Вы тут

Араматычныя свечкі могуць нашкодзіць здароўю


Араматычныя свечкі ствараюць настрой (як абысціся без іх у такое рамантычнае свята, як Дзень святога Валянціна?), знімаюць стомленасць, ахінаюць букетам водараў — і вылучаюць шкодныя хімічныя рэчывы. Спецыялісты сцвярджаюць: дыхаць араматызаванымі парамі ўвесь вечар не менш шкодна, чым цягам некалькіх гадзін быць пасіўным курыльшчыкам. Што ж рабіць? Прытрымлівацца правілаў бяспекі.


Свечкі бываюць васковыя (натуральныя, зробленыя з пчалінага ці соевага воску) і парафінавыя (іх атрымліваюць з нафты і сланцу). У парафінавыя часта дадаюць араматызатары і фарбавальнікі.

— Парафін падчас гарэння вылучае ў паветра бензол і талуол — шкодныя для жывога арганізма канцэрагены. Бензол валодае мутагенным, алергенным, эмбрыятаксічным дзеяннем, што вельмі небяспечна для цяжарных, — расказвае ўрач-лабарант Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана КЛІМУК. — Талуол — яд, які выклікае вострыя і хранічныя атручэнні. Яго раздражняльны эфект выражаны больш, чым у бензолу. Ён выклікае эндакрынныя парушэнні і зніжае працаздольнасць. А доўгі кантакт з малымі дозамі талуолу можа шкодна ўплываць на кроў. З прычыны высокай растваральнасці ў ліпідах і тлушчах талуол назапашваецца пераважна ў клетках цэнтральнай нервовай сістэмы.

А каб водар трымаўся даўжэй, многія вытворцы выкарыстоўваюць яшчэ адно шкоднае хімічнае спалучэнне — дыэтылфталат. Яно можа выклікаць алергічныя рэакцыі і экзэму, галавакружэнне, галаўны боль, парушэнне рытму дыхання, слёзацячэнне, млоснасць. А пры рэгулярным уздзеянні пашкоджвае нервовую і дыхальную сістэмы, унутраныя органы і элементы крыві, садзейнічае ўтварэнню злаякасных пухлін. Майце на ўвазе, што нават калі свечка араматызаваная натуральнымі эфірнымі алеямі, араматызатар прагарае, мяняецца яго хімічная структура і скажаецца водар. Таму злоўжываць нават натуральнымі араматычнымі свечкамі не трэба.

Нячастае карыстанне парафінавымі свечкамі, канешне, не прынясе вялікай шкоды вашаму арганізму. А вось сістэматычнае іх выкарыстанне ўплывае негатыўна.

Васковыя ж свечкі цалкам выраблены з натуральных рэчываў, яны не прычыняць шкоды здароўю, нават калі вы адначасова запаліце іх вялікую колькасць. Іх можна выкарыстоўваць для стварэння рамантычнай абстаноўкі, зняцця стрэсу, у халодны перыяд. Сёння папулярнасць набірае і соевы воск. Ён цалкам бяспечны, таннейшы за пчаліны і не ўтрымлівае хімічных рэчываў.

Каб не нанесці шкоды здароўю пры выкарыстанні свечак, варта прытрымлівацца наступных правілаў:

  • Набывайце араматычныя свечкі з прыроднага воску — пчалінага ці соевага, з натуральнымі араматызатарамі.
  • Запальвайце іх не часцей як 2—3 разы на тыдзень і ў памяшканні, якое добра праветрываецца.
  • Не пакідайце запаленыя свечкі без нагляду, тым больш на ноч.
  • Набываць іх варта ў спецыялізаваных крамах, дзе ёсць дакументы, якія сведчаць пра бяспеку і якасць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.