Вы тут

Аўтарская лялька захапіла чытачоў гродзенскай бібліятэкі


Творчы патэнцыял сваіх чытачоў раскрыла загадчыца бібліятэкі-філіяла № 3 Гродна Іна Сотнікава. Яна скончыла курсы па вырабе аўтарскай лялькі і вырашыла знайсці аматараў сярод сваіх чытачоў. І гэта ўдалося. Так на базе бібліятэкі пачаў дзейнічаць клуб «Гарадзенская лялька», якому сёлета споўнілася пяць гадоў.


Пляцоўка для хобі

Сюды можа прыйсці кожны, хто хоча тварыць. Аматары лялькі ўпэўнены: калі чалавек не ўмее, але вельмі жадае, у яго ўсё атрымаецца. Можа, не шэдэўр, але гэта будзе твор. Варта толькі ўзяць у рукі палімерную гліну. Зараз аматарскі клуб «Гарадзенская лялька» аб'ядноўвае больш за 30 жанчын.

— Бібліятэка — гэта не толькі месца, дзе захоўваюцца кнігі, яна можа быць і культурным цэнтрам, творчай пляцоўкай, куды прыходзяць гараджане, каб карысна і цікава правесці свой вольны час, — разважае Іна Сотнікава.

У бібліятэцы-філіяле № 3 Гродна працуе не толькі клуб. Тут створаны адзіны ў Гродне музей аўтарскай лялькі. Перш чым расказаць аб экспанатах, загадчыца бібліятэкі робіць экскурс у тэхналогію. Аказваецца, у кожнага майстра ёсць свае нюансы.

— Тут прадстаўлены лялькі з палімернай гліны, якія робяцца ўручную. Твар, рукі, ногі лепяцца і замацоўваюцца на провалачным каркасе, тулава робіцца з сінтэпону альбо іншых тканін, — расказвае суразмоўніца. — Я, напрыклад, у адрозненні ад іншых, запякаю адразу не ўвесь выраб, а па частках, а потым замацоўваю кожную дэталь на каркасе. Пасля гэтага ствараецца вобраз, малюецца твар, робяцца валасы, адзенне, аксесуары. Працэс няхуткі. Некаторым здаецца, што ты нешта зляпіў, адзеў з таго, што ёсць — і лялька гатова. А да кожнага вобраза падбіраецца адпаведнае адзенне: гэта і карункі, і лён, і шоўк, і стужкі, гузікі... З некаторымі лялькамі можна і некалькі месяцаў праваждацца.

Арганізатары лічаць важным прыцягнуць сюды тых, хто адчувае ў сабе творчы патэнцыял, але не ведае, дзе яго можна рэалізаваць. Тут гатовы падтрымаць навічкоў.

— У нас давяральныя адносіны, мы дзеля гэтага і збіраемся, каб дзяліцца, — кажа член клуба Ірына Вараб'ёва.

Гран-пры ў конкурсе Максіма Багдановіча

У музеі сабрана больш за сотню ўнікальных экспанатаў, якія зроблены рукамі чытачоў-аматараў. Звяртае на сябе ўвагу дзяўчына-алень з вельмі галінастымі рагамі. Аказваецца, такім аўтар гэтай работы ўбачыла сімвал Гродна — аленя святога Губерта. Жывёла, па задумцы майстра, ператварылася ў прыгожую дзяўчыну, якая выступае ахоўніцай старажытнага горада.

З казкі «Аліса ў краіне цудаў» сышоў да нас сімпатычны Капялюшнік. У вобразе прадуманы ўсе дэталі — скураныя боты, капялюш, шаравары. Усё хоць і мініяцюрнае, але вельмі падобнае.

Вось знакаміты і непаўторны Чарлі Чаплін — яго выканала былая медсястра, якая нядаўна стала членам клуба.

— Летась мы рабілі кампазіцыю пра Максіма Багдановіча і ўзялі Гран-пры на абласным фестывалі кнігі. Атрымалі куфар для пікніка. Пакуль мы прыстасавалі яго пад падстаўку для нашага лялечнага доміка, а летам, думаю, ён нам спатрэбіцца: будзем выбірацца на прыроду з членамі нашага клуба, — будуе планы Іна Сотнікава.

Безумоўна, адным з яскравых экспанатаў музея можна назваць персанажа вядомага фільма «Аватар».

— Некаторыя робяць тэдзі-мішак з тэкстылю, — расказвае Іна Сотнікава. — Іх асаблівасць — дыскавае замацаванне, што дазваляе рухацца галаве і рукам. Тут свае тэхналогіі ў набіўцы, гэта, як правіла, пілавінне. Працэс вырабу працаёмкі, і каштуюць яны нямала. У нас кошт невысокі — 30—40 рублёў, некаторыя майстры прадаюць за 70—80 рублёў.

Аматарскі клуб не ставіць мэтай зарабляць грошы. Членскія ўнёскі і майстар-класы патрабуюць мінімальных затрат. Музейныя зборы таксама невялікія — ад 50 капеек да 1 рубля. Між тым клуб арганізуе дабрачынныя выстаўкі, збор сродкаў ідзе ў тым ліку для дапамогі бяздомным жывёлам.

Лялькі прыцягваюць

Нядаўна клуб атрымаў заказ выканаць сямейную пару ва ўтульнай абстаноўцы. Іна з Ірынай прадставілі гаспадароў у рэспектабельным выглядзе. Ён — у фраку, капелюшы і пенснэ, яна — у доўгай сукенцы і капелюшы з вэлюмам. Абое сядзяць у пакоі, дзе распалены камін. Аўтары не тояць, што ім прыемна было займацца гэтай работай, хоць далёка не ўсё ішло гладка. Тое, што атрымалася, задаволіла гаспадароў.

— Па-першае, гэта эксклюзіў. І калі ты робіш нейкі вобраз, ты пра яго думаеш, выношваеш, укладваеш нешта і са свайго характару і сваіх уяўленняў аб прыгажосці, — упэўнена Ірына Вараб'ёва.

Становяцца папулярнымі выстаўкі лялек. Ірына Вараб'ёва расказала, што не так даўно пабывала ў Чэхіі і выпадкова трапіла на такую выстаўку ў Празе. Там аказалася прадстаўніца Беларусі са сваімі работамі, што вельмі ўзрадавала гродзенку. Міжнародныя выстаўкі праходзяць і ў нашай краіне. Лялька на працягу стагоддзяў не страчвае сваёй магічнай сілы і па-ранейшаму прыцягвае да сябе.

У тэму

Музей лялькі створаны на базе Індурскага цэнтра культуры Гродзенскага раёна, дзе ўжо некалькі гадоў ладзяць брэндавае свята. У лялечнай экспазіцыі прадстаўлены экспанаты рознага прызначэння, тэхнікі і тэрміну выканання, а ў стварэнні музея маглі прыняць удзел усе, хто пажадаў. Сабрана каля 300 экспанатаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Майстэрня сярод кніг

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.