Вы тут

У Мінску абмеркавалі ролю літаратуры ў культурным развіцці грамадства


Круглы стол, які адбыўся ў межах ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў сталічным Усіхсвяцкім храме, сабраў кіраўніцтва дзяржаўных ведамстваў і грамадскіх арганізацый, а таксама прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій, выдаўцоў, пісьменнікаў, аглядальнікаў па культуры ў вядучых СМІ, моладзь. Тэма, заяўленая як «Роля кнігі ў фарміраванні культуралагічнага, духоўна-маральнага развіцця грамадства», у працэсе размовы атрымалася значна глыбейшай і закранула праблемы перадачы найважнейшых духоўных каштоўнасцяў ад пакалення, для якога кніга была найлепшым падарункам, — пакаленню, якое чытае добра калі з экранаў сучасных гаджэтаў...


«Прыгадайце — калі толькі прыйшло тэлебачанне, гаварылі, што не застанецца ні тэатра, ні кніг, будзе толькі адно суцэльнае тэлебачанне. Потым тое самае адбывалася з распаўсюджваннем інтэрнэту, які, здавалася б, мусіў усё замяніць і адсунуць кнігу ў нябыт. Тэхніка за апошнія гады крочыла вельмі далёка, але як бы мы ні гаварылі пра кнігу, яна застаецца запатрабаванай, — адзначыў у пачатку размовы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, — бо яна дае нам магчымасць самім творча асэнсоўваць жыццё: мы самі сабе рэжысёры, мастакі і ўдзельнікі падзей, пра якія расказвае кніга, і перадусім гэта кніга жыцця — Біблія, якая застаецца самай запатрабаванай і перакладзенай на максімальную колькасць моў свету».

Якія задачы сёння мусіць выконваць кніга, каб адпавядаць выклікам часу, задаў вектар далейшай размовы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі: павінна яна накіроўвацца на духоўнасць, мараль або мусіць стаць выключна камерцыйным прадуктам і ацэньвацца грамадствам і прафесіяналамі з пункту гледжання «падабаецца/не падабаецца»? «Нам — і Міністэрству інфармацыі, і Саюзу пісьменнікаў, і выдаўцам — трэба паспрабаваць знайсці тую агульную стратэгію, якая дазволіць кнізе развівацца», — адзначыў Ігар Бузоўскі.

Кніга, падкрэсліў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны, з'яўляецца часткай культуры, гістарычнай памяці і скарбніцай духоўнага вопыту нашых продкаў. «І мне здаецца, што праблема цяперашняга часу не ў тым, што кніга пераходзіць з папяровага ў электронны фармат, а ў тым, што яна можа наогул сысці з любога фармату», — зазначыў ён.

Фёдар Поўны, які прадставіў адмысловае выданне «Святога Евангелля», правёў лагічны ланцужок ад духоўных кніг наогул да ролі духоўнасці як базісу ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці. Ён расказаў пра цікавы навуковы эксперымент, які правёў на зары інтэрнэту філолаг-тэарэтык Віктар Мартынаў — прыдумаў і распрацаваў універсальны семантычны код, з дапамогай камп'ютара перавёў яго ў лічбы, каб атрымліваць своеасаблівы адбітак любога рэальнага тэксту: «Спачатку даследчыкі індэксавалі тэксты навін, інтэрнэт-бібліятэкі і форумы, віртуальных персанажаў, а потым прыдумалі анкету, якая давала «адбіткі» рэальных людзей. Высветлілася, што ўсе яны паддаюцца сістэматызацыі і адпавядаюць семантычным кодам свяшчэнных рэлігійных кніг і некаторых асабліва важных для чалавецтва філасофскіх трактатаў і мастацкіх тэкстаў... Сталі правяраць асноўныя тэксты свяшчэнных кніг — аказалася, што зададзеныя імі індэксы былі пакладзеныя ў аснову групавых індэксаў розных устойлівых груп, то-бок нацыянальных культур. Як няцяжка здагадацца, славяне — народ Новага запавету. Дагэтуль царкоўнаславянская мова духоўна змацоўвае ўсе славянскія народы, а Евангелле з'яўляецца кодам нашай ідэнтычнасці. На жаль, сёння мы назіраем спробы падмены духоўных паняццяў і ўзлому гэтага коду, замены яго на чужынскія. Але, пазбаўляючы нацыянальную самасвядомасць духоўнай асновы, народ выракае сябе на выміранне...»

* * *

Гісторык, тэлевядучы, пісьменнік і сцэнарыст Вячаслаў Бандарэнка, які прадстаўляў сваю новую кнігу з серыі «Жыццё знакамітых людзей» пра вядомага ва ўсім праваслаўным свеце расійскага пастыра айца Іаана (Крэсцьянкіна), зазначыў, што гэта выданне ў інтэрнэт-крамах карыстаецца попытам: яго замаўляюць чытачы з Беларусі, усіх рэгіёнаў Расіі, Украіны, Германіі, ЗША, Ізраіля. Пісьменнік выказаў меркаванне, што ў падобных кнігах важны не столькі аўтар, колькі герой, пра якога расказвае кніга, — і калі гэта сапраўды цікавы чалавек, а расказ пра яго жыццё не мастацкая выдумка, а глыбокае даследаванне, заснаванае на фактах і сведчаннях сучаснікаў, то такая кніга будзе цікавай для шырокай аўдыторыі.

— А ці ёсць у нас сёння тыя асобы, персаналіі, пра якіх варта пісаць у кнігах? Тая літаратура, што стаіць на бачным месцы ў кнігарнях і бібліятэках — яе чытаюць? — пацікавіўся ў выдаўцоў і аўтараў Ігар Бузоўскі.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі заўважыў, што агітаваць кагосьці чытаць — справа няўдзячная, але трэба даць чалавеку максімальна шырокі выбар, чым, уласна кажучы, бібліятэкі і займаюцца. «Але вельмі прыкра ўсведамляць, што кніга ператварылася ў тавар — умоўна кажучы, кнігу ацэньваюць, як тую ж цагліну. Каб гэтага пазбегчы, трэба перагледзець механізм, па якім кнігі трапляюць у бібліятэкі — не на рынкавых падставах, а нейкім іншым чынам, як сацыяльна значны праект. Асабліва важна, каб такія кнігі без перашкод траплялі да маладога пакалення, якое, уласна, яны фарміруюць — да дзяцей і падлеткаў. Мы, са свайго боку, праводзім і гатовыя даць зрэз попыту, што сёння найбольш ахвотна чытаюць».

Пісьменніца, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева перасцерагла ад празмерна адвольнага абыходжання з гістарычнымі асобамі, якіх у пагоні за рэйтынгам і чытацкай цікавасцю аўтары вырываюць з кантэксту, ігнаруючы рэальныя факты, і перамяшчаюць у іншую эпоху, фантазіруюць, «а як магло б быць». «Хочацца аднавіць праўдзівую гісторыю, якой яна была насамрэч, без нагнятання і без прыўкрас — у прыватнасці, з гэтай мэтай разам з «Беларускай энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі» мы выпусцілі кнігу «Кірыл Мазураў. Аб чым маўчаў час», якая расказвае пра падзеі не так даўно мінулага ХХ стагоддзя, не ствараючы фэнтэзі з удзелам знакамітых асоб, а захоўваючы сваю гістарычную памяць».

Дырэктар згаданага выдавецтва Уладзімір Андрыевіч дадаў, што ў культуралагічным і духоўным развіцці грамадства ёсць наступная праблема: прадстаўнікі старэйшага пакалення раслі яшчэ ў савецкі час, у іншай краіне, і выхоўваліся ў пэўным маральна-этычным кірунку, умоўна кажучы, будаўніка камунізму. Але ў 90-я гады разам з палітычным і эканамічным крызісам адбыўся і духоўны, і тая пастка паглынула цэлае пакаленне, якое вырасла з устаноўкай «Якая мараль? Чыста канкрэтыка», а таму цяпер губляецца, як, у якім кірунку выхоўваць ужо сваіх дзяцей. «У нас ёсць асобы, на якіх варта арыентавацца — так, у свой час мы выдалі для дадатковага чытання школьнікаў 12 кніг пра асветнікаў Беларусі, кніжныя серыі «Маленькі прафесар», «Самыя-самыя»... На мой погляд, у грамадстве трэба вяртаць павагу да Яе вялікасці Кнігі, бо чалавек, які чытае, — гэта думаючы чалавек, ён не толькі больш адукаваны, культурны, але ў рэшце рэшт і больш патрыятычны».

* * *

Шмат гаварылі падчас круглага стала і пра папулярызацыю чытання — як на дзяржаўным узроўні (прыкладам, епіскап Юрый Касабуцкі прапанаваў запусціць праз СМІ маштабную сацыяльную рэкламу добрай кнігі), так і праз школу, а таксама на ўзроўні кожнай сям'і.

Кіраўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук прафесар Іван Саверчанка адзначыў, што ў нашых школах вельмі добра наладжана выкладанне рускай літаратуры — нават з Усерасійскага конкурсу выкладчыкаў рускай літаратуры менавіта нашы настаўнікі прывезлі 1-е месца, — але можна яшчэ ўдасканаліць і зрабіць больш сучаснымі падручнікі і хрэстаматыі. Для гэтага, на яго думку, трэба зрабіць так, каб усе свежыя выданні кніг расійскіх і беларускіх пісьменнікаў як мага хутчэй траплялі ў Нацыянальны інстытут адукацыі і яго спецыялісты маглі б вывучаць іх і рэкамендаваць уключыць найлепшыя творы ў школьную праграму, а дзеці атрымлівалі доступ да выдатных узораў якаснай мастацкай літаратуры.

На думку старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, каб быць цікавым сваім чытачам, сучасны аўтар мусіць разумець сваю ролю ў грамадстве: пісаць глыбока, добра, даходліва і зразумела, але пры гэтым скіроўваць увагу аўдыторыі на глабальныя праблемы свету — пагрозу вайны і тэрарызм, голад, дэфіцыт вады і г. д. «Пра гэта гаварылі ўсе ўдзельнікі сёлетняга сімпозіума літаратараў, — падкрэсліў ён, — што пісьменнікі павінны дапамагаць чалавеку стаць больш спагадлівым, высокамаральным... Але нават таленавітым пісьменнікам, а іх сёння многа, патрэбная дапамога з тым, каб іх ідэі знайшлі водгук у моладзі — магчыма, варта было б зладзіць на тэлебачанні сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі ў фармаце «адзін супраць усіх», і няхай там ідуць самыя гарачыя спрэчкі — у спрэчках і нараджаецца ісціна».

«Дадам рэпліку з пункту гледжання бацькоў, — заўважыла вядучая культурных тэлепраграм на «Беларусь 3» Ганна Панцялеева, — многія нашы дзеці не чытаюць наогул, яны ў лепшым выпадку глядзяць фільмы паводле твораў, а значыць, не ўмеюць пісаць сачыненні, не ўспрымаюць вялікі аб'ём літаратуры надалей у інстытуце... Пачынаць трэба з сям'і, з таго, каб бацькі збіралі сямейную бібліятэку і прапаноўвалі кнігі з яе дзецям...»

З гэтай адозвай пагадзіліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы — намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі адзначыў, што падобныя сустрэчы трэба ладзіць часцей, бо сёння іх відавочна не хапае, а Мітрапаліт Павел дадаў, што да ўдзелу ў абмеркаваннях неабходна абавязкова прыцягваць бацькоў і педагогаў: «Перш чым заняцца дзецьмі, трэба заняцца дарослымі і данесці да іх заклапочанасць: куды мы ідзём, што нас чакае?»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Адсюль мараль

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.