Вы тут

Максім Замшаў: Мне падабаецца Купалава свабода ў думках


Дасье

Максім Замшаў — паэт, празаік і крытык, сябра Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Расіі, уладальнік пяці літаратурных прэмій, аўтар 10 зборнікаў паэзіі і чатырох кніг прозы. Яго кнігі друкаваліся ў Расіі, Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Румыніі, Азербайджане, Грэцыі, а творы перакладаліся на 15 моў свету. З 2017 года рэдагуе «Литературную газету», а таксама ўваходзіць у савет літаратурнай прэміі «Ліцэй» для маладых аўтараў.

Як ужо згадвала «Звязда», знакаміты цыкл Янкі Купалы «Санеты» атрымае новае дыханне — у перакладах на больш як 20 моў свету, якія складуць другое перавыданне паэтычнага зборніка. Кніга рыхтуецца да друку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» і выйдзе гэтай восенню, але з некаторымі варыянтамі перакладаў можна пазнаёміцца ўжо сёння. Прыкладам, «Санеты» на рускай мове ў канцы студзеня былі апублікаваны ў расійскай «Литературной газете», а зусім нядаўна гучалі на пляцоўках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Пра асаблівасці лірыкі і тонкасці мастацкага перакладу «Звязда» распытала яго аўтара, галоўнага рэдактара «Литературной газеты» Максіма Замшава.


— Чаму менавіта Купала? Перадусім таму, што гэта адна з ключавых, знакавых постацей у беларускай літаратуры і культуры — гэта, так бы мовіць, эстэтычная прычына. Ну і больш прыземленая — рэалізацыя сумеснага праекта «Санеты» на мовах свету», арганізатары якога прапанавалі мне ажыццявіць рускі пераклад.

— Вы займаліся паэтычным перакладам і з іншых моў...

— Так, з румынскай, балгарскай, македонскай — славянскія мовы, дастаткова блізкія па гучанні, формаўтварэнні, і нават не ведаючы мовы, ты разумееш, як у ёй усё ўладкавана.

— У вас за плячыма не толькі літаратурная адукацыя (Літінстытут імя М. Горкага), але таксама чырвоны дыплом, атрыманы ў музычным вучылішчы імя Гнесіных. Музычная адукацыя і досвед дапамагаюць злавіць, зразумець мелодыку іншых моў?

— Не магу адказваць за ўсіх паэтаў і перакладчыкаў, але асабіста мне сапраўды гэта дапамагло. І справа нават не ў тым, што ты чуеш і адчуваеш, а ў тым, што музычная адукацыя дазваляе зразумець форму і рытм, суадносіны частак у цэлым творы... Словам, так, для мяне гэта адназначна плюс.

— У літаратурных колах даводзілася чуць меркаванне, што адэкватна перакласці паэтычныя радкі на іншыя мовы, захаваўшы і сэнс, і рыфму, і метафары, можа не перакладчык, а толькі іншы паэт...

— На мой погляд, гэта даволі складаны момант, бо ў гісторыі літаратуры былі перакладчыкі, як, напрыклад, Вільгельм Левік, які не быў такім ужо знакамітым паэтам, але рабіў насамрэч выдатныя пераклады, адметныя высокай культурай і дакладнасцю ў перадачы арыгінала. І хоць паэту насамрэч лягчэй адчуць нейкія ўнутраныя рэчы, чым чалавеку, які проста добра ведае замежную мову, але трэба быць вельмі асцярожным, каб паэта не занесла ўдалячынь і не атрымалася яго ўласная версія твора, падобных прыкладаў мы таксама ведаем нямала.

— Ці з'явіўся ў вас падчас працы любімы купалаўскі санет?

— Усе санеты вельмі падабаюцца, не магу вылучыць і назваць нейкі адзін. А вось тое, што мне спадабалася наогул у творчасці Купалы, — гэта спалучэнне, з аднаго боку, класічнасці вершаванага строю, а з другога, вялізная свабода ў думках, часам нават дзёрзкасць.

Магчыма, мне складана назваць адметныя рысы Купалы менавіта як беларускага паэта — усё ж, хоць ён пісаў на беларускай мове, але знаходзіўся ў агульнай сістэме духоўных каштоўнасцяў. Таму ў гэтым цыкле відавочна сімвалічнае адчуванне свету, я сказаў бы, рамантычны сімвалізм, які быў на той час сусветнай паэтычнай тэндэнцыяй. Але разам з тым у купалаўскіх вершах вельмі многа канкрэтных указанняў на жыццё менавіта беларускага народа, і гэта датычыцца не толькі ўмелага апісання прыгажосці беларускай прыроды, але і жыццёвых гісторый, перадачы цяжкай сялянскай долі, прыгнечанасці... На мой погляд, усё гэта вельмі цікава з пункту гледжання не толькі літаратуры, але і гісторыі.

Калі праект атрымае працяг, безумоўна, было б вельмі цікава ўзяцца за вершы Максіма Багдановіча, але гэта надта аддаленыя перспектывы, каб іх зараз усур'ёз абмяркоўваць. Пакуль жа варта не забывацца і на ўласную літаратурную работу: нядаўна скончыў раман, цяпер яго дапрацоўваю і рэдагую, потым спадзяюся год ад вялікай прозы адпачыць. Зразумела, хочацца працягваць пісаць вершы, і хоць тут цяжка гаварыць пра нейкія планы, але ў мяне ёсць пэўныя абавязацельствы перад выдаўцамі Казахстана, дзе рыхтуюць зборнік рускай паэзіі, і, вядома, адна з галоўных задач — каб жыла і развівалася «Литературная газета», каб павялічваўся яе тыраж і на старонках з'яўлялася як мага больш цікавых матэрыялаў.

Прачытаць «Санеты» Янкі Купалы ў перакладзе Максіма Замшава можна па спасылцы.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».