Вы тут

Хто прыме ўдзел у конкурсе «Сто ідэй для Беларусі» ад Гродзеншчыны?


У абласным туры было прадстаўлена больш за 30 наватарскіх распрацовак. На прэзентацыі можна было ўбачыць прамысловыя, аграрныя, экалагічныя, сацыяльныя праекты. Значную частку склалі распрацоўкі з выкарыстаннем ІТ-тэхналогій.


Напрыклад, у ліцэі № 1 Гродна распрацавалі мабільную праграму для вандроўнікаў. Яна дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй горада ў пэўным ракурсе — турыстычным, культурным ці духоўным. Галоўнае — тут ёсць карты. Праграма мае англамоўны варыянт. А ў будучыні яна будзе на польскай і літоўскай мовах. Яе можна спампаваць па QR- кодзе і ўсталяваць на мабільны тэлефон. Ліцэісты маюць намер распрацаваць такую праграму для іншых рэгіёнаў Беларусі.

Сапраўдную мару для дачнікаў прапануюць вучні з СШ № 12 Гродна. Гэта цяпліца на дыстанцыйным кіраванні. Для адпаведнага мікраклімату яе трэба абсталяваць электроннай начынкай. Аўтаномнасць забяспечаць сонечныя батарэі. Юныя распрацоўшчыкі напачатку вывучылі асаблівасці росту агароднінных культур, іх светлавы, цеплавы і харчовы рэжымы. У прамысловых маштабах існуюць такія аналагі, а школьнікі прапануюць дачны варыянт цяпліцы, якая будзе кіравацца праз інтэрнэт. Магчыма, гэта цяпліцы будучыні...

Больш прыземлены праект, але даволі цікавы, прэзентавала маладая маці ў дэкрэце Кацярына Юрэвіч. Яна прапануе альтэрнатыву дзіцячым артапедычным дыванкам і магнітна-масажным вусцілкам для ступняў. Кацярына прапануе прыстасаваць да шкарпэтак бусінкі для масажу. Можна да артапедычнай вусцілкі дадаць некалькі масажных элементаў для паляпшэння кровазвароту. Гэта могуць быць дробныя элементы з розных прыродных матэрыялаў — дрэва ці гліны.

Тэму вусцілак, але з тэхнічным ухілам, прадставіла і Паліна Жак са Слоніма. Яна прапануе выкарыстоўваць для сушкі абутку вугляродную стужку, якая прашываецца ўнутры вусцілкі. У параўнанні з прамысловым аналагам, кажа Паліна, менш выгарае кіслароду, да таго ж напружанасць у электрасетцы не 220 вольтаў, а ўсяго 12.

Дзяўчына таксама прапануе выкарыстоўваць вугляродную стужку для падагрэву аўтамабільных крэслаў. Такая ідэя ўзнікла ў выніку назірання за татам і яго старым аўтамабілем, расказвае Паліна. Каб ён не мёрз, пакуль рухавік машыны не працуе, дачка і прыдумала яму такую грэлку-накідку. Гэты праект, дарэчы, абраны на рэспубліканскі конкурс.

У ліку пераможцаў абласнога тура і старшакласнік Іван Сільвановіч са Скідзеля. Яго вынаходства звязана з шырокім выкарыстаннем п'езаэлемента. Напрыклад, можна замяніць на яго батарэйкі ў аўтамабілях, якія выкарыстоўваюцца пры разблакіроўцы сігналізацыі. Альбо дадаць у красоўкі, якія будуць зіхацець. Але ўсё гэта дробязі, кажа Іван. П'езаэлектрычнасць можна выкарыстоўваць больш маштабна. Напрыклад, прымацаваць п'езаплёнку да дарожнага палатна, каб аўтамабілі падчас руху па дарозе выпрацоўвалі электраэнергію для асвятлення яе ліхтарамі. Па словах хлопца, гэтая ідэя прыйшла ў працэсе роздуму, як атрымаць электраэнергію без шкоды для навакольнага асяроддзя.

— Зараз галоўны трэнд — гэта тэхналагічныя праекты, — заўважае член экспертнай камісіі Алег Каршук. — Новая генерацыя моладзі сваімі тэхнічнымі прапановамі можа вырашыць пэўную задачу народнай гаспадаркі. За гэтым будучыня, і прырост такіх праектаў сёлета заўважны. Пераважаюць праекты, якія створаны на стыку навук. Напрыклад, «разумнае» земляробства і ІТ-тэхналогіі, іх аб'яднанне дае прарыўны варыянт. Гэта галоўны кірунак, на які вядуць паляванне інвестары.

Аб будучым стартапе марыць студэнтка ГрДУ Дар'я Раманоўская. Яна займаецца распрацоўкай тэхналогіі вырабаў з палімераў высокага ціску на прыкладзе смеццесартавальнага завода пад Гроднам. У перапрацоўку такія адходы амаль не ідуць (малочныя пакеты, пакеты для смецця і інш.). Даша лічыць, што з непрыдатнага пластыку можна рабіць паілкі і кармушкі для жывёл на фермах ці нават агароджу. Студэнтка расказала, што тэхналогія распрацавана, не хапае толькі абсталявання. Калі знойдзецца партнёр, яна зможа зарэгістравацца ў якасці рэзідэнта тэхнапарка і працягваць свой праект, які, дарэчы, таксама ўвайшоў у пяцёрку найлепшых.

— Ідэя конкурсу не толькі у тым, каб выбраць канкрэтны праект, але і ў тым, каб вырасціць ініцыятыўных дзяцей, даць ім магчымасць маштабавання маленькага праекта, — разважае Алег Каршук. — Для гэтага вялікіх грошай не трэба. Напрыклад, у краінах-суседках гэта вядзецца ў рамках адукацыйных структур. А калі з'яўляецца прадукт, які можна прадаць, яго прадстаўляюць адразу ў некалькіх краінах, і гэта дае значны эканамічны эфект і выклікае зацікаўленасць у дзяцей. Гэта тая тэхналагічная будучыня, якая дасць развіццё наступным пакаленням. А таксама новыя ідэі для самарэалізацыі, да чаго зараз многія імкнуцца.

На рэспубліканскі конкурс таксама выбраны праект школьнікаў Зэльвенскай гімназіі. Яны прадставілі курс па фінансавай адукаванасці праз дыстанцыйнае навучанне. Зацікавіла камісію і медыцынская распрацоўка маладога ўрача Іаанны Івашкі аб спосабе ўзнаўлення цэласнасці барабаннай перапонкі пасля траўмы. Для гэтага яна прапануе выкарыстаць аўтафібрынную плёнку, атрыманую з крыві самога пацыента. Вызначыла камісія і сацыяльны праект маладых педагогаў СШ № 35 Гродна. Пры падтрымцы валанцёраў яны ствараюць тактыльныя кнігі для дзяцей з аслабленым зрокам.

Маргарыта Ушкевіч

Фота Яраслава Ванюкевіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.

Грамадства

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.

Эканоміка

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка.

Грамадства

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.