Вы тут

Як у розных мясцінах рыбакі называлі свае прылады? Падкажа слоўнік


Напэўна, у кожнага з дзяцінства застаюцца свае ўспаміны пра рыбалку. Хто сядзеў з вудай, хто ставіў на ноч пасткі, а хто суправаджаў дарослых, калі яны боўтам заганялі рыбу ў сетку. Мой бацька лавіў рыбу рукамі — выцягваў з-пад карчоў, карэння дрэў. На яго «майстар-класы» збіралася ўся дзятва. Маленькія памочнікі беглі па беразе з вядзерцам і чакалі, пакуль ім выкінуць чарговую злоўленую рыбку. А бацька ішоў па рацэ: ён заўсёды абуваў стаптаныя чаравікі, каб не параніць ногі, ды надзяваў вопратку, якой не шкада. Малыя глядзелі, як ён муціў ваду, запаміналі, у якіх месцах можа стаяць здабыча, даведваліся пра тое, якая раней тут вадзілася рыба... Сёння на нашай рацэ дзятва ўжо не рыбачыць, берагі зараслі так, што ўздоўж ракі ўжо не пабегаеш, ды наогул цяжка знайсці месца, дзе можна падысці да вады. Можа, таму сёння мне так цяжка на лета завабіць сваіх дзяцей на вёску...


На жаль, калі ездзіш па Беларусі, часта чуеш: «А ў нас раней...» І калі людзі ўспамінаюць пра рыбалку, разнастайныя прылады, спосабы лоўлі, разумееш: вось яна — страчаная рамантыка. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што рыбу на нашай тэрыторыі лавілі яшчэ з часоў палеаліту. А з сярэдніх вякоў стала развівацца рыбаводства. У статуце Вялікага Княства Літоўскага нават былі прапісаны пакаранні за самавольную лоўлю.

Пра асаблівасці нацыянальнай рыбалкі можна даведацца і з друкаваных крыніц. Так, «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» падкажа, як у розных мясцінах рыбакі называлі свае прылады: рыбалоўная крыга (кломля, клоўня, комля, брэдзень, бродзень, браднік, брот, трайнік, трайчак, гегні), венцер (нерат, нярот, мерат, норат, нарот, вінцір, яцер, верша, жак, кош, буч, буча), кручок у вудцы (зазубень, зазубец, гачок, вудка, зачэп), жак (венцер, мярожа, нерат), абруч у венцеры (бруч, обруч, каблук, камлук, закаблук, каблуч, калач, лук, дуга, дужка), палатно для рыбалоўных сетак (сець, сетка, ценета, рэдзь, рэзь, рэж).

Па-рознаму называлі і рыбу. Шчупак (шчука, кожушок, кожушка), мянтуз (мінтуз, мень, мінёк, мяк, калека, вягал), ёрш (ерш, яжгур, яджгур, саплівец, слюнька, слюньцяй, сморкач), уюн (віюн, ваюн, вілюн, юн, піскун, піскур, сліж, сліжык, кроўж), вугор (вугар, вугорыя, бугор, вангор, вэнгор, даўгар).

Шчупака, які ідзе на нераст у сакавіку, маглі зваць марцоўкай, у красавіку — апралёўкай. Каласавіком звалі ляшча, які нерастуе ў час каласавання жыта.

— У мове зафіксавана многа. Вучонымі праводзіліся даследаванні, звязаныя з рыбалоўствам, друкаваліся спецыяльныя падборкі слоў. Напрыклад, з этнаграфічных і лексічных выданняў можна даведацца, якія прылады выкарыстоўвалі на Беларусі, — расказвае Вераніка КУРЦОВА, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Людзі, якія спакон веку жылі каля ракі, яшчэ і сёння могуць багата расказаць. Яны ведаюць, дзе, што і ў які час трэба ставіць, як прабіваць палонку (часта называюць яе пелькаю). Напрыклад, мы ездзілі ў Верхнядзвінскі раён. Там велічэзнае Асвейскае возера, багатае на рыбу. У гэтых мясцінах былі вялікія рыбалавецкія арцелі, і не толькі мужчыны займаліся рыбалоўствам.

Мы былі ў вёсцы, што называецца Вялікае Сяло, запісвалі жанчыну, якая сама хадзіла і лавіла рыбу. Яна расказвала так захапляльна, настолькі ведала рыбалавецкую справу, што мы дзіву даваліся. 

А калі сунуліся ў іншую хату і хацелі спытаць мужчыну зноў жа пра мясцовыя традыцыі ў рыбалоўнай справе, то нічога не пачулі: наш моўца такой інфармацыяй не валодаў. Зразумела, чалавек, які хадзіў улетку сабе пару рыбін злавіць, многа не раскажа. Веды ж прафесійных рыбакоў куды шырэйшыя.

— Але, напэўна, сёння вучоным не так проста адшукаць такіх?

— На жаль, традыцыйныя рамёствы адыходзяць, і разнастайнай інфармацыі ўжо не атрымаеш. Дыферэнцыяцыя па занятках была натуральна абумоўленая. Так, хлеб і бульбу вырошчвалі ўсе, ці кожная жанчына прала, а вось валёнкі мог біць адзін чалавек. Не ўсе былі цеслярамі. Каб паставіць хату, патрэбны вопыт і ўменне, таму рубілі яе толькі асобныя людзі. І гэта вялікае шчасце, калі ўдаецца натрапіць на майстроў, якія самі займаліся пэўнымі рамёствамі.

Доўгія гады вучонымі збіраліся спецыяльныя групы лексікі. Напрыклад, у 60-я праводзіліся экспедыцыі пад кіраўніцтвам Мікіты Талстога на Палессе. Тады была сабрана багатая інфармацыя па розных лексіка-тэматычных групах палескай рэгіянальнай лексікі. Гэта назвы хаты і іншых гаспадарчых пабудоў, пчалярства, ткацтва, адзення і абутку і іншыя тэматычныя словазборы.

Добра апісана ў слоўніках, паказана на картах тое, што звязана з земляробствам, традыцыйным харчаваннем. Зараз мы рыхтуем адметны слоўнік, які будзе называцца «Плытагонства». Раней гэта было натуральнай справай — ганяць плыты: Беларусь уся ў рэках і азёрах. Асабліва шырока плытніцтва было развіта ў другой палове ХІХ стагоддзя: развіваўся гандаль з Захадам, і плытагонства для многіх стала дадатковым спосабам заробку.

Вялікая колькасць людзей займалася гэтым у басейнах Дняпра, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Прыпяці, найперш там, дзе былі вялікія сплаўныя рэкі. Да слова сказаць, плыты ганялі і па малых рэках, але галоўным месцам, дзе звязваліся плыты ў караван, былі, натуральна, толькі вялікія рэкі. Мы паспрабавалі сабраць усё, што было звязана з плытагонствам і адлюстравана ў розных навуковых ці інфармацыйных крыніцах. Ганяць плыты — гэта ж не проста звязаць некалькі дрэў разам. Існавала многа дадатковых аперацый.

— Ці варта скіраваць краязнаўцаў і грамадскія арганізацыі, якія ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі, адначасова збіраць і «моўную спадчыну», цікавіцца асаблівасцямі гаворак у пэўных рэгіёнах?

— Гэта добра, што ёсць кола маладых людзей, якія цікавяцца не толькі адметнымі падзеямі, датамі, лёсамі канкрэтных асоб ці, напрыклад, «палююць» на песні. Яны разумеюць каштоўнасць вуснай гісторыі. І чым больш будзе запісана, тым большая ім хвала. Мы захаваем для нашчадкаў неверагоднейшае багацце. Зможам пачуць жывое слова, даведацца, як складваўся традыцыйны побыт, як продкі пазнавалі і бачылі свет.

У час такіх падарожжаў можна сустрэцца з унікальнымі асобамі. Але трэба яшчэ ўмець весці размову так, каб адшукаць пэўную інфармацыю. І добра было б, каб перад экспедыцыяй патрымаць у руках апытальнікі, вызначыць мэты, дзеля якіх чалавек выпраўляецца ў такое падарожжа. Напрыклад, можна арыентавацца на матэрыялы Лексічнага атласа і спрабаваць папрацаваць з тымі ж тэмамі, паглыбіцца ў іх. У выніку чалавек, які цікавіцца родным краем, зможа сабраць сапраўды каштоўны матэрыял.

У нас яшчэ можна пачуць традыцыйную гаворку, цалкам натуральную, аблічча якой на фанетычным і граматычным узроўнях мала адрозніваецца ад яе стану на пачатку ХХ стагоддзя. У многіх еўрапейскіх краінах такога ўжо няма. Радуе, калі ў інтэрнэце выстаўляюць падобныя гукавыя запісы, моладзь захапляецца гаворкамі. І важна гэтую ініцыятыву вітаць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Асаблівасці нацыянальнай рыбалкі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.