Вы тут

Павел і Святлана Фядковічы адзначылі залатое вяселле


Днямі неспадзявана згулялі «залатое вяселле» Павел і Святлана Фядковічы з вёскі Горталь Івацэвіцкага раёна. Неспадзявана, бо ўрачыстасць, падрыхтаваная шматдзетным родам, стала для Паўла Сцяпанавіча і Святланы Ціханаўны сапраўдным і незабыўным сюрпрызам. Усё да дробязяў было прадумана і арганізавана, а роля «юбіляраў» — толькі гуляй.


Старэйшая дачка Таццяна кожнага з братоў, сясцёр і пляменнікаў «прыгрузіла» абавязкамі і заданнямі. І дружная каманда з васьмярых дзяцей, 21 унука і шасці праўнукаў узялася за справу. Хто пёк двухпавярховы торт, хто адказваў за ўпрыгожанне залы кафэ, хто рыхтаваў «сямейнае дрэва», хто маляваў і клеіў ганаровыя значкі сведкам і нявесце з жаніхом... Унучка Анастасія вяла праграму з конкурсамі і віншаваннямі. Задзейнічаны былі ўсе!

Маладыя станавіліся на ручнік, шукалі ў крыштальнай вазачцы са збожжам залатыя пярсцёнкі, частавалі адзін аднаго караваем, пакінулі подпісы ў памятнай кнізе рэгістрацыі шлюбаў разам са сведкамі. Быў і танец маладых, змацаванне рэгістрацыі «залатым» пацалункам, нявеста кідала свой букет дзяўчатам — словам, усё як на звычайным сапраўдным вяселлі.

А маладое пакаленне слухала шчырыя ўспаміны пра вяселле, якое адбылося 50 гадоў таму: як тры гады Павел заляцаўся да Святланы, якая жыла каля Сомінскага возера, як маладая сям'я ездзіла на заробкі ў Растоўскую вобласць, як вярнуліся на бацькаўшчыну, бо сумавалі па родных краях, як працавалі ў роднай гаспадарцы, гадавалі, жанілі дзяцей... Колькі адных вяселляў трэба было зрабіць сваім дзецям ды дапамагчы, калі тыя ўжо жанілі сваіх. Вось, напрыклад, толькі паўгода шлюбнаму саюзу самай маладой пары з роду Фядковічаў — унучцы Алене з мужам, і бабуля з дзедам былі на тым вяселлі ганаровымі гасцямі. А наваселляў, дзе дзед прыклаў свае майстэрскія рукі, каб яны адбыліся, а народзінаў — не палічыць, бо бывала, што немаўлят чакалі як у сем'ях дзяцей, так адначасова і ў сем'ях унукаў. Як кажуць, вялікая сям'я — гэта вялікі клопат, але ж і вялікая радасць!

Калі ўручылі юбілярам галоўны падарунак — сямейнае дрэва, самі «маладыя» здзівіліся — і знайшліся ж фатаграфіі ўсіх, нават бацькі Святланы Ціханаўны, які памёр малады. А сведка Валянціна Аляксееўна Якімовіч, якая родам таксама з суседняй вёскі Соміна, расказала, пра гераічнае мінулае дзеда Ціхана, які быў старшынёй сельскага Савета ў пасляваенны час і загінуў ад кулі бандытаў, пра цяжкую долю бабулі Ніны, якой прыйшлося адной цягнуць на жаночых плячах чацвёра дзяцей. Гаварылі і пра бацькоў «жаніха» — Сцяпана і Марыю Фядковічаў, якія гулялі сваё кароткае вяселле ў 1942 годзе. Сцяпан Паўлавіч вярнуўся з фронту жывы, але з кульбай пасля ранення ў нагу. Усё жыццё працавалі яны з жонкай у мясцовай гаспадарцы: ён — будаўніком, а яна — паляводам, выгадавалі 9 дзяцей, і гаспадар быў першы на вёсцы пчаляр і садавод. Яны таксама пражылі разам больш за паўвека.

Павел Сцяпанавіч і Святлана Ціханаўна паўтарылі, можна сказаць, подзвіг сваіх бацькоў — паднялі восем дзяцей. У траіх з іх і нават у дваіх унукаў сем'і таксама шматдзетныя, а значыць будзе і надалей жыць бацькоўскае прозвішча.

Усе заўважылі, што «маладыя» нават памаладзелі, скінулі гады, асабліва калі кружыліся ў вальсе. Яны дзякавалі дзецям, унукам і праўнукам, бо вяселле вярнула іх у той незабыўны і залаты час юнацтва, калі ўсё толькі пачыналася...

Валянціна БОБРЫК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Вяселле ў падарунак!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».