Вы тут

У Міністэрстве адукацыі агучылі асноўныя задачы галіны на найбліжэйшы год


Якая форма атэстацыі найбольш эфектыўная ў школе? Чаму раней выпускнікі пісалі сачыненне, а сёння здаюць пераказ? Ці можа тэст даць аб'ектыўную ацэнку ведаў? Якім павінен быць экзамен: вусным, каб дзеці канчаткова не развучыліся фармуляваць свае думкі і разважаць, або пісьмовым, які ў большай ступені застрахаваны ад суб'ектывізму? Адназначных адказаў на гэтыя пытанні пакуль няма. Але на нядаўняй нарадзе ў кіраўніка дзяржавы міністр адукацыі заявіў пра магчымасць змянення формы выпускных іспытаў на выхадзе са школы. На калегіі свайго ведамства, дзе падводзіліся вынікі работы галіны за мінулы год і ўзгадняліся планы на бягучы, Ігар Карпенка крыху прыадкрыў заслону над будучым: «Існуючая форма выніковай атэстацыі таксама выклікае дадатковую нагрузку на школьнікаў, таму Міністэрствам адукацыі сумесна з настаўнікамі-практыкамі, метадыстамі, навукоўцамі прапрацоўваюцца магчымыя варыянты яе правядзення. Мы зможам разгрузіць выпускнікоў адзінаццатага класа, увязаўшы па форме і змесце выпускныя экзамены са здачай цэнтралізаванага тэсціравання», — паведаміў ён.


Ці аб'ектыўная школьная адзнака?

Відавочна, што ранейшая рэйтынгавая сістэма падліку балаў на ЦТ для выпускной атэстацыі зусім не падыходзіла. Але сістэму падліку балаў на ЦТ спрабуюць змяніць так, каб новая методыка дазваляла супаставіць узровень ведаў абітурыента, прадэманстраваных на ЦТ, з яго школьнымі ведамі. Да таго ж новая методыка, як лічаць у міністэрстве, дазволіць зняць псіхалагічны барьер, які ўзнікаў у абітурыентаў пасля атрымання нізкіх балаў. Але што, калі школьныя адзнакі зноў не будуць пацвярджацца? Усё ж такі ЦТ — незалежная і аб'ектыўная форма ацэнкі ведаў... Няўжо ўсе выдатнікі, каб пацвердзіць свой школьны ўзровень, будуць набіраць на ЦТ ад 90 да 100 балаў? Ці магчыма такое?

Летась Міністэрствам адукацыі ўпершыню былі праведзены рэспубліканскія кантрольныя работы па матэматыцы ў сёмым класе і па геаграфіі — у дзясятым. «Мы хацелі даведацца, наколькі аб'ектыўна ацэньваюць навучэнцаў у школе, — паведаміў на калегіі Ігар Карпенка. — Вынікі проста здзівілі: па матэматыцы 60 % навучэнцаў не пацвердзілі адзнакі, выстаўленыя школьнымі настаўнікамі. Колькасць навучэнцаў, якія атрымалі за рэспубліканскую кантрольную работу па матэматыцы адзнакі 9 і 10 балаў, аказалася меншая на 8 працэнтаў, 7—8 балаў — на 18 працэнтаў. Ёсць падстава задумацца, чаму ў школах завышаюцца адзнакі. У гэтым навучальным годзе рэспубліканскія кантрольныя работы пройдуць у 10 класах па гісторыі Беларусі, матэматыцы, рускай і беларускай мове ў шэрагу школ, а таксама ва ўсіх гімназіях і ліцэях».

Між іншым, на міністэрскай кантрольнай па геаграфіі не змаглі пацвердзіць свае школьныя адзнакі 87 (!) працэнтаў дзесяцікласнікаў.

Чаму стамляюцца вучні...

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі па ўсіх вучэбных прадметах ажыццяўляецца пераход на абноўленыя навучальныя праграмы. Ён завершыцца ў 2021—2022 навучальным годзе. Па новых праграмах ужо навучаюцца вучні з першага па восьмы класы. За тры апошнія гады былі абноўлены і выдадзены 144 навучальныя дапаможнікі. Да 1 верасня гэтага года абновяць яшчэ 73.

Міністэрства адукацыі зараз аналізуе ўкараненне новых праграм і падручнікаў у адукацыйны працэс, вывучае меркаванне педагогаў, вучняў і іх бацькоў.

«У цэлым праграмы і падручнікі пазітыўна ўспрымаюцца ў школах», — падкрэслівае міністр адукацыі і прыводзіць у якасці пацвярджэння сваіх слоў вынікі анлайн-анкетавання па пытаннях зместу абноўленых навучальных праграм для 7—8 класаў. У даследаванні прынялі ўдзел больш за 31 тысячу настаўнікаў-практыкаў. Амаль 88 % апытаных выказалі меркаванне, што далейшае спрашчэнне зместу праграм не патрабуецца.

Па выніках іншага даследавання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, амаль 77 % навучэнцаў і 75 % бацькоў задаволеныя якасцю школьных падручнікаў. Пры гэтым выказваюцца некаторыя заўвагі, якія датычацца праблем з перагрузкай.

— Мы бачым, што праблема перагрузкі школьнікаў не столькі ў праграмах, колькі ў якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў, у арганізацыі працы настаўніка, у яго метадычнай адукаванасці. У тым, які аб'ём заданняў настаўнік задае на дом, як ён рыхтуецца да заняткаў, наколькі кваліфікавана выкарыстоўвае матэрыял падручнікаў і дапаможнікаў у рабоце з вучнямі. У гэтым кірунку павінна быць сканцэнтраваная наша работа, якая ўключае выданне для настаўнікаў-прадметнікаў адпаведных метадычных дапаможнікаў, арганізацыю павышэння кваліфікацыі па методыцы выкладання, — кажа міністр. — Перагрузка вучняў можа быць выклікана і тым, што замест устаноўленай санітарнымі нормамі і вучэбнымі планамі максімальна дапушчальнай сярэдняй колькасці вучэбных і факультатыўных заняткаў (6—7 у дзень у 7—8 класе) па жаданні бацькоў уводзяцца дадатковыя платныя ўрокі (замест аднаго — некалькі профільных прадметаў або другая замежная мова), якія прыводзяць да разумовага і фізічнага знясілення.

Ігар Карпенка запэўнівае, што пазіцыя міністэрства па забеспячэнні даступнасці якаснай адукацыі для кожнага навучэнца будзе заставацца нязменнай. Справядлівай, на яго думку, стала адмена экзаменаў у пяты клас гімназій. Цяпер адораныя дзеці могуць навучацца ў любой установе адукацыі, паколькі і ў звычайных сярэдніх школах ёсць магчымасць вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні ў 5—8 класах. «Адмену экзаменаў падтрымалі 88,8 % бацькоў і 90,7 % настаўнікаў, — паведаміў ён на калегіі. — А ў будучыні плануецца стварыць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, які дакажа, што ёсць і іншыя, больш эфектыўныя формы адбору таленавітых дзяцей, чым экзамены ў гімназіі...»

Ці проста трапіць да дырэктара школы?

У бягучым навучальным годзе для вучняў 10—11 класаў школ быў уведзены прадмет «Працоўнае навучанне». Для арганізацыі адукацыйнага працэсу вызначаны пералік, які ўключае больш за 70 прафесій. Ён фарміраваўся з улікам рэальных магчымасцяў устаноў адукацыі, запытаў навучэнцаў, патрэб рынку працы і запатрабаванасці прафесій у рэгіёне.

З мэтай папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій з 1 верасня адкрыліся профільныя класы аграрнай накіраванасці. «Прашу ўзяць пад асаблівы кантроль забяспечанасць такіх класаў неабходным абсталяваннем і метадычнымі матэрыяламі, — звярнуўся да прадстаўнікоў рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй Ігар Карпенка. — Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму прапрацавана таксама пытанне аб адкрыцці профільных класаў спартыўна-педагагічнай накіраванасці».

Па словах кіраўніка галіны, аналіз зваротаў у Міністэрства адукацыі сведчыць аб недастаткова якаснай рабоце з грамадзянамі на месцах: кожны трэці зварот мог быць вырашаны на ўзроўні вобласці, раёна або нават школы...

— Напрыклад, дзіця — гіперактыўнае, а школа адразу накіроўвае яго на камісію па справах непаўналетніх, бо так прасцей, — прывёў ён канкрэтны прыклад. — А дзе сацыяльныя педагогі, дзе псіхолагі, нашы сацыяльна-педагагічныя цэнтры, надзеленыя для гэтага спецыяльнымі функцыямі? На працягу двух гадоў адным з самых праблемных застаецца таксама пытанне некарэктных паводзін членаў адміністрацыі і іншых педагагічных работнікаў устаноў адукацыі: кожны дзясяты зварот прысвечаны гэтай тэме. Скажу шчыра: трапіць на прыём да некаторых дырэктараў складаней, чым да міністра адукацыі. Думаю, што не трэба кіраўнікам устанаўліваць гадзіны для прыёму грамадзян па асабістых пытаннях. Знаходзячыся ў школе, вы павінны ў любы час прымаць грамадзян — гэта ваш абавязак!

Канкурэнцыя за бюджэтныя сродкі

«Каб не страціць чалавека ў цені адзнак і экзаменаў, прапрацавана пытанне змянення механізму правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ. Для тых, хто паступае на асобныя спецыяльнасці, плануецца праводзіць дадатковыя ўнутраныя выпрабаванні, — праінфармаваў удзельнікаў калегіі Ігар Карпенка. — Такі падыход быў ухвалены і Рэспубліканскім саветам рэктараў ВНУ. Але для сёлетніх выпускнікоў нічога не зменіцца».

Міністр таксама паведаміў, што колькасць студэнтаў у краіне скарацілася. Сёння вышэйшую адукацыю атрымліваюць 283 тысячы студэнтаў (у 2011 годзе іх было больш за 400 тысяч). Ёсць меркаванне, што аптымальнай для нашай краіны з'яўляецца лічба ў 300 тысяч студэнтаў.

З улікам патрабаванняў работадаўцаў абнаўляюцца навучальныя планы і праграмы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сістэматычна пераглядаюцца наменклатура спецыяльнасцяў і адукацыйныя стандарты, па якіх вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў і рабочых, з абавязковым прыцягненнем да гэтага заказчыкаў кадраў.

У краіне функцыянуе больш за тысячу філіялаў кафедраў у арганізацыях і на прадпрыемствах. Усе тыпавыя навучальныя планы, распрацаваныя і зацверджаныя ў 2018 годзе, а таксама праекты тыпавых вучэбных планаў, якія яшчэ распрацоўваюцца, прадугледжваюць праходжанне практыкі пачынаючы з першага курса.

— Таму работадаўцам трэба спыніць размовы аб тым, што мы рыхтуем не тыя кадры для рэальнага сектара эканомікі, — падкрэсліў міністр. — Тым больш што ў краіне ствараецца Нацыянальная сістэма кваліфікацый, дзе заказчыкі кадраў будуць фарміраваць пералікі кампетэнцый і кваліфікацыйных характарыстык пад патрэбы эканомікі і суб'ектаў гаспадарання.

Для аптымізацыі ІІ ступені вышэйшай адукацыі з гэтага года ўводзіцца адзіная праграма магістратуры — для кадравага забеспячэння навукова-інавацыйнай сферы і сістэмы адукацыі. Яе мадэрнізацыя будзе накіравана на павышэнне якасці, эфектыўнасці і экспартнага патэнцыялу. «У магістратуру на бюджэт павінны ісці толькі самыя здольныя, якія жадаюць займацца або навукай, або выкладаннем», — лічыць міністр адукацыі.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар ПЕТРЫШЭНКА, які прыняў удзел у выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, заўважыў, што з гэтага года прагназаваннем аб'ёмаў падрыхтоўкі кадраў займаецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам эканомікі. Адпаведна Міністэрства адукацыі на аснове іх даных сфарміруе аб'ектыўныя канкрэтныя лічбы прыёму, заснаваныя на патрэбах эканомікі, дэмаграфічным прагнозе і балансе працоўных рэсурсаў. Ведамству трэба будзе па кожнай спецыяльнасці і па кожнай ВНУ прадставіць ураду аргументаванае абгрунтаванне кантрольных лічбаў прыёму. Па словах Ігара Петрышэнкі, на працягу гэтага года неабходна таксама падрыхтаваць пытанне аб пераходзе на конкурсную аснову іх фарміравання. Гаворка ідзе аб бюджэтнай форме навучання.

«Права на прыём і падрыхтоўку спецыялістаў па асобных спецыяльнасцях павінны атрымліваць установы адукацыі, якія маюць для гэтага адпаведныя ўмовы: педагагічныя кадры, матэрыяльна-тэхнічную базу і базу для арганізацыі практыкі, — растлумачыў сваю думку віцэ-прэм'ер. — Тыя, хто не атрымае бюджэтных сродкаў на падрыхтоўку спецыялістаў, змогуць набіраць абітурыентаў платна».

Задача павышэння канкурэнтаздольнасці і якасці — прыярытэтная ў рабоце профільнага міністэрства. Размеркавальны прынцып фінансавання сыходзіць у мінулае. Універсітэты павінны канкурыраваць паміж сабой за атрыманне бюджэтных сродкаў, падкрэсліў Ігар Петрышэнка. Дзяржаўны бюджэт не павінен быць адзіным «донарам» у сістэме вышэйшай адукацыі. Неабходна перайсці да шматканальнага фінансавання вышэйшай школы, прыцягваць інвестыцыі, сродкі інавацыйных фондаў, спонсараў, развіваць пазабюджэтную дзейнасць...

Ігар Петрышэнка таксама адзначыў, што на кантролі ўрада застаюцца пытанні арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі. Ён канстатаваў, што эфектыўная сістэма кантролю ў гэтай сферы пакуль так і не створана. Віцэ-прэм'ер даручыў Міністэрству адукацыі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў першым паўгоддзі правесці маніторынг выканання даручэнняў урада па якасці школьнага харчавання і прадставіць свае прапановы, у тым ліку з ацэнкай работы кадраў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Дзяржбюджэт не павінен быць адзіным «донарам» для вышэйшай школы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.