Вы тут

Распачынаем новы праект, каб аддаць даніну памяці тым, каго забрала вайна


Народ-змагар. Народ-вызваліцель. Народ, які выстаяў, выцерпеў, не скарыўся. Многа сказана пра ролю беларусаў у Другой сусветнай вайне. Мы часта згадваем пра супраціўленне, падполле, партызанаў. Але ці толькі расповедамі пра подзвігі і герояў можна захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну? Нельга забывацца на тое, якія выпрабаванні выпалі на долю нашага народа. На акупаванай тэрыторыі Беларусі нацыстамі было знішчана больш за 2,35 мільёна чалавек, з іх 1,5 мільёна цывільнага насельніцтва! Мы страцілі кожнага трэцяга... Але ці ведае сучаснае пакаленне, як паміралі людзі, якія пакуты давялося перажыць простым мірным жыхарам? І наколькі вырастае цана перамогі, калі ведаць, ад якіх жахаў была вызвалена Беларусь? І гэта не толькі канцлагеры і гета, палаючыя вёскі, забітыя дзеці і старыя... Памяць захоўваецца ў расповедах тых, каму ўдалося ацалець падчас акупацыі, у сведчаннях, сабраных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у фатаграфіях, дакументах. Найбуйнейшай скарбніцай такой інфармацыі з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Разам з ім «Звязда» распачынае новы праект, каб аддаць даніну памяці людзям, якіх забрала вайна...


— «Кожны трэці»... Ці правільна для Беларусі ацэньваць колькасць ахвяр толькі ў гэтых лічбах? Вайна — гэта не толькі тыя, хто загінуў...

— Сапраўды, мала падаваць выключна статыстыку, гаварыць пра разбурэнні, страты. Вайна закранула кожнага, у тым ліку, псіхалагічна. Колькі зламаных лёсаў! Калі на вачах дзіцяці забіваюць маці ці бацьку (ці наадварот бацькі страчваюць дзяцей), гэта жудасная карціна, траўма на ўсё жыццё. Цяжка ўявіць, як з гэтым чалавек пасля жыў. А такіх выпадкаў у гады вайны ў нас былі тысячы, — заўважае загадчык аддзела навукова-даследчыцкай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Яцкевіч.

— Магчыма, пры патрыятычным выхаванні не хапае такіх расказаў пра вайну, як пра асабістыя трагедыі пэўных людзей?

— Адразу пасля вайны было не да эмоцый ці капанняў у чалавечай душы. Дзесяцігоддзі пасля вызвалення людзі гаварылі аб перамозе. Але сёння якраз здзейснены паварот у бок эмацыянальнага, асобаснага ўспрымання. Якія цікавыя сталі з'яўляцца мастацкія фільмы і творы! Можна згадаць пра кнігі Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч, дзе паказана душа чалавека, яго эмоцыі на вайне. Я была сведкай і ўдзельніцай гэтага перавароту, які пачаўся ў 90-х гадах. Напэўна гэта было звязана са зменамі ў грамадска-палітычным жыцці. Перастаў існаваць Савецкі Саюз, мы атрымалі больш магчымасцяў разглядаць гісторыю сваёй краіны, канкрэтна беларусаў ці людзей, якія аказаліся на тэрыторыі Беларусі. У гэты час архівы сталі больш даступныя, людзі пачалі гаварыць пра мінулае больш адкрыта. У дзевяностыя-двухтысячныя гады вельмі моцны прарыў адбыўся ў вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І сёння мы нашмат больш ведаем, ці маем магчымасцяў, каб адкрываць нешта новае. У нас ёсць кантакты з калегамі з іншых краін. Гэта таксама адыграла немалаважную ролю ў папаўненні ведаў пра Другую сусветную і Вялікую Айчынную вайну.

— Сёння мы добра ведаем пра Трасцянец, хоць яшчэ гадоў пяць таму ўдзельнікі аднаго з круглых сталоў «Звязды» скардзіліся, што няма сур'ёзных даследаванняў, прысвечаных гэтаму найбуйнейшаму лагеру смерці ў Беларусі. Пра якія яшчэ месцы масавага забойства варта згадаць, прысвяціць даследаванні, паставіць помнікі, улічваць пры распрацоўцы тэматычных экскурсій?

— Такіх кропак на тэрыторыі Беларусі бясконцая колькасць. У нас няма жывога месца, дзе б не пакутавалі людзі, не гінулі савецкія воіны і мірнае насельніцтва. Тут неабсяжная прастора для дзейнасці нашых навуковых супрацоўнікаў і тых, хто глыбей бы хацеў даведацца пра вайну. Падчас экскурсіі ў нашым музеі мы называем лічбу — 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння. Столькі было даследавана і выведзена па звестках Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі БССР. У нас у экспазіцыі ёсць карта месцаў гібелі савецкіх ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. Гаворка ідзе аб сотнях, тысячах і дзясятках тысяч людзей.

— Так, пра месцы, дзе адбываліся масавыя забойствы, можна адшукаць інфармацыю. Але людзі гінулі ў турмах, падчас аблаў, іх забівалі на вуліцы і ва ўласных дамах... Ці былі падлічаны гэтыя ахвяры?

— З гэтым значна больш складана. Часам звяртаюцца па дапамогу людзі, якія гавораць, што ў пэўнай вёсцы ці горадзе загінуў іх сваяк і гэта бачылі суседзі. Але ніякіх дакументаў, якія гэта пацвярджалі б, не захавалася. Выпадкаў, калі людзей расстрэльвалі індывідуальна ці невялікімі групамі, падчас вайны была маса. Калі гэта не зафіксавана ва ўспамінах ці мясцовыя жыхары не адзначылі месца помнікам, калі інфармацыя не адклалася ў сям'і пацярпелых, вельмі складана ўзнавіць падзеі.

У 90-я гады вялікую работу правяла спецыяльная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь. І я была членам гэтай камісіі, у задачу якой уваходзіла выяўленне іншых месцаў знішчэння людзей на тэрыторыі Беларусі, нават індывідуальных. У 2001 годзе выйшаў даведнік, дзе побач з буйнымі месцамі пазначаны і невялікія: турмы, працоўныя лагеры, гета, якія размяшчаліся ў розных населеных пунктах. У асноўным выяўленне вялося па афіцыйных крыніцах, архівах, музеях... Часам ёсць успаміны, спасылкі, згадкі ў архівах, што ў пэўным месцы размяшчалася, напрыклад, турма, але не хапае інфармацыі пра тое, колькі людзей там загінула. Вялікую дапамогу ў пошукавай рабоце зараз аказвае серыя гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць». Пошукавую дзейнасць трэба працягваць. Яшчэ многа захоўвае чалавечая памяць, у тым ліку ў сям'і. Не ўсе матэрыялы архіваў вывучаны. Гэта праца яшчэ не аднаго пакалення.

— Перамогу кавалі не толькі на палях бітвы. Дзеля яе людзі рызыкавалі сваім жыццём і на акупаванай тэрыторыі. Сярод ахвяр вайны багата невядомых герояў. Пра іх таксама трэба гаварыць...

— Мне падабаецца, што аднаўляецца такая работа ў многіх школах. У нас дастаткова многа зваротаў ад вучняў, якія распрацоўваюць нейкую тэму, напрыклад, збіраюць інфармацыю пра пэўных удзельнікаў ваенных падзей. Добра, калі школа носіць імя героя. Тады з пакалення ў пакаленне дзеці даведваюцца больш пра вайну, у тым ліку і праз лёсы герояў. Ствараюцца мікрараёны, будуюцца новыя школы — і ўхвальна, калі дзеці і настаўнікі звяртаюцца да нас, каб больш пачуць пра людзей, у гонар якіх былі названыя вуліцы, побач з якімі размяшчаецца навучальная ўстанова. Мы дапамагаем школам ствараць стэнды і экспазіцыі, перадаём копіі матэрыялаў, фатаграфій, якія ў нас ёсць, праводзім па сваім музеі, паказваем на прыкладзе, як мы робім выстаўкі ці пастаянную экспазіцыю.

— Зараз школьнікі, краязнаўцы, грамадскія арганізацыі яшчэ спрабуюць запісваць гісторыі сведак Вялікай Айчыннай. Але тое, што збяруць сёння, і тое, што ўдалося захаваць дзякуючы рабоце работнікаў музея, — непараўнальныя рэчы.

— З аднаго боку, калі інфармацыя збіралася па гарачых слядах, людзі помнілі дэталі. А з другога, былі рэчы, пра якія адразу пасля вайны альбо не хацелі пісаць, альбо не маглі з нейкіх прычын. Быў такі выраз «пісаць у стол», і людзі пісалі ў надзеі, што, магчыма, некалі гэта стане вядома ці даступна.

— Што могуць зрабіць сем'і, каб інфармацыя пра вайну, якую яны захоўваюць, не знікла?

— Калі ёсць дакументы перыяду вайны, у першую чаргу іх трэба адсканіраваць. Папера таго часу вельмі дрэннай якасці, тэксты знікаюць, заціраюцца. Арыгіналы лепш перадаваць у музеі ці архівы, дзе прафесійна забяспечаць іх захаванасць. У сям'і можна пакінуць копіі. Важныя любыя дакументы: баявыя характарыстыкі, асабовыя справы ўдзельнікаў вайны, прадстаўленні да ўзнагароджвання. Мы прымаем і ўспаміны, запісаныя на паперу (раней ветэраны пісалі іх ад рукі). А сёння такія сведчанні састарэлых людзей іх сваякі могуць надрукаваць, а сам сведка ваенных падзей пасля можа пад тэкстам пакінуць свой подпіс. Зараз жывое пакаленне дзяцей Вялікай Айчыннай вайны, і яны часам звяртаюцца да нас, каб хоць нейкі след застаўся ў гісторыі пра іх бацьку, маці, дзеда. Яны ідуць у дзяржаўныя ўстановы, бо ведаюць, што ў музеі ці архіве захоўванне вечнае, што гэта не прападзе выпадкова, калі не застанецца вартых спадчыннікаў. У выніку мы больш даведваемся пра вайну, пра асабісты ўдзел чалавека, адкрываем новыя прозвішчы. Мы не абмежаваны толькі імёнамі тых, хто ў свой час атрымаў увагу, стаў героем, патрапіў у падручнікі гісторыі, энцыклапедыі, літаратуру — афіцыйную, навуковую і мастацкую. У кожнага, хто перажыў вайну, ёсць свая гісторыя, якую б ён хацеў пакінуць нашчадкам. І тут у нас неаранае поле. Мільёны людзей закранула вайна. А значыць, існуюць мільёны гісторый.

— І па такія гісторыі можна прыходзіць у музей?

— Да нас штодзень паступаюць запыты, лісты (палова — праз электронную пошту і сацыяльныя сеткі), і, напэўна, яны ніколі не скончацца. Раней людзі, якія заспелі ў жывых удзельнікаў ваенных падзей, маглі атрымаць інфармацыю напрамую, а зараз вельмі радуе, што ва ўнукаў і праўнукаў ёсць вялікая цікавасць да таго, што адбывалася з іх дзядамі. І мы дапамагаем такім людзям. Значная частка нашай працы — гэта пошук. У нас дастаткова багатыя фонды не толькі прадметаў, дакументаў, але і ўспамінаў. Нашы супрацоўнікі часам спрабуюць нават за межамі музея знайсці інфармацыю, падказаць, куды яшчэ можна звярнуцца.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Мільёны непачутых гісторый...

Выбар рэдакцыі

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.

Грамадства

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

 Псіхолаг Раман Кручкоў упэўнены, што на самай справе агрэсія ўласціва ўсім людзям.  

Грамадства

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны музей «Бярэсце» і навакольная тэрыторыя перажываюць вялікае абнаўленне. 

Культура

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку».