Вы тут

Пасол Сербіі спадзяецца, што сербскія гульцы БАТЭ заб’юць гол «Арсеналу»


Аб гэтым на прэс-канферэнцыі сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Сербіі ў Беларусі Велька Кавачавіч. Сустрэча дыпламата з журналістамі напярэдадні галоўнага свята — Дня дзяржаўнасці Сербіі (15 лютага) адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры.


Велька Кавачавіч таксама праінфармаваў, што беларуска-расійска-сербскія вучэнні “Славянскае братэрства — 2019” пройдуць у другой палове чэрвеня непадалёк ад Белграда.

Беларуска-сербскія адносіны могуць быць прыкладам для многіх еўрапейскіх дзяржаў, упэўнены дыпламат. Толькі ў мінулым годзе Беларусь наведалі 26 дэлегацый з былой югаслаўскай рэспублікі. З Аляксандрам Лукашэнкам сустракаліся ў 2018 годзе прэм’ер Сербіі Ана Брнабіч, віцэ-прэм’ер, міністр унутраных спраў Нябойша Стэфанавіч. Прэзідэнты дзвюх краін размаўлялі толькі на тэлефоне. Пры гэтым журналісты пацікавіліся: ці рыхтуецца візіт на вышэйшым узроўне ?

— Будзе многа візітаў, — запэўніў пасол і заінтрыгаваў: — Будуць і пэўныя сюрпрызы. Дзён праз дзесяць.

Пры гэтым эканамічныя сувязі не радуюць прыемнымі сюрпрызамі, лічыць дыпламат.

— Хацелі б, каб такія палітычныя адносіны знайшлі сваё адлюстраванне і ў сферы эканамічнай, якая, мушу сказаць, не адпавядае таму высокаму ўзроўню палітычнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.

Велька Кавачавіч адзначыў, што ў Мінску нядаўна было праведзена 11-ае паседжанне Міжурадавай сербска-беларускай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, на якой былі адзначаны перспектывы супрацоўніцтва ў галіне прамысловасці. Напрыклад, Беларусь зацікаўлена ў экспарце прамысловай прадукцыі і прадукцыі нафтахімічнага комплексу, аўта- і трактарнай тэхнікі, металапрадукцыі, ліфтаў, шын, сінтэтычнай пражы, керамічнай прадукцыі і гэтак далей. Прапрацоўваюцца магчымасці паставак беларускіх тралейбусаў  і электробусаў у Сербію.

Сербія, як і яе суседкі, імкнецца стаць членам Еўрапейскага Саюза, але пры гэтым захоўвае добрыя сувязі з Расіяй. Як адзначыў пасол, уступленне ў ЕС ніякім чынам не пагоршыць адносіны з Беларуссю. “І ўступлення Сербіі ў НАТА не будзе”, — дапоўніў дыпламат, адзначыўшы, што краіна памятае пра агрэсію альянса ў 1990-ыя гады.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.