Вы тут

Мемарыял у полацкім урочышчы Пяскі хутка будзе дабудаваны


Больш за пяць гадоў таму, у кастрычніку 2013-га, «Звязда» распачала сумесны з полацкай грамадскасцю праект «Урочышча Пяскі». Мэта — садзейнічаць збору сродкаў для ўшанавання памяці загінулых савецкіх ваеннапалонных, партызан і гараджан падчас нямецкай акупацыі Полацка ў 1941—1944 гадах.


Урочышча Пяскі — гэта пустка на левым беразе ракі Палата, на месцы колішняга вайсковага стрэльбішча. На працягу першых чатырох гадоў вайны сюды звозілі закатаваных і памерлых вязняў полацкага транзітнага лагера «Дулаг-125». Адбываліся ў гэтым месцы і масавыя катаванні вязняў гарадской турмы ў гады нямецкага рэжыму — партызан, падпольшчыкаў і мірных грамадзян. Відавочцы расказвалі, што тут гінулі нават дзеці. Невядома дакладна, колькі людзей пахавана ў гэтым сумным месцы, гісторыкі называюць лічбу ад 38 да 150 тысяч.

Жывое сведчанне

«Калі я прыйшоў дадому, маці Галі забрала дзяцей, вызваліла пакой, каб мы развіталіся. Разумелася, што гэта не проста асалода мужа і жонкі, а развітанне, і, можа быць, назаўсёды. У народзе да гэтага ставіліся сур'ёзна і гэта не асуджалася як нешта сорамнае, усе з вялікім разуменнем і спачуваннем імкнуліся дапамагчы і даць магчымасць пабыць сам-насам.

Я тут зразумеў, што знаходжуся як бы за гранню і правы ў мяне незвычайныя. Я адчуў тут вайну вастрэй, чым нават тады, калі атрымаў вінтоўку» (Мікалай Абрыньба. «Лёс апалчэнца»).

З 2010 года распачата чарговая, па меншай меры шостая пасля заканчэння вайны, спроба добраўпарадкаваць вялізную брацкую магілу ў Полацку. З просьбай аб гэтым у гарадскі Савет дэпутатаў і гарвыканкам звярнуліся жыхары горада і мясцовае аддзяленне Беларускага фонду міру. Старшынёй гарсавета тады была Наталля Гуйвік. Мясцовыя дэпутаты аб'явілі конкурс праектаў на стварэнне мемарыяла і распачалі збор сродкаў. Фінансавы крызіс 2011 года не дазволіў ажыццявіць задуманае ў хуткім часе.

У 2013 годзе, ужо пасля абрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Наталля Гуйвік звярнулася па інфармацыйную падтрымку будаўніцтва мемарыяла ў полацкіх Пясках у газету «Звязда». На старонках выдання выйшаў цыкл публікацый пра месца масавага пахавання ваеннапалонных лагера «Дулаг-125». У сценах рэдакцыі таксама быў праведзены круглы стол з удзелам дыпламатаў трох краін, прадстаўнікоў Міністэрства абароны, грамадскіх арганізацый, архівістаў, музейных работнікаў. Ідэя стварэння мемарыяла была ўсімі падтрымана, намечаны план сумесных дзеянняў. Тым не менш да 2016 года справа амаль не рухалася.

Жывое сведчанне

«Добры дзень, Вера! Сумнай долі перапісчык я з Вамі, але калі Вы просіце апісаць больш падрабязна аб нябожчыку вашым мужу, то я апішу. Ваш муж быў узяты ў палон 25 жніўня 41 г., калі быў у акружэнні пад горадам Вялікія Лукі. Ён быў стралком 788 палка 214 д., якая цалкам была акружаная і знішчана. Здзейсніўшы 250 км пераходу без кавалка хлеба, ён быў заключаны ў канцлагер в/палонных на станцыі Баравуха І (18 км ад Полацка), дзе і знаходзіўся да канца свайго жыцця. Вёў ён нервічны часам, эканомны лад жыцця, пазбягаў залішніх рухаў і ў апошнім месяцы свайго жыцця нават кінуў (пропуск у тэксце) ...у апошнія дні свайго жыцця выкарыстаў на дадатковае харчаванне, але і гэта не дапамагло, ён памёр ад знясілення 24.10.41 г. Праўда, пры скананні яго я не прысутнічаў. Пахаваны каля лагера ў агульнай магіле ваеннапалонных. Запаветных слоў я ад яго ніякіх не чуў, ды і наогул ён быў скупы на словы.

Добра разумею, Вера, што гэта яшчэ больш Вам прынясе смутку, але ўсё, што неабходна было, я ўжо апісаў. У дачыненні да дакументальных даных аб яго смерці, то гэта можаце аформіць толькі праз мясцовыя арганізацыі, паколькі ў вайсковых частках і слядоў ніякіх не засталося. Вось і ўсё, чым я мог дапамагчы вашаму гору.

Асабліва не гаруй, Вера, бо не адна засталася без мужа, Вас сотні тысяч. З прывітаннем таварыш па палоне вашага мужа Мікалай Нік. Жадаю табе і тваім дзецям шчаслівую будучыню!» (Ліст Ганчаровай Марыі Іванаўне аб лёсе яе мужа Ганчарова Івана Лявонцьевіча, Форум пошукавых рухаў. Полацкі транзітны лагер «Дулаг-125». Расказы відавочцаў.)

Апошнія два гады паступленне грошай на дабрачынны рахунак дазволіла работы па будаўніцтве мемарыяла весці больш актыўна. «Звязда» распытала Наталлю Гуйвік, старшыню Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, калі можна чакаць адкрыцця помніка і хто дапамагае аднавіць гістарычную справядлівасць.

— Наша краіна рыхтуецца да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Перамогі. Адпаведная праграма распрацавана ўрадам, у ёй прапісана ў тым ліку неабходнасць добраўпарадкавання ўсіх мемарыялаў і ўсіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. У Полацку размова ідзе пра добраўпарадкаванне месца масавага пахавання і будаўніцтва мемарыяла. У гэтай сувязі Полацкі райвыканкам стварыў аргкамітэт па падрыхтоўцы і святкаванні дзвюх юбілейных дат, яго ўзначаліў старшыня райвыканкама, член Савета Рэспублікі Мікалай Шаўчук. У ліку самых значных раённых мерапрыемстваў адпаведнай праграмы — адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Урочышча Пяскі». Гэта значыць, што мы, нарэшце, падышлі да завяршэння будаўніцтва. І гэта сапраўды выпакутаваны мемарыял, бо грошы збіраліся па кроплях на працягу дзевяці гадоў. Увесь гэты час сродкі пералічвалі як кампаніі, арганізацыі, так і звычайныя людзі.

Жывое сведчанне

«Добры дзень ці вечар, Феня.

Па-першае, я вам расказваю пра тое, што ліст я ваш атрымаў і з вялікай ахвотай стараюся вам растлумачыць аб вашым мужы, з якім я разам прымаў пакуты ў г. Полацку..., г. зн. мы разам трапілі ў палон пры абароне г. Вялікія Лукі і ў Полацку нас было ў лагеры 22 000 чал. На працягу трох месяцаў нас засталося дзве з лішнім тысячы, астатнія загінулі пакутлівай галоднай смерцю. У лік загінулых, магчыма, трапіў і ён. Наогул там загінула большасць з Варашылаўградскай вобл., таму што з нашай дывізіі з кальца выйшлі, можа, дзясяткі і пры жыцці ў лагеры ў суткі памірала да 450 чал. галодных салдат. ...датычна Піма, я яго добра запомніў па яго браце, калі ён мне казаў [што] тужыў за ўсе скандалы з братам. Ён апошнім часам захварэў на дызентэрыю, і яго забралі ў іншае памяшканне, а нас перавезлі ў Латвію... Гэта было ў красавіку 1942 года...» (Ліст Шульзе Феадосіі Якаўлеўне аб лёсе яе мужа Шульгі Пімана Максімавіча. Форум пошукавых рухаў. Полацкі транзітны лагер «Дулаг-125». Расказы відавочцаў.)

У лістападзе мінулага года я разам з кіраўніцтвам Беларускага фонду міру падрыхтавала пісьмо да арганізацый, прадпрыемстваў і прафсаюзаў Полаччыны з заклікам паўдзельнічаць у зборы грашовых сродкаў на заканчэнне будаўніцтва мемарыяла. Мы адправілі гэтыя лісты па 100 адрасах раёна і па некалькіх адрасах вобласці. Адгукнуліся ў асноўным раён і сам Полацк. Цэнтральная гарадская бальніца, усе прадпрыемствы Беларускай чыгункі ў Полацку і Віцебску, філіял № 9 «Белсувязьбуда», «Дом гандлю», грамадскае аб'яднанне «Белая Русь», сілавыя ведамствы: міністэрствы абароны, па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, нават сувораўцы і кадэты. Полацкае раённае аб'яднанне прафсаюзаў дапамагло не толькі грашыма, але і працоўнай сілай. Раней значную суму пералічыла ТАА «Сузор'е».

Грошы сабралі рэлігійныя арганізацыі, якія аб'ядноўваюць вернікаў тых веравызнанняў, да якіх адносіліся пахаваныя на гэтым месцы людзі: Беларуская праваслаўная царква, Каталіцкі касцёл, Іўдзейскае і Мусульманскае рэлігійныя аб'яднанні ў Беларусі.

Мікалай Абрыньба. На дарозе. Палонныя абдзіраюць конскую тушу. Кастрычнік 1941 г. Малюнак на абароце нямецкага плаката.

Ведаеце, калі грошы пералічваюць арганізацыі, гэта вельмі добра, але мяне не перастае да слёз хваляваць, калі свае пенсіі і заробкі аддаюць на будаўніцтва мемарыяла грамадзяне. Вось нядаўна Пётр Аляксандравіч Арлоў, жыхар вуліцы Камуністычнай у Полацку, пералічыў 170 рублёў, Лідзія Сяргееўна Вараб'ёва з вуліцы Інтэрнацыяналістаў у Віцебску — 102 рублі, і такіх нямала. Думаю, гэтыя людзі ўбачылі інфармацыю пра збор сродкаў у раённай газеце «Полацкі веснік», яна размешчана ў кожным нумары. Дарэчы, сама з 2010 года стараюся рэгулярна пералічаць з заробку грошы на будаўніцтва мемарыяла. Ведаю, як патрэбны кожны рубель.

Кожнае паступленне грошай набліжае здзяйсненне таго, аб чым маўкліва крычыць гэтае трагічнае месца, пра што балела душа соцень тысяч жанчын, якія не дачакаліся вестак пра сваіх мужоў, сыноў, братоў пасля развітання з імі ў 1941-м. Ужо амаль нікога з іх не засталося з намі, але застаўся наш доўг перад імі ўсімі. Перад тымі, хто склаў галовы ва ўрочышчы Пяскі, чыіх імёнаў, за выключэннем 102 чалавек, мы не ведаем. І перад тымі, хто праводзіў на вайну сваіх родных і потым ніколі больш іх не ўбачыў.

Дарэчы, усе паступленні і расходаванні грашовых сродкаў на будаўніцтва мемарыяла «Урочышча Пяскі» адлюстраваны на сайце Беларускага фонду міру.

Жывое сведчанне

«Ідзём далей, і нас уражвае цяжкі трупны пах, мы праходзім міма велізарных канаў, у якія звальваюць трупы. Штодня ў лагеры памірае трыста-чатырыста чалавек, іх звозяць сюды, у гэтыя канавы. Калі канава запаўняецца, а гэта каля трох тысяч памерлых, яе закопваюць. Ужо закапаны чатыры доўгія траншэі і адна да паловы прыкапаная. Усюды з-пад камякоў зямлі са снегам тырчалі ногі, рукі, галовы. Каля прыкапанай магілы ляжалі новыя трупы, зваленыя з двухколак у беспарадку, як звальваюць дровы...» (Мікалай Абрыньба. «Лёс апалчэнца»).

Сёння на спецыяльным рахунку сабрана каля 90 тысяч беларускіх рублёў і 69 тысяч расійскіх. Акрамя таго, на 2019 год мясцовым бюджэтам Полацкага раёна запланаваны выдаткі ў памеры 200 тысяч рублёў на заканчэнне будаўніцтва. Усяго за 8,5 года на будаўніцтва мемарыяла было пералічана каля 400 тысяч рублёў «народных» грошай і 450 тысяч дзяржаўных (з абласнога і мясцовага бюджэтаў). Гэта прыклад сапраўднага дзяржаўна-прыватнага партнёрства. На жаль, яшчэ каля 200 тысяч рублёў не хапае, бо штогод цана праекта расце. Спадзяюся, і гэтая сума знойдзецца. Ва ўсякім разе, работы ва ўрочышчы не спыняюцца, і я зноў заклікаю чытачоў «Звязды» да ўдзелу ў будаўніцтве мемарыяла.

Мікалай Абрыньба. Рабочая каманда. Вязуць дровы. Сакавік 1942 г. Малюнак на абароце нямецкага плаката. За зрыў плаката — расстрэл; за «здзек» з плаката — шыбеніца.

Мы плануем пры ўваходзе на яго тэрыторыю ўстанавіць дошку з імёнамі ўсіх ахвяравальнікаў, назвамі ўсіх арганізацый, якія аказалі дапамогу. Гэта сапраўды народны помнік.

Але адкрыццё мемарыяла — гэта не заканчэнне праекта па ўшанаванні памяці пахаваных там людзей.

У верасні мінулага года падчас афіцыйнай сустрэчы з германскімі парламентарыямі я расказала пра будаўніцтва мемарыяла і папрасіла іх і нашага пасла дапамагчы правесці даследчую работу ў нямецкіх архівах па пошуку прозвішчаў пахаваных у Полацку вязняў «Дулага-125». Пошук у беларускіх і расійскіх архівах нічога не даў. Гэта не менш важна, чым пабудова мемарыяла. Нам зараз вядомы толькі 102 прозвішчы з дзясяткаў тысяч.

Жывое сведчанне

«Мы стаялі ў школе перад адпраўкай на фронт і адчулі, як адразу былі за намі зачынены дзверы на свабоду, і пакутліва хацелася вырвацца, пабыць хоць бы хвіліну па той бок дзвярэй. У гэты дзень, сонечны і спякотны, нас пастроілі ў двары, а потым выпусцілі на вуліцу да нашых жонак, якія стаялі каля жалезнай агароджы, утаропіўшыся ў наш строй вачыма. Я праціснуўся да сваёй жонкі, абняў яе, і мы тут жа, у натоўпе, цалаваліся, як і іншыя, нікога не саромеючыся, я абдымаў яе, мы стараліся як бы пакінуць, увабраць у сябе памяць аб кожным дотыку...» (Мікалай Абрыньба. «Лёс апалчэнца»).

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Грашовыя сродкі на завяршэнне мемарыяла «Урочышча Пяскі» ў Полацку можна пералічыць на дабрачынны рахунак ІBАN № BY75BLBB31350300126737001003 (у беларускіх рублях) у дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код (BІС) BLBBBY2Х, УНП 300126737, АКПА 05836097.

Загаловак у газеце: Здзейсніць незавершанае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.