Вы тут

Ад чаго аберагае грамнічная свечка?


Пытанне з Магілёва ад нашай чытачкі Марыі Васілеўны: «15 лютага — свята Грамніцы. Бабуля вучыла абавязкова ў гэты дзень пайсці ў храм і набыць свечку, якую яна называла «грамніца». Адкуль пайшла гэта традыцыя?»


Давайце разбірацца. Грамнічная свечка спалучыла ў сабе сімволіку дзвюх гісторыка-культурных традыцый. Святло абрадавай свечкі ачышчала перад чалавекам шлях, нейтралізоўвала перашкоды, была той пуцяводнай зоркай, што ўказвала не толькі сцежкі-дарожкі сённяшняга дня, але і на ўсім жыццёвым шляху.

Звычайна свечкі-«грамніцы» людзі рыхтавалі загадзя. Тыя, хто трымаў пчол, выплаўлялі самыя вялікія свечкі, у каго іх не было — куплялі жоўты воск у краме або знаёмых пчаляроў. Беларускі этнограф М. Я. Нікіфароўскі адзначаў, што грамнічныя свечкі былі «такога памеру, які дазваляў бы схаваць яе на грудзях пад верхняй вопраткай або ў рукаве і такім чынам утаіць ад чужых прысутнасць свечкі». Ён жа адзначаў, што тыповыя памеры былі наступныя: даўжыня павінна быць прыкладна дзесяць вяршкоў (44 см), а таўшчыня — тры чвэрці вяршка (каля 3,5 см). Такія памеры былі абумоўлены практыкай гаспадарчай дзейнасці і той колькасцю абрадавых сітуацый, у якіх грамнічная свечка выступала ключавым атрыбутам: свечку-грамніцу ўкладвалі ў рукі цяжка хвораму чалавеку; «грамніцай» бласлаўлялі сына-жаніха і дачку-нявесту; «грамніцу» запальвалі падчас нараджэння дзіцяці і г. д. Сёння хіба толькі пчаляры здольныя зрабіць сапраўдную свечку-грамніцу. Часцей за ўсё свечкі купляюць у храмах.

З моманту асвячэння ў храме або правядзення адпаведнага рытуалу дома той ці іншы святочны атрыбут ператвараўся ў сакральную рэч. Да ліку сакральных атрыбутаў адносілася і грамнічная свечка. На працягу года яе захоўвалі на покуці за абразамі або ў куфэрку, трымалі далей ад чужых вачэй, каб ніхто не ведаў, дзе яна прыхавана, і нават не здагадваўся, што яна ёсць у хаце.

Старыя людзі раілі: «Грамнічная свечка не падлягае пазычанню, як і агонь, нават у блізкія дамы сваякоў, родным асобам, што жывуць у іншай сям'і».

Пасля вяртання з храма ў хаце адбываўся абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку крыжападобна лёгенька абпальвалі валасы гаспадару, потым жонцы, далей усім астатнім членам сям'і па ўзросце, па чарзе. Пасля «вогненнага асвячэння» дамачадцаў бацька абыходзіў усе куты хаты, гаспадарчыя пабудовы, за выключэннем лазні. Знакам «выпальвання» заставаліся чорныя крыжы на бэльках або дзвярах. У некаторых рэгіёнах выконвалі наступнае рытуальнае дзеянне: у хлеў неслі грамнічную свечку і разломвалі-разразалі яе на столькі частак, колькі жывёл там было. Лічылася, што такое дзеянне надзейна ахоўвае свойскую жывёлу ад сурокаў.

Традыцыя забараняла ў гэты дзень адпраўляцца ў далёкую дарогу. Напрошваецца прамая аналогія з Калядамі, калі ў першы вечар пажадана было ўсім сядзець за сямейным сталом. Праз кароткі прамежак часу пачнецца Вялікі пост, таму лічылася абавязковым сем разоў паесці ў гэты дзень.

У дзень Грамніц у храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Па ступені значнасці грамнічная вада лічылася на адным узроўні з той, якую бралі на Вадохрышча.

Аднак найбольш моцным абярэгам грамнічную свечку лічылі ў час летняй навальніцы. Тое, што нарадзілася ад нябеснага агню, тое, што асвечана царкоўным абрадам, станавілася своеасаблівым гарантам перасцярогі. Свечку-грамніцу ставілі на падаконнік пры набліжэнні навальніцы, запальвалі яе. Лічылася, што яна адвядзе ад хаты нябесны агонь.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.