Вы тут

Подзвігі каўказцаў на беларускай зямлі


Жыхар Кабардзіна­ Балкарыі Ахмед Нахушаў знаходзіць імёны землякоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка­-фашысцкіх захопнікаў. Падключыліся да справы яго сын і дочкі.


Ахмед Нахушаў і яго дзеці атрымліваюць падзяку за падзвіжніцкую працу ад Паўла Сідарука

Асобныя гарады Беларусі ўжо адзначаюць 75‑годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Знакавую падзею памятаем і мы, адарваныя ад Бацькаўшчыны яе сыны, дочкі. У Кабардзіна-Балкарыі жыву я больш за 40 гадоў. (Родныя мясціны аўтара — гэта Жабінкаўскі раёна Брэстчыны: ён родам з вёскі Мышчыцы, закончыў Азяцкую СШ. Азяты цяпер — аграгарадок. — Рэд.). І тут мне цікавыя падзеі ваеннага часу на тэрыторыі Беларусі, да таго ж я шаную такія паняцці, як СССР, Радзіма, дружба народаў. Бо якраз у савецкую пару дзякуючы дружбе народаў стала магчымаю Вялікая Перамога над германскім нацызмам. Герояў, што атрымалі тую перамогу, змагаючыся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах, усё менш сярод нас. У Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы юбілейны медаль “60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” быў уручаны 168 ветэранам-удзельнікам вызвалення Беларусі. На 65‑годдзе Вызвалення былі ўшанаваны 101 чалавек, на 70‑годдзе — толькі 12. А ў 2017‑м на сустрэчу ў іх гонар, якую праводзіць штогод у Дзень Незалежнасці Беларусі наш Кабардзіна-Балкарскі грамадскі рух “За яднанне, сябры!”, змагло ў Нальчыку прыйсці толькі 3 ветэраны. Цяпер мы рыхтуемся да ўрачыстасцяў з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі: наш ансамбль “Каларыт” робіць канцэртную праграму, будзе ўручэнне медалёў — свята!

Чым далей мы ад страшных гадоў — тым больш важна памятаць і ведаць: якім чынам і як дасталася Перамога, хто склаў галовы на яе алтар, сваімі жыццямі рызыкаваў, здароўе губляў у імя нашага жыцця. Важна не скажаць гістарычную праўду, а данесці яе да моладзі, да грамадзян сусветнай супольнасці — каб абараніць ад паклёпаў подзвіг савецкіх людзей, не прынізіць Вялікую Перамогу. І сярод тых, хто добраахвотнікам стаў на такі пост — Ахмед Нахушаў з Кабардзіна-Балкарыі, з горада Баксана. Ахмед Беталавіч працуе ў Федэральнай падатковай службы Расіі па Баксанскім раёне. Разам са сваімі дзецьмі (студэнтка Кабардзіна-Балкарскага ўніверсітэта Дыяна, вучаніца 3‑й школы Баксана Арыяна і вучань той жа школы Інал) у вольны ад працы час займаецца вышукам ураджэнцаў КБР, якія ўшанаваныя былі баявымі ўзнагародамі пад час Вялікай Айчыннай вайны, аднак у сілу баявых дзеянняў ды іншых абставінаў (часта й смерці) не атрымалі іх у свой час. Баксанскія следапыты ўжо адшукалі больш за 150 імёнаў герояў-землякоў. Многія з іх загінулі на беларускай зямлі. Дакументы амаль на ўсіх перададзены родным ва ўрачыстай абстаноўцы. Здараецца, пра ўзнагароджанні не ведалі раней ні самі героі, ні іх дзеці, унукі. Колькі цікавых лёсаў, колькі болю й радасці адначасова перажываюць пошукавікі, калі выяўляюць такіх асоб! Вядомыя словы “ўзнагарода знайшла свайго героя” тут якраз да месца.

Чаму пішу пра тое ў газету “Голас Радзімы”, нясу вестку пра Ахмеда Нахушава й яго памочнікаў у Беларусь, беларусам па свеце? Па-першае, многія выхадцы з Кабардзіна-Балкарыі партызанілі, змагаліся з ворагам у лясах Беларусі. Мы — а да справы падключыліся й беларусы КБР — адшукалі, апублікавалі іх імёны ў СМІ Кабардзіна-Балкарыі. Такіх аказалася 27 чалавек. Да таго ж многія ўраджэнцы КБР былі ў радах Савецкай арміі ды загінулі пры вызваленні Беларусі ад ворагаў. Па-другое, я ганаруся тым, што мае землякі-беларусы — не ачарсцвелі сэрцамі, памятаюць пра подзвігі воінаў розных нацыянальнасцяў, якія вызвалялі Беларусь. І таму ёсць яркія пацвярджэнні. Прывяду факты.

18 студзеня 1944 года ў жорсткім баі на захад ад горада Мазыра, падняўшы байцоў на чарговы штурм умацаванага рубяжа, смерцю храбрых загінуў гвардыі старшы лейтэнант Мухарбі Герандокаў, начальнік штаба 62 гвардзейскага кавалерыйскага палка, 16 гвардзейскай Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі. Загадам па войсках Першага Беларускага фронта № 44 ад 28.04.1944 года герой быў узнагароджаны ордэнам Кутузава ІІІ ступені (пасмяротна). Дарэчы, гэта адзіны кавалер такога ордэна ў КБР. Пахаваны быў Мухарбі Дамжукавіч у брацкай магіле ў вёсцы Мялешкавічы, Мазырскага раёна.

Ахмед Нахушаў даведаўся пра высокую ўзнагароду земляка, выкарыстаўшы матэрыялы сайта “Подвиг народа” Мінабароны Расіі — http://podvіgnaroda.ru/. Як і пра тое, што ордэн яму не быў уручаны. Следапыт праз СМІ расказаў пра земляка, ягоны подзвіг на беларускай зямлі, пасмяротную ўзнагароду. І летась, калі быў чарговы дзень памяці Мухарбі Герандокава, тагачасны кіраўнік Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі Юрый Кокаў (з 26 верасня 2018 года — намеснік Сакратара Савета Бяспекі Расіі. — Рэд.) ад імя Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна перадаў ордэнскі знак і пасведчанне да яго на захаванне ў Нацыянальны музей Кабардзіна-Балкарыі. Музей, дарэчы, ад разграблення фашыстамі ў гады акупацыі выратаваў беларус Сцяпан Саўчук: ён быў родам з вёскі Шэбрын, з‑пад Брэста. Той подзвіг Сцяпана Пятровіча пацвярджаюць і архіўныя дакументы. (Месца нараджэння Сцяпана Саўчука мела ў розны час розныя гістарычныя назвы: Шэбрын, Шебрин, Szebryn, Sebryn, Шчэбрын, Щебрин, Schebrіn, Shchebrіn, Szczebryn, Shebrіn, Shebryn. Пра тое ды родзічаў героя, сам подзвіг мы пісалі: “Памятаюць, дзякуюць, цэняць…” — ГР, 11.07.2013 — https://www.sb.by/artіcles/pamyatayuts-dzyakuyuts-tsenyats.html). І тое, што ў Нальчык на захаванне перададзены ордэн — выпадак выключны, знакавы, бо звычайна родзічам героя ўручаецца толькі пасведчанне.

Вучні Мялешкавіцкай школы ля брацкай магілы

І вось якая акалічнасць стала вядомая, калі Ахмед Нахушаў шукаў родзічаў героя. У пасляваенны час у вёсцы Іванкаўшчыне, па суседстве з Мялешкавічамі (цяпер аграгарадок), нарадзілася Крысціна Пракаповіч. (Пра Іванкаўшчыну — тут: https://gp.by/regіonsfact/news/news29688.html, пра Мялешкавічы — тут: https://meleshka.schools.by/ — Рэд.) І было наканавана дзяўчыне з Палесся па месцы працы ў Маскве сустрэцца з Марытай — стрыечнай пляменніцай Мухарбі Герандокава. Ну бывае ж так! Глыбока да сэрца ўспрыняла Крысціна тое, што расказала ёй Марыта пра баявы шлях дядзькі-героя. А калі была дома, то разам з бацькамі наведалі яны брацкую магілу, дзе пахаваны Мухарбі Герандокаў, усклалі кветкі да помніка, перадалі зямлю з магілы на радзіму героя.

Ордэна Аляксандра Неўскага за вызваленне Беларусі ўдастоены быў (пасмяротна) яшчэ адзін ураджэнец Кабардзіна-Балкарыі: падпалкоўнік Сагід Карданаў. Загінуў Сагід Асхадавіч 10 студзеня 1944 года. Першаснае месца пахавання — горад Гарадок, Віцебскай вобласці. Аддадзім павагу й гэтаму герою. Дасылаю ўдзячнасць людзей з далёкіх краёў, з поўдня Расіі як згаданай ужо Крысціне, так і Алене Бястаевай: яна таксама родам з Беларусі. Алена дапамагла Цімуру Карданаву, кіраўніку патрыятычнага клуба “Родина” з Рэспублікі Паўночная Асеція-Аланія ў вышуку вестак пра земляка: Альбіна Канукава. Сын двух народаў, кабардзінскага й асяцінскага, Альбін Харытонавіч быў камандзірам партызанскага атрада імя М. В. Фрунзэ ў гады вайны ў маім родным Жабінкаўскім раёне, у Брэсцкай вобласці. У грозным 1942‑м за ўдзел у баях на тэрыторыі Данецкай і Растоўскай абласцей прадстаўлены быў да звання Героя Савецкага Саюза, але ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага сцяга.

Мне прыемна пісаць, што службоўцы з упраўлення Узброеных Сіл Беларусі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны вельмі адказна паставіліся да просьбы Ахмеда Нахушава: высветліць месца пахавання ды ўдакладніць біяграфічныя весткі радавога Хазраіла Шагенава. Цяпер мы ведаем: Хазраіл Татуевіч, які загінуў 15 лістапада 1943 года ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, таксама не паспеў атрымаць узнагароду. За дзесяць дзён да смерці яго ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Неабходныя весткі ў Беларусі — знайшлі, факты ўдакладнілі. Паведамілі ў Кабардзіна-Балкарыю, што перапахаваны быў герой у брацкай магіле вёскі Халамер’е Віраўлянскага сельскага Гарадоцкага раёна (Віроўля цяпер — аграгарадок. — Рэд.). Пасведчанне да медаля ў 2018‑м урачыста ўручылі сыну франтавіка.

Безумоўна, подзвігі бацькоў, дзядоў — надзвычай важны складнік у партыятычным выхаванні моладзі. Мне вядома, напрыклад, што Залім Шагемаў, палкоўнік запасу, кавалер двух ордэнаў Мужнасці, атрыманых у наш час, — пляменнік Мухарбі Герандокава. Дарэчы, і Залім Далетгірэевіч шмат часу аддае вышуку звестак пра загінулых землякоў ды ўшанаванню іх імёнаў праз СМІ, выданне кніг.

Мы жывем у неспакойны час, калі ваенныя канфлікты ўспыхваюць па свеце ў розных яго частках. І таму так важна, каб словы патрыятызм, любоў да Радзімы не былі пустым гукам для нашчадкаў герояў, унукаў і праўнукаў тых, хто ўратаваў свет ад нацызму. Патрыятычных пачуццяў, у тым я ўпэўнены, не варта саромецца. Пакуль жывыя мы, дзеці і ўнукі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, выхаваныя на прыкладах іх самаахвярнасці, вернасці воінскаму абавязку, любові да Радзімы,  — мы будзем абараняць тое, што для нас святое. І не дамо сказіць гісторыю той вайны, Вялікай Перамогі, будзем шанаваць імёны тых, хто яе набліжаў. Будзем памятаць: уклад народаў былой вялікай краіны — СССР — у перамогу над фашысцкай Германіяй быў вызначальным.

Павел Сідарук, старшыня савета Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За яднанне, сябры!”, г. Нальчык

 

Ад рэдакцыі. Пры падрыхтоўцы тэксту мы тэлефанавалі ў Мялешкавіцкі яслі-сад-сярэднюю школу Мазырскага раёна, размаўлялі з настаўніцай матэматыкі Аленай Дамасевіч. Яна пацвердзіла: вучні даглядаюць брацкую магілу ў Мялешкавічах. На сайце школы ёсць здымкі, на іх бачна, што раней магіла мела крыху іншы выгляд. Інжынер-праграміст Генадзь Ганчар, які вядзе сайт, паведаміў: у яго вялікая база фотаздымкаў за апошнія 13 гадоў. І бачна з іх, што раней імя старшага лейтэнанта Мухарбі Герандокава на мемарыяльнай дошцы не значылася — цяпер ёсць. Добраўпарадкаванне, паведаміў Генадзь Сцяпанавіч, зрабілі ў 2015-м: да 70-годдзя Перамогі. Ніякай інфармацыі пра герояў, што пахаваны ў брацкай магіле ў Мялешкавічах, у школе няма. Таму, мяркуем, артыкул Паўла Сідарука, прыклад падзвіжніцкай дзейнасці Ахмеда Нахушава (які, дарэчы, праходзіў у свой час вайсковую службу ў Беларусі) ды вялікія інтэрнэт-базы архіўных дакументаў паспрыяюць таму, каб у беларускай глыбінцы больш даведаліся пра герояў, ваенныя часці, што 75 гадоў таму вызвалялі гэты рэгіён Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?