Вы тут

Што трэба ведаць пры нетрыманні


Пра гэту далікатную праблему не прынята гаварыць адкрыта. Але ад нетрымання мачы пакутуе нямала жанчын і мужчын рознага ўзросту. Між іншым, большасці з іх можна і трэба дапамагчы. Як гэта зрабіць, расказала ўрач вышэйшай катэгорыі, загадчык уралагічнага аддзялення медыцынскага цэнтра «Ладэ» Вольга АНТОНАВА.


Цяжар — не для жанчын!

— Перш чым перайсці да дарослых, некалькі слоў скажу пра дзяцей. У іх энурэз развіваецца пераважна на нервовай глебе. Як правіла, гэта начное нетрыманне мачы, але здараецца і дзённае. Часцей за ўсё гэта неўралагічна абумоўленая хвароба, калі ў галаўным мозгу не фарміруецца адпаведны рэфлекс. І тут адыгрывае ролю спадчынная схільнасць. Таксама садзейнічае раздражненне нервовай сістэмы — з розных прычын. Напрыклад, неспрыяльная абстаноўка дома: шмат стрэсавых сітуацый, нелады паміж бацькамі. Або празмернае карыстанне смартфонам, захапленне камп'ютарнымі гульнямі ці мультфільмамі. Энурэз сумесна лечаць неўролаг і ўролаг. Уролаг павінен выключыць анатамічныя дэфекты, прыроджаныя анамаліі, інфекцыю. Неўролаг лечыць гіперактыўнасць, працуе над фарміраваннем правільнага рэфлексу галаўнога мозгу на мочаспусканне. З гэтай праблемай спраўляюцца эфектыўна, і ніхто на ўсё жыццё не застаецца з нетрыманнем.

— Але ў пажылым узросце праблема таксама існуе. У чым прычыны?

— Што датычыцца дарослых, то на 85—90 % гэта жаночая праблема. У сярэднім пасля 50 гадоў у жанчын актывізуюцца працэсы старэння. У прыватнасці, падае ўзровень жаночых палавых гармонаў — эстрагенаў, з-за чаго станчаецца слізістая, у тым ліку і ў органах мочаспускання — урэтры і мачавым пухіры. З узростам слабеюць і мышцы — з розных прычын: цяжкія роды з разрывамі ў анамнезе, падняцце цяжараў, калі на рабоце прыходзілася пераносіць цяжкія прадметы, гэтыя праблемы сустракаюцца ў повараў, прадаўцоў і інш. Такія фактары, як цяжкая фізічная праца, спадчынная схільнасць, плюс цяжкія роды і станчэнне слізістай прыводзяць да таго, што сфінктар — мышца, якая ўтрымлівае мачу, — пачынае яе прапускаць. Спачатку гэта адбываецца пры напружанні: падчас чхання, кашлю, падняцця цяжару ці падчас скачкоў, напрыклад, на батуце — пры ўсім, што вядзе да павышэння ўнутрыбрушнога ціску. У далейшым гэта адбываецца ўжо без усялякага напружання, пасля таго, як жанчына ўстае з ложка, напрыклад. І гэта прычына, па якой хтосьці адразу, хтосьці не зусім, але прыходзіць да ўрача, каб вырашыць гэту праблему.

— Чым можна дапамагчы ў такой сітуацыі?

— Першае і самае простае — перагледзець лад жыцця: я прашу пацыентак не паднімаць цяжар. Па-другое, звярнуцца да гінеколага-эндакрынолага, каб ён прызначыў гармоназамяшчальную тэрапію, якая дапаможа аднавіць слізістую, з-за чаго ўтрыманне мачы палепшыцца. Трэцяе — трэніраваць мышцы тазавага дна. Гэтыя практыкаванні можна выконваць у хатніх умовах, яны абсалютна простыя, урачы звычайна выдаюць памяткі з імі. Чацвёртае — практыкаванні з вагінальнымі конусамі. Гэта спецыяльны трэнажор, які трэніруе мышцы. Конусы градзіруюцца па вазе — ад лёгкага да самага цяжкага. За чатыры месяцы можна цалкам эфектыўна аднавіць усе мышцы, якія ўтрымліваюць мачу.

— Гэта ўдасца ў любым узросце?

— Абсалютна. У кожнай жанчыны, дарэчы, узрост пачатку гэтых праблем індывідуальны. Многае залежыць ад колькасці родаў, ад характару працы. У некаторых жанчын першапачаткова высокі ўзровень эстрагенаў, і падаць ён пачынае плаўна к 60 гадам. У іншых эстрагенаў няшмат, і зніжэнне пачынаецца ў 45. Але ў любым узросце можна дапамагчы. У 80 % выпадкаў ад пералічаных мной мер будзе значнае паляпшэнне. Існуе і медыкаментознае лячэнне нетрымання мачы, якое праводзіцца ў комплексе з практыкаваннямі і экстрагеназамяшчальнай тэрапіяй. Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца М-халінаблакатары. Гэта група прэпаратаў, якія ўздзейнічаюць на нервовыя канчаткі ў вобласці сфінктара мачавога пухіра.

Калі ж такіх мер недастаткова, можна прапанаваць наступную ступень вырашэння праблемы. Гэта так званая эстэтычная гінекалогія. У пэўныя кропкі ўводзяцца гіалуронавыя філеры — прэпараты гіалуронавай кіслаты, што дазваляе ўтрымліваць сфінктар мачавога пухіра, звужае урэтру і дапамагае ўтрымліваць мачу. Такія працэдуры выконваюцца на мяжы дзвюх навук — гінеколагамі і ўролагамі, але пакуль гэтых спецыялістаў у нашай краіне няшмат.

Ці дапаможа аперацыя?

— Якія яшчэ новыя методыкі прымяняюцца?

— Вельмі эфектыўнае лазернае амалоджванне як похвы, так і мочапалавых шляхоў. Гэта небалючая працэдура, патрабуецца ад 1 да 4 сеансаў. Дзякуючы ўздзеянню лазера патаўшчаецца слізістая, актывізуецца яе кровазабеспячэнне. Паляпшаецца не толькі мочаспусканне, а і якасць палавога жыцця. Такая інавацыйная методыка ў любым узросце прымальная, бяспечная і эфектыўная. На мой погляд, гэта добрая перспектыва, няхай камусьці яе давядзецца паўтараць раз у год.

І апошняя лінія абароны ў лячэнні нетрымання мачы — аператыўнае ўмяшанне. У свеце цяпер шырока прымяняецца пастаноўка імплантаў. Гэта спецыяльныя сінтэтычныя сетачкі, якія ўстанаўліваюцца пад скуру ў адпаведныя кропкі і, як гамак, утрымліваюць сфінктар мачавога пухіра, выконваючы яго функцыю. Гэта аперацыя вядома як TVT-пластыка, можа быць і пад іншай назвай. Імплант ставіцца на ўсё жыццё, ён на 100 працэнтаў эфектыўна спраўляецца са сваёй задачай. Такія імпланты ўжыўляюцца і пры пралапсе (правісанні) геніталій, пры выпадзенні маткі, похвы. У такім выпадку мадэлюецца ўсё тазавае дно, а не толькі сфінктар мачавога пухіра.

Абагульняючы, трэба сказаць, што абавязкова варта звяртацца да ўрача. У 100 % выпадкаў падыходзячы метад лячэння будзе падабраны, пачынаючы ад самага простага да радыкальнага. На любым этапе, пры любой ступені запушчанасці медыцына можа дапамагчы. Тым больш, што навука зрабіла ў гэтым плане вялікія крокі наперад.

Мужчыны таксама пакутуюць

— З якіх прычын узнікае нетрыманне мачы ў мужчын?

— Тут дзве катэгорыі самых распаўсюджаных праблем. Першая датычыцца мужчын у любым узросце пры неўралагічных, нейрагенных праблемах з мачавым пухіром. Яны ўзнікаюць пасля інсультаў, траўмаў спіннога і галаўнога мозга, калі парушаны цэнтры ўтрымання мачы. Гэтай групай пацыентаў займаюцца неўролагі. Ёсць прэпараты, якія паляпшаюць нервовую праводнасць, але тут важнае і лячэнне асноўнага захворвання. Другая група — гэта ўзроставыя пацыенты з вялікімі адэномамі прастаты. Адэнома — дабраякасная пухліна, якая вядзе да парушэння мочаспускання. Часам яна разрастаецца і цалкам ці на 90 % перакрывае мочаспускальны канал. Мачавы пухір перапоўнены, а позыву пацыент не адчувае. Мача па кроплі выцякае па ўрэтры. Гэта з'ява называецца парадаксальная ішурыя або нетрыманне мачы пры поўнай хранічнай затрымцы. Яе можна назіраць у пацыентаў, якія доўгі час не абследуюцца і не лечацца. Але з праблемай нетрымання мужчыны сутыкаюцца нашмат радзей, чым жанчыны.

— Што рабіць жанчынам, каб у сталым узросце гэтых праблем не было?

— Выконваць комплекс практыкаванняў па Кегелю для ўмацавання мышц тазавага дна, яны маюцца ў інтэрнэт-крыніцах. Не паднімаць больш за сем кілаграмаў: цяжар не для жанчын. У пачатку клімаксу, у так званай прэменапаўзе, калі з'яўляюцца першыя змены менструальнага цыклу, звяртацца да гінеколага, каб падоўжыць маладосць. Прызначаюцца раслінныя, гармоназамяшчальныя прэпараты, якія аднаўляюць узровень уласных эстрагенаў. Важная і прафілактыка цыстытаў як хранічнай праблемы. Калі цыстыт часты, гэта можа сведчыць аб наяўнасці бактэрый у мачы, што ўзмацняе нетрыманне мачы любой этыялогіі. Каб не было цыстытаў, варта падтрымліваць у норме мікрафлору похвы, не дапускаць дысбактэрыёзу, малочніцы, не пераахалоджвацца, выконваць меры посткаітальнай прафілактыкі, ужываць прэпараты на аснове журавін. Гэта прыродны антысептык, які ўтрымлівае бензольную кіслату, а яна знішчае ўсе бактэрыі ў мачы. Журавіны карысныя і ў выглядзе морсу, і ў выглядзе капсул з журавінавым экстрактам. А мужчынам параю своечасова лячыць адэному прастаты і перыядычна наведваць уролага.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не згубіць ні кроплі!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.