Вы тут

Маладосць і планы на сям'ю становяцца мінусам пры працаўладкаванні?


Ці часта маладым мамам адмаўляюць у прыёме на работу, палічыўшы іх ненадзейнымі супрацоўнікамі? У якой сферы самыя прыдзірлівыя наймальнікі? І чаму прадузятае стаўленне да жанчын не на карысць самім мужчынам? Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Гендарныя перспектывы» падзялілася вынікамі сацыялагічнага даследавання гендарнай дыскрымінацыі на рынку працы і растлумачыла, чаму сітуацыю варта змяняць.


Змірыцца прасцей, чым змагацца

Даследаванне праходзіла летам—восенню мінулага года. Было апытана амаль 1300 рэспандэнтаў — мужчын і жанчын ва ўзросце ад 16 да 63 гадоў, з розных рэгіёнаў і сфер дзейнасці. Што атрымалася даведацца?

— З праблемай дыскрымінацыі на рынку працы сутыкаліся 85 % беларусаў — 89,6 % жанчын і 80,4 % мужчын. Першыя часцей мелі справу з гэтым у сувязі са сваёй роляй жонкі і маці, другія — у сувязі з узростам.

— Самыя ўразлівыя групы — жанчыны да 35 гадоў без дзяцей (прычым без розніцы — замужнія ці не), мамы з малечай да 10 гадоў і тыя, хто знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем.

— Часта з дыскрымінацыяй сутыкаюцца ва ўзросце 35—44 гадоў, па сутнасці на піку кар'еры. «Аб гэтым варта задумацца, — лічыць даследчыца Алена АРЦЁМЕНКА. — Не атрымліваючы належны заробак і магчымасці для прафесійнага росту, гэтыя людзі недаўносяць той уклад у эканоміку, які маглі б».

— Самы распаўсюджаны від дыскрымінацыі — пры прыёме на работу. Яму падвяргаліся каля 70 працэнтаў апытаных. А ў галіне гандлю — 84 %! Магчыма, гэта звязана з тым, што пры падборы прадаўцоў і кансультантаў часта звяртаюць увагу на знешнасць, адзенне, аддаюць перавагу маладым.

— Жанчынам на рабоце часам навязваюць заданні, якія не ўваходзяць у іх службовыя абавязкі, бо спадарыні могуць паддацца на прэсінг з боку кіраўніцтва. Каля 20 % апытаных сутыкаюцца са зняважлівым стаўленнем да сябе. Бываюць выпадкі, калі супрацоўнікі саромеюцца папрасіць аб павышэнні заробку ці прэміі ў сілу свайго полу, узросту, сямейнага становішча.

— Сутыкнуўшыся з дыскрымінацыяй, толькі чвэрць вырашае дзейнічаць. Мужчыны звычайна звяртаюцца да вышэйстаячых супрацоўнікаў ці арганізацый, жанчыны — звальняюцца (што не самы лепшы варыянт). Некаторыя пераходзяць у іншае падраздзяленне, скардзяцца ў прафсаюз ці кантрольны орган.

— Чаму большасць пагаджаецца змірыцца з дыскрымінацыяй? 55 % лічаць, што змагацца — бессэнсоўна. Многія баяцца пагоршыць адносіны з кіраўніцтвам або хочуць захаваць работу любой цаной. Іншым шкада часу і сіл на барацьбу за справядлівасць. «Калі б гэту праблему ўздымалі актыўней, у работадаўцаў і дзяржаўных органаў быў бы стымул знаходзіць шляхі рашэння», — мяркуе Алена Арцёменка.

Незайздросная роля кашалька

Старшыня праўлення «Гендарных перспектыў» Ірына АЛЬХОЎКА тлумачыць, чаму гэта даследаванне важнае.

— З аднаго боку, у нашай краіне большасць сем'яў не могуць дазволіць сабе, каб працаваў толькі адзін сужэнец. Таму большасць жанчын занятыя ў эканоміцы. Няважна, працуюць на няпоўную стаўку ці няпоўны дзень — яны з'яўляюцца важнымі здабытчыкамі нароўні з мужчынамі. З іншага боку, мы бачым, што наймальнікі ўсё яшчэ маюць неаб'ектыўныя, прадузятыя ўяўленні аб здольнасцях жанчын і, хутчэй, схільныя ацэньваць іх у першую чаргу не па кваліфікацыі, а па сямейнай сітуацыі, наколькі яны могуць эфектыўна сумяшчаць сям'ю і работу. Чаму я называю гэта прадузятасцю? Бо такія ж патрабаванні не прад'яўляюцца да мужчын.

На думку эксперта, дыскрымінацыя часта існуе, бо яна не бачная. «Мы не хочам дэманізаваць наймальнікаў. Вельмі важна для нас, каб вынікі даследавання не ўспрымаліся як абвінавачванне. Гэта праблема агульная».

Як яе вырашаць? Адзін з варыянтаў — павышаць узровень інфармаванасці: і дзяржаўных органаў, і кадравых службаў.

Наогул гендарная палітыка патрабуе шмат грошай і рэсурсаў.

— Напрыклад, для таго, каб развіваць інфраструктуру дзіцячых садкоў, каб там была якасная дашкольная адукацыя і жанчыны маглі не хвалявацца пра тое, што з іх дзецьмі. Патрэбны нейкія кампаніі, якія б разбівалі стэрэатыпы, што спадарыні такія ненадзейныя супрацоўнікі, сядзяць на рабоце і думаюць аб тым, што дома не прыбрана, — звяртае ўвагу Ірына Альхоўка.

А яшчэ варта ўзмацніць ролю мужчыны ў сям'і.

— Як толькі водпуск па доглядзе за дзіцем будзе абавязковым для бацькі, калі работадаўцы перастануць мець выбар, каму даваць гэты водпуск, тады сітуацыя можа выраўняцца, — кажа эксперт і дадае, чаму такі падыход выгадны самім татам: — Страты чалавечага патэнцыялу і якасці жыцця мужчын, якія не ўдзяляюць сваім дзецям дастаткова ўвагі і лічаць сваёй толькі ролю карміцеля ці кашалька, вельмі дарагія. У доўгатэрміновай перспектыве гэта выліваецца ў нізкую працягласць жыцця, высокі ўзровень суіцыдаў і асацыяльных паводзінаў, рызыкоўныя ўчынкі, няўменне клапаціцца пра сябе.

Той факт, што жанчына, нараджаючы дзіця, выпадае з працоўнага жыцця на тры гады, — сур'ёзны выклік і для яе самой, і для наймальніка. Але можна знайсці выйсце. Напрыклад, кампаніі варта прадумаць эфектыўную сістэму перападрыхтоўкі, каб маладую маму на час яе адсутнасці мог замяніць іншы супрацоўнік. А жанчыне з дзіцем можна прапанаваць на нейкі перыяд гнуткі графік ці дыстанцыйную работу.

— Насцярожанае стаўленне да цяперашніх і будучых мам можа негатыўна адбівацца на гатоўнасці мець дзяцей, — папярэджваюць даследчыкі. — Жанчыне даводзіцца выбіраць паміж роляй маці і актыўным удзелам у рынку працы. Важна стварыць умовы, пры якіх гэтыя ролі арганічна сумяшчаліся б.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: У пошуках ідэальнага работніка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.