Вы тут

З любоўю, ваша вучаніца


Без перабольшання ўся краіна абмяркоўвае трагедыю, што здарылася гэтымі днямі ў Стоўбцах — гібель настаўніцы і вучня 11 класа. Адны чакаюць вынікаў расследавання СК, другія спяшаюцца абвінавачваць — бацькоў, падлеткаў, школу, якая не прадухіліла, не даглядзела. Але мне хацелася б абысціся без патэтыкі і — не заклікаць іншых, але самой падтрымаць, хоць бы добрым словам, настаўнікаў. Яны, на маю думку, аказаліся сёння безабароннымі як ніколі, і не толькі перад усплёскамі падлеткавай агрэсіі, так званым вірусам Калумбайна, але наогул перад усімі, хто добра ведае свае правы і чужыя абавязкі.


...Я магу пералічыць іх пайменна — людзей, якія сталі для нас з аднакласнікамі больш, чым проста педагогамі і выхавальнікамі. Узяць хоць бы Клару Львоўну — калі наш пяты спартыўны клас сфарміравалі нанова з вучняў розных мінскіх школ, менавіта яна ператварыла гэту вельмі разнашэрсную кампанію ў адно цэлае. Высокая, хударлявая, са строга падціснутымі вуснамі, яна магла прыпячатаць за асабліва разбэшчаныя паводзіны не вельмі педагагічным словам «дэбілы», з націскам на «э», але на любым педсавеце стаяла за сваіх «дэбілаў» грудзьмі, і мы дакладна ведалі, што за Кларай Львоўнай — як за каменнай сцяной. Патрабавальна-справядлівая, яна ездзіла з намі на спаборніцтвы, хоць была зусім не абавязаная гэта рабіць, і падказвала трэнерам, хто перагружаны вучобай, а хто проста строіць блазна. Школьнага запасу нямецкай мовы, якую выкладала Клара Львоўна, нам з сябрамі хапіла нават на інстытут, а калі мы даведаліся, што класная з'язджае ў Зямлю абетаваную, многія плакалі. Потым мы страцілі яе сляды, але яшчэ доўга згадвалі добрым словам.

Або Надзея Васілеўна — ужо старэнькая і даволі кволая, маленькага росту, з ціхім голасам. Але ўлюбёная ў свой прадмет — беларускую мову і літаратуру — настолькі, што заражала гэтай любоўю ўсіх. Гэта для яе мы, падлеткі 90-х у каляровых джынсах, спартыўных кофтах і ласінах колеру «вырвівока», пераапраналіся ў нармальную форму і ладзілі на адкрытым уроку тэатралізаваныя прадстаўленні: хлопцы чыталі вершы, а дзяўчаты спявалі «Зорку Венеру».

Настаўніца рускай мовы Алена Віктараўна — халаднавата-стрыманая, заўжды бездакорна прыбраная і пунктуальная ва ўсім. Дзякуючы яе ўрокам нават самыя адпетыя двоечнікі навучыліся слухаць інтанацыю і правільна расстаўляць знакі прыпынку, і не проста адбарабаніць завучанае па падручніку, а растлумачыць, як ты гэта зразумеў. О, на колькі раённых і гарадскіх алімпіяд Алена Віктараўна ездзіла разам з намі, здаецца, перажываючы больш, чым самыя амбіцыйныя выдатнікі!

Адзін з першых трэнераў па плаванні, Аляксандр Мікалаевіч — чалавек, які дапамог многім не толькі паверыць ва ўласныя сілы, але і навучыцца перажываць паражэнні, калі стала зразумела, што чэмпіёнамі будуць далёка не ўсе. Гэта ён падчас спартыўных збораў матываваў самых лянівых да працы, а самых адчайных адвучыў ад начных праменадаў і шкоднай звычкі курыць, штрафуючы за кожную несанкцыянаваную вылазку і кожную цыгарэту на плюс кіламетр кросу...

Я магу пералічваць іх доўга — людзей, якія за мільёнам паперак, за часам не ўзорнымі паводзінамі і табелямі паспяховасці разгледзелі ў кожным з вучняў асобу. Якія навучылі нас быць не «адзін супраць усіх», а «ўсе ЗА аднаго». Людзей, якія ўмелі выслухаць і пачуць, з якімі наша школа не стала месцам, дзе размываюцца жыццёвыя арыенціры, і дзякуючы якім нельга паблажліва зводзіць прафесію настаўніка да абслуговага персаналу. Дзякуй, што вы былі. Дзякуй, што вы ёсць. Моцна вас абдымаю. І няхай пашлюць вам усе багі педагогікі адэкватных калег, бацькоў і вучняў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».