Вы тут

Зімовае купанне ў Ліепаі


Вядучым і арганізатарам Вадохрышчанскіх купанняў у латышскім горадзе, што прайшлі там сёлета ўпершыню, быў сябар мясцовай беларускай суполкі “Мара” Юры Хадаровіч


Юры Хадаровіч у Хрышчэнскай вадзе. Ён жа і зладзіў купальню з аднадумцамі.

19 студзеня ў праваслаўных хрысціян — дзень Хрышчэння Гасподняга. Народная ж назва свята ў Беларусі: Вадохрышча. Сёлета ў Ліепаі ўпершыню наладжаны былі Вадохрышчанскія купанні з актыўным удзелам сяброў з рускай, украінскай і беларускай суполак. Усяго ж больш чым 700 чалавек прыйшлі паглядзець, а некаторыя й паспрабаваць на сабе цудадзейную сілу Вадохрышчанскіх акунанняў. Праўда, у ледзяную ваду, асвячоную настаяцелем Ліепайскага Аляксандра-Неўскага храма протаіерэем Ігарам, пакуль не ўсе рашыліся на марозе акунуцца. Ды й папіць у святочнай атмасферы гарачага чаю, гарбаты, паслухаць народныя песні — тасама было цікава.

Вядучым і арганізатарам гэтых купанняў быў сябар Ліепайскай беларускай суполкі “Мара” Юры Хадаровіч. Сам ён актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўчых працах, разам з іншымі добраахвотнікамі ладзіў купель са зручнымі драўлянымі лесвіцамі.

На Вадохрышчанскіх купаннях спявалі розныя мясцовыя гурты: беларускай песні “Паўлінка” (дзейнічае пры суполцы “Мара”), украінскай народнай песні “Барвинок” (з таварыства “Свитанок”), украінскай песні “Славянская душа”, ансамбль “Ярило” — з мультынацыянальнага культурнага цэнтра “Унисон”. Сярод ганаровых гасцей свята былі консул Генконсульства Расіі ў Ліепаі Дзмітрый Багданаў і прадстаўніца Ліепайскай гарадской думы, эксперт па справах недзяржаўных арганізацый Брыгіта Дрэйжэ. Спадарыня Брыгіта казала: “Я рада таму, што мы ўсе можам аб’яднацца ў адным вялікім хрысціянскім свяце. Маё пажаданне вам: каб вера, што Ісус Хрыстос хрысціўся ў рэчцы Ярдане, абавязкова была ў кожным з нас”. Яна падзякавала ўсім за гэтую імпрэзу.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая.

Фота: Сяргей Пятроў.

Ад рэдакцыі. Праз Анжэлу Фаміну (Anzela Fomіna), нашага няштатнага карэспандэнта, мы выйшлі на Юрыя Хадаровіча (Jurіjs Hadarovіcs), які напісаў крыху пра сябе. “Мой тата — беларус, родам з вёскі Івана-Агароднікі: гэта Мінская вобласць, Слуцкі раён, — паведамляе Юры. — У сям’і было пяцёра дзяцей. Мае дзядуля й бабуля працавалі там у мясцовым калгасе “Першага Мая”. Мой будучы тата пасля школы паехаў вучыцца ў Кранштацкую мараходную школу, калі ж яе закончыў, то быў накіраваны ў Ліепаю. А мама ў мяне — латышка з усходняй Латвіі, прыехала ў Ліепаю паступаць у педінстытут. Яны пазнаёміліся, стварылі сям’ю, і ў 1975-м я тут і нарадзіўся. Рос у сям’і, дзе гучалі беларуская, руская, латышская мовы, жылі з павагай да розных культур, прадстаўнікоў розных народаў. Можа, гэта мне дапамагло ў будучыні асвоіць іншыя мовы: цяпер я валодаю пяццю”.

У раннім дзяцінстве, паведамляе далей Юры, ён быў ахрышчаны ў Латгаліі, на ўсходзе Латвіі, у каталіцкай царкве. З таго часу й далучаўся да царкоўных традыцый: “Царкву я абавязкова наведваю на вялікія святы (Раство Хрыстова, Уваскрасенне Хрыстова, Тройца ды іншыя) ды ў іншыя дні: каб паставіць свечку, пагутарыць з Богам. Мне таксама духоўна блізкія й праваслаўныя традыцыі, храмы, у якія таксама часам заходжу”.

У такіх марозных умовах ансамбль “Паўлінка” спявае нячаста

У Юрыя Хадаровіча вельмі дружная сям’я, ёсць трывалыя сувязі са сваякамі ў Беларусі. Многія з іх цяпер жывуць у Мінску, і час ад часу сваякі ездзяць адзін да аднаго ў госці: “Пад Слуцкам у мяне пахаваныя дзядуля, бабуля, прадзядуля, прабабуля ды многія іншыя родзічы. Я памятаю пра свае беларускія родавыя карані, шаную й паважаю сваю малую радзіму, зямлю продкаў — таму і ўдзельнічаю, прычым актыўна, у жыцці Беларускай грамады Ліепаі “Мара”.

Анжэла Фаміна паведаміла яшчэ, што Юры Хадаровіч з 2013 па 2017 год быў намеснікам старшыні Ліепайскай гарадской думы, ён жа — заснавальнік і кіраўнік палітычнай партыі “Лиепая в квадрате” і Латвійскай асацыяцыі вытворцаў бялізны. Раней быў чэмпіёнам Латвіі па боксе, цяпер захапляецца настольным тэнісам.

Спадзяемся на працяг творчага сяброўства, паважаныя супляменнікі з Ліепаі!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.