена вельмі вытанчана і карэктна. Тут няма рэжысёрскай перавагі «белага чалавека» над карэнным народам. У той час у культуры яшчэ было замацавана пачуццё перавагі над народамі, чый лад жыцця адрозніваецца ад еўрапейскага. І далёка не ва ўсіх галовах гэтая «замацаванасць» зруйнавалася. І «белыя людзі» адчувалі неабходнасць несці асвету неразумным, гледзячы на ўсё праз еўропацэнтрысцкае светаўспрыманне. «Нанук з Поўначы» адрозніваецца тым, што рэжысёр збірае хроніку, робіць інсцэніроўкі, якія не маюць ацэнкі, транслююць роўнасць з іншасцю.

У шматлікіх народаў свету ёсць легенды пра нябачных людзей, якія жывуць недзе побач. Такія легенды ёсць і ў нас. У эскімосаў таксама ёсць свой нябачны народ, які жыў з людзьмі ў даўнія часы, калі свет яшчэ быў малады. Агульныя кропкі міфалогіі дапамагаюць мне, набліжаюць да аднаго з карэнных амерыканскіх народаў.

Аднойчы падчас стаянкі адзін злы чалавек выхапіў нож і закрычаў:

— Навошта гэтыя істоты ідуць за намі па пятах?!

І кінуў нож проста ў ледзяную сцяну снежнага дома. Нож афарбаваўся крывёю, а духі зніклі ў той жа момант.

Ніколі больш не бачылі людзі, як будуецца сам сабою снежны дом паблізу іх стаянкі. Назаўсёды страцілі яны сваіх маўклівых нябачных спадарожнікаў.

(«Чаму горы каля ракі Гортон дымяцца»)

Прывабным чужую культуру робіць мяккі гумар. Менавіта праз гумар рэжысёр паказвае, што жыццё складаецца шмат з чаго, не толькі з пераадолення: дзеці катаюцца на санках з горкі, дзеці гуляюць са шчанюком, бацька вучыць сына страляць з лука ў снежнага зайца. І камічныя сцэны ствараюцца з–за рознасці культур: колькі чалавек змяшчаецца ў адну эскімоскую лодку ці як маці хавае дзіця пад сваім капюшонам. Усё гэта здаецца нязвыклым, мілым, пацешным.

Усю ноч працягваліся скокі. А ранкам госці ўсім натоўпам вывалілі вонкі, упалі на карачкі і разбегліся ў розныя бакі. Бо гэта былі не людзі, а ваўкі, расамахі, рысі, лісіцы — звяры, якіх даслала арліца, каб Тэрыяку не прыйшлося доўга шукаць гасцей.

Выходзіць, такую вялікую ўладу мае радасць, што можа нават ляснога звера ператварыць у чалавека.

(«Як людзі навучыліся весяліцца»)

Фільм нямы, але музыка Стэнлі Сільвермана ў спалучэнні з візуальнай часткай стварае ўспрыманне, пры якім мозг сам дабудоўвае адсутныя элементы. На экране сцэна, дзе вые важак зграі, — і я быццам сапраўды чую гэта выццё.

«Нанук з Поўначы» — гэта бытавы фільм на перакрыжаванні дакументалістыкі і драмы, які дазваляе адчуць, якая яна — халодная Амерыка, у якой яшчэ няма белых людзей.

Трыкстэры ёсць і ў эскімоскай культуры. Напрыклад, крумкач, які можа стварыць востраў, можа падманам забіраць ежу ў звяроў, можа даць людзям святло і навучыць іх есці мяса. Крумкач стаіць на скрыжаванні хітрасці і глупства, свайго і чужога, гаспадара і памочніка, адначасова з’яўляючыся ў гэтым свеце ўсім і нічым.

Жыў на свеце крумкач, і быў той крумкач вельмі стары. Многае пабачыў ён на белым свеце і шмат што ведаў.

Вось аднойчы шпацыруе крумкач па беразе, глядзіць — ля мыса астравок плавае. Спадабаўся крумкачу астравок. Узваліў ён яго на плечы, аднёс убок, а каб не знесла, прывязаў мацней вяроўкай.

На наступны дзень прыйшоў і сам сабе здзівіўся:

— Навошта мне гэты абгрызены праснак?

Перарэзаў крумкач вяроўку, адштурхнуў востраў ад берага і пайшоў.

(«Як з'явіўся востраў Нунівак»)

Святлана КУРГАНАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.