Вы тут

На ўзроўні літаратур, на ўзроўні краін


Калі заходзіш у памяшканне БелЭкспа, немагчыма абмінуць павільён з надпісам «Кнігі Расіі» — такі наш шлях сёлета да стэнда ў самым цэнтры з надпісам «Беларусь». І тут жа побач Расійская Федэрацыя — з вялікай пляцоўкай для сустрэч і дыскусій, насычанай праграмай ад розных выдавецтваў. І дэлегацыя Расіі сёлета вельмі вялікая: пісьменнікі з розных рэспублік і рэгіёнаў распавядаюць пра сваю літаратуру ў ХХІ стагоддзі. Ці адрозніваецца яна ад той, якая адкрывалася нам праз школьную праграму і жыве ў свядомасці разам з найбольш значнымі імёнамі?


Удзельнікі з Татарстана сёлета дзеляцца досведам прасоўвання сваёй літаратуры на радзіме і за мяжой. Фота Кастуся Дробава.

Але ці можна вызначыць усю літаратуру краіны некалькімі імёнамі? Ці карэктна для сучасных расіян казаць: «Пушкін — наша ўсё». Гэтую фармулёўку на адкрыцці Расійскага нацыянальнага стэнда нагадаў намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Уладзімір Грыгор’еў. І тут узнікла падстава для дыскусіі — нават паміж прадстаўнікамі адной, але вельмі вялікай краіны, якая сёлета ў Мінску на кніжнай выстаўцы-кірмашы ўдзельнічае як цэнтральны экспанент.

Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў... Альбо Талстой, Дастаеўскі, Горкі? Ці Гогаль, Талстой, Дастаеўскі?.. Назваў знакавыя імёны рускай літаратуры ХІХ стагоддзя Міхаіл Швыдкой, спецпрадстаўнік Прэзідэнта РФ па міжнародным і культурным супрацоўніцтве. І прызнаўся, што не змог назваць тры кнігі, якія варта чытаць, каб мець уяўленне пра літаратурную творчасць Расійскай Федэрацыі.

— Насамрэч пры тым, што руская культура літаратурацэнтрычная, яна звязаная з вялікім рускім раманам ХІХ стагоддзя, можна сказаць, што сёння ў Расіі працуе бліскучае сузор’е пісьменнікаў. Мне спатрэбілася назваць 10 кніг, для таго каб прадставіць годна тое, што рэальна адбываецца ў рускай літаратуры. Канешне, нашы сучаснікі любяць праводзіць паралелі з Талстым, Горкім ці Чэхавым і робяць высновы, што сянняшнія літаратары да іх вяршынь не дасягаюць. Але сённяшнія літаратары пішуць тое, пра што не напісалі ні Горкі, ні Чэхаў, ні Талстой. Яны пішуць пра наш сённяшні час, пра боль і радасць, якія перажывае краіна. Усе, хто падыдзе да расійскага стэнда і пазнаёміцца з сучаснай літаратурай, атрымаюць задавальненне, — адзначыў Міхаіл Швыдкой. — Для нас вялікі гонар, што мы на гэтай выстаўцы-кірмашы прадстаўляем расійскую літаратуру. Мы шчаслівыя тым, што гэта сапраўды прадстаўленне шматнацыянальнай расійскай кніжнай культуры, таму што тут не толькі пісьменнікі, якія пішуць на рускай мове. У склад нашай дэлегацыі ўваходзяць калегі з Паўночнага Каўказа, пісьменнікі Чачні, Дагестана, Карачаева-Чаркесіі. Мне вельмі радасна, што мы прадстаўляем жывую літаратуру.

Прэзентацыя расійскай літаратуры арганізавана так, каб і сябе паказаць (у тым ліку з каларытам, як, напрыклад, творцаў Татарстана), і пра гаспадароў не забыць. У складзе расійскай дэлегацыі, напрыклад, — асобы з беларускім паходжаннем, як Ядвіга Юферава, намеснік рэдактара «Российской газеты», дырэктар выдавецтва «Час» Барыс Пастарнак ды іншыя. Ды сам Купала: яго вершы гучалі на расійскім стэндзе ў перакладзе галоўнага рэдактара «Литературной газеты» Максіма Замшава.

Павільён беларускіх пісьменнікаў у дзень адкрыцця вылучаўся словамі ўдзячнасці: шэраг айчынных аўтараў атрымалі ўзнагароды Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы. І ўсё так высакародна. Як жа тут не пачытаць колькі вершаў пра Беларусь і Расію? Яны ўжо ёсць, напісаныя па-руску і па-беларуску, нават перакладзеныя. Аўдыторыя самая ўдзячная, свая, пісьменніцкая. Радавалася за калег. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец пры гэтым яшчэ звярнуў увагу, што «наперадзе вялікая праца яшчэ і таму, што трэба знаходзіць больш пунктаў, якія яднаюць народы».

Такіх пунктаў у праграме выстаўкі сёлета шмат яшчэ і ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі, што таксама адлюстравалі ў адной з першых прэзентацый на расійскім стэндзе. Сумесны расійскабеларускі выдавецкі праект — кніга для школьнікаў «Дзяцінства ў салдацкай пілотцы», выдадзенай у межах выдавецкіх праграм Урада Масквы (выдавецтва «Планета» і «Бяловагруп»). Юнае дзяўчо ў ваеннай форме спявала шчымлівую песню, і міжволі наплывалі думкі пра тое, чаго хочуць нашы народы, а чаго б дакладна не хацеў кожны з іх. Эмацыянальная падача тэмы — важны складнік кніжных прэзентацый, якія так ці інакш працуюць на пэўную ідэю. Расійская дэлегацыя выдатна падрыхтаваліся да візіту ў Мінск, з разуменнем, куды і навошта едзе.

Ну і зваротная сувязь: расіяне будуць мець гонар прадставіць беларускую літаратуру, беларускіх сяброў у якасці спецыяльных гасцей на Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы ў верасні бягучага года.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.