Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Не туды, дзе балююць, а туды, дзе баліць»

Людзей, якія б так аддана, так самазабыўна прысвячалі жыццё сваёй любімай справе, сустрэнеш не часта. Але яны — ёсць, на шчасце — у розных сферах дзейнасці і розных кутках краіны. У нас на Бярэзіншчыне гэта (упэўнена, усе мяне падтрымаюць) Тамара Мікалаеўна Круталевіч, загадчыца аддзела маркетынгу раённай бібліятэкі.

Як на першы погляд, дык сціплая ў яе прафесія, не самая высокая пасада, а вось аўтарытэт...

Гэтая таленавітая, разумная, шчодрай душы жанчына — аўтарка безлічы ідэй, задум і праектаў. Яна ж пры тым — умелы арганізатар, сцэнарыст, рэжысёр, выканаўца галоўнай ролі вядучай, чыя рэдкая эрудыцыя ды выдатнае акцёрскае майстэрства здольныя кожнае з мерапрыемстваў ператварыць у сапраўдную падзею.

А іх (прычым самыя розныя — асветніцкія, дабрачынныя) Тамара Мікалаеўна з камандай паплечнікаў ладзяць пастаянна. У выніку нават у такое не зусім і не ўсім зразумелае слова «маркетынг» прыўносяцца дабрыня і клопат, што надзвычай важна цяпер, калі «чалавек матэрыяльны» імкнецца перамагчы «чалавека духоўнага», «чалавека разумнага».

Што тут скажаш: у кожнага пакалення свае густы, свае героі, сваё разуменне маралі. І правільна заўважана: у нашых продкаў была мэта жыцця, у нашых бацькоў — сэнс жыцця, а ў нас ды нашых дзяцей — ужо стыль. Вось чаму так важна не спазніцца — своечасова дапамагчы, асабліва маладым, знайсці сваё месца, захаваць чысціню і сумленне, не завесці дурных прывычак.

Менавіта з гэтай прычыны шляхі-дарогі Тамары Круталевіч пастаянна скіроўваюцца ў школы і працоўныя калектывы, каб «ажывіць» чарговую вартую ўвагі кнігу, каб пагаварыць на тэмы «Алкаголь — вораг сям'і», « Быць падлеткам — не проста», «Дзяўчаты ў эпоху рызыкі», каб у Год малой радзімы расказаць пра выдатных землякоў, каб наладзіць сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, каб з падарункамі наведаць людзей адзінокіх, каб запрасіць маламаёмных у пастаянна дзеючую лаўку рэчаў...

Бярэзінцы ганарацца, што чытаюць артыкулы Тамары Мікалаеўны ў многіх выданнях, чуюць яе голас па радыё, што яна прадстаўлена ў энцыклапедыі «Хто ёсць хто. Жанчыны Беларусі», што на сценах яе рабочага кабінета дзясяткі прыгожых рамак з Ганаровымі граматамі, дыпломамі і падзякамі — «За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў», «...Творчы твар бібліятэкі», шматлікія перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, «Жанчына года», «Творчы алімп Міншчыны»...

І гэта, вядома ж, зусім няпоўны пералік адзнак, бо не для іх працуе шаноўная Тамара Мікалаеўна. Яна проста спяшаецца жыць і рабіць дабро.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён


Песня нарадзілася ў баях

Некалі, 75 гадоў таму... Падзеі тых ваенных часоў здаюцца неверагодна далёкімі, але варта пачытаць дзённікі, партызанскія газеты, мемуары, і мінулае наблізіцца, яно ажыве.

Ва ўспамінах былога партызана Сцяпана Ігнатавіча Лейкі з вёскі Вензавец Дзятлаўскага раёна згадваецца, што пра доблесць і гераізм камсамольцаў і моладзі атрада Дзмітрыя Дзенісенкі народ склаў нямала песень і вершаў, у тым ліку — шырокавядомую «Туман над рекою поднялся»...

Аднак у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца дакумент, які сведчыць, што аўтарам вершаў да гэтай песні быў не народ. Вячаслаў Антонавіч Хілімонаў пісаў, што партызан з кавалерыйскага атрада Дзмітрыя Дзенісенкі звалі беларускімі казакамі, «міцькаўцамі», што пра іх дзеянні вядомы беларускі пісьменнік  і ўдзельнік партызанскага руху Янка Брыль напісаў дакументальную аповесць «Нёманскія казакі», дзе таксама ўпамінаецца атрадная песня.

А нарадзілася яна, паводле ўспамінаў Вячаслава Антонавіча Хілімонава, перад Першамаем 1943 года. У атрад тады паступілі звесткі, што на чарговае рабаванне насельніцтва фашысты павінны выехаць у вёскі Бурдзевічы і Унехава. Там іх трэба было «накрыць».

З пушчы партызаны выехалі адвячоркам, калі над Нёманам падымаўся густы туман. Засада прайшла ўдала: немцы не далічыліся пары дзясяткаў галаварэзаў, атрад з перамогай вярнуўся ў лес. Пра ўсё гэта ў байцоў Вячаслава Хілімонава і Міхася Карвігі склалася песня, якая стала своеасаблівым гімнам «беларускіх казакоў»:

Туман над рекою поднялся

И близится солнца закат.

Рысью из пущи помчался

Особый казачий отряд...

Пасля вайны партызаны Налібоцкай пушчы кожныя пяць гадоў збіраліся ў Карэлічах, Любчы, Ярэмічах, на партызанскай базе ў Добрачы, успаміналі сваю маладосць і загінулых сяброў. Шэрагі ўдзельнікаў з кожным годам радзелі. Сёння, на вялікі жаль, гэта гераічнае пакаленне амаль сышло, але памяць пра яго сысці не павінна.

Ірына Шатыронак, г. Гродна


Гісторыя з гісторыяй

Першапачатковыя веды па гэтым прадмеце вучні атрымліваюць на адной мове, а працягваюць яго вывучаць на іншай. Чаму?

У нас усё як у многіх: наш сын хадзіў у рускамоўны дзіцячы садок (з беларускай мовай навучання недзе больш-менш паблізу мы проста не знайшлі). Потым і з той жа прычыны ён пайшоў у рускамоўную школу.

Але ж на родную мову мы таксама ніколі не забываліся: дома чыталі казкі, легенды, паданні, знаёмілі дзіця з нашым краем, беларускай гісторыяй і музыкай. У выніку ў дзённіку сына па беларускай мове і літаратуры адзнакі толькі выдатныя!

А колькі захаплення было ў дзіцячых вачах ад прадмета «Мая Радзіма — Беларусь», які сын пачаў вывучаць у чацвёртым класе, бо вучні менавіта па-беларуску знаёміліся з гісторыяй Полацкага, Тураўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, вучыліся ствараць гістарычныя партрэты князёўны Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Яраслава Мудрага, князя Вітаўта і іншых выдатных асоб беларускай гісторыі і культуры...

А далей мы ўжо ўяўлялі, з якой цікавасцю хлопчык возьмецца за вывучэнне гісторыі Беларусі.

Якое ж было здзіўленне, калі днямі, выпадкова зазірнуўшы ў бібліятэку сынавай школы, я ўбачыла на паліцы стос падручнікаў «История Беларуси. 6 класс». Спытала ў бібліятэкаркі: «Школьнікі што — сапраўды вывучаюць гісторыю Беларусі па-руску?»

Яна ў адказ нават здзівілася: так, маўляў, і калі з'явілася такая магчымасць, 99 працэнтаў бацькоў былі толькі «за».

Гэтыя словы потым пацвердзілі і ў адміністрацыі навучальнай установы: усё так, пераводзіць увесь клас рускамоўнай школы на вывучэнне гісторыі Беларусі па-беларуску дзеля аднаго-двух дзяцей не мае сэнсу. Апытанне бацькоў на гэты конт школа можа правесці. «Але ж вы і самі разумееце, — адказала мне намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, — што большасць аддасць перавагу рускай мове».

І яшчэ, як аказалася: калі з меншасцю ці адным маім сынам гісторыю Беларусі будуць індывідуальна вывучаць па-беларуску, то здаваць экзамен яму ўсё роўна прыйдзецца па-руску...

Работнікі Міністэрства адукацыі неаднаразова заяўлялі ў СМІ аб тым, што «вырашаюць, на якой мове будзе працаваць навучальная ўстанова, выканаўчыя і распарадчыя органы», і што ў адпаведнасці з заканадаўствам «рускамоўная школа можа пакінуць вывучэнне гісторыі Беларусі на беларускай мове».

Але ж для гэтага, як я разумею, мне трэба будзе шукаць аднадумцаў, такіх жа неабыякавых да спадчыны людзей, пісаць калектыўныя лісты ў розныя інстанцыі, удзельнічаць у фармальных апытаннях і да першага верасня не ведаць, на якой жа мове выдадуць падручнік.

А ўласна, чаму ў час моўнага раўнапраўя, каб забяспечыць магчымасць свайму дзіцяці атрымліваць веды па прадмеце на той мове, на якой, па сутнасці, пачыналі гэта рабіць, а потым здаваць экзамен па гісторыі роднай краіны па-беларуску, трэба збіраць вакол сябе згуртаванне бацькоў і хадзіць па кабінетах?

М. Кузміч, Мінскі раён


Сіла ёсць. І розум трэба

На работу і з работы я заўсёды хадзіў пешшу, а вось маршруты стараўся выбіраць розныя. Часам, здаралася, нават небяспечныя.

Дык вось, гады са два таму вяртаюся я дадому. Пераходжу чыгунку, іду па досыць вузкім «калідоры», які ўтварыўся паміж штабялямі бетонных шпал, і наперадзе бачу пару — ён і яна... Падобна, высвятляюць адносіны? Я там зусім недарэчы, але ж іду...

— Дзядзька, — раптам спыняе мужчына, — калі я цябе стукну, ты ўпадзеш ці не?

Правяраць гэта мне, вядома ж, не хочацца, тым больш што хлопец выглядае як сапраўдны баксёр. Таму на пытанне я адказваю пытаннем:

— А навошта мяне стукаць?

«Баксёр» бянтэжыцца: відаць, шукае падставу для бойкі і такі знаходзіць.

— А як ты ставішся да цыганоў? — пытае ў мяне.

Цяпер бянтэжуся я: здавалася б, можна сказаць, што добра... А раптам ён — дрэнна? Стукне ж, як піць даць!

— Я не меў з цыганамі спраў, — ухіляюся ад адказу яшчэ раз.

І тым самым зноў заганяю «баксёра» ў кут: ён не можа прыдумаць, да чаго б «прыкалупацца», страчвае сваю ваяўнічасць... Разгублена расказвае пра сваё жыццё і няўдалую жаніцьбу, пра жонку (яна ў гэты час плача побач), якую даводзіцца «выхоўваць».

Карацей, развіталіся мы амаль сябрамі. Я нават папрасіў маладзёна, каб, крый божа, не падымаў руку
на сваю палавіну, але ён мне гэтага не абяцаў.

Яўген Шастакоў, г. Гомель

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.