Вы тут

З сакавіка налічэнне платы за ЖКП спросціцца, а месцамі... і паменшыцца


Пераразлік за жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП), налічаныя не па тым тарыфе, умовы зняцця паказчыкаў прыбораў індывідуальнага ўліку, якія падключаны да сістэмы дыстанцыйнага збору, і спрошчаныя асаблівасці налічэння «камуналкі»... Гэтыя і іншыя змены чакаюць беларусаў з 1 сакавіка, піша партал камунальнай адукаванасці насельніцтва gkx.bу.


Сваяцтва і плошча не маюць значэння

Пастанова Саўміна № 81 ад 9 лютага значна спрашчае ўмовы налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі і нават дазваляе сэканоміць, лічаць у міністэрстве. Адна з галоўных змен датычыцца разліку за камунальныя паслугі ў кватэрах, дзе зарэгістраваны грамадзяне, якія не з'яўляюцца ні ўласнікамі жылля, ні яго наймальнікамі, ні блізкімі сваякамі ўладальніка памяшкання. Цяпер плата за кампаслугі налічваецца такім грамадзянам па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. А з сакавіка зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне будуць аплачваць «камуналку» па субсідаваных тарыфах, незалежна ад таго, якія адносіны існуюць паміж імі і ўладальнікамі або наймальнікамі кватэры.

Уладальнікі вялікіх кватэр увесну таксама могуць уздыхнуць з палёгкай. Пакуль яны мусяць аплачваць тэхабслугоўванне плошчы жылля дыферэнцыравана. Па субсідаваных тарыфах — 0,1187 рубля за м2 — аплачваецца толькі па 20 метраў на кожнага члена сям'і плюс дадатковыя 10 метраў на ўсіх. Астатні метраж разлічваецца па эканамічна абгрунтаваным тарыфе. А вось з 1 сакавіка плошча памяшкання ўжо не будзе мець значэння — субсідаваны тарыф будзе налічвацца для ўсяго памяшкання, калі ў ім ёсць зарэгістраваныя грамадзяне.

Дыферэнцыяцыя па сваяцкіх адносінах перастане дзейнічаць і ў дачыненні да аплаты за цепла- і газазабеспячэнне. Па субсідаваным тарыфе — 16,9259 руб. за 1 Гкал — з вясны будуць плаціць усе зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне, незалежна ад іх юрыдычных адносін з уласнікам ці наймальнікам жылля. Эканамічна абгрунтаваныя тарыфы за цяпло і газ будуць дзейнічаць толькі для памяшканняў, дзе ніхто не зарэгістраваны, або калі ўласнік такой кватэры — юрыдычная асоба. А яшчэ ў выпадку калі жыллё здаецца для кароткатэрміновага пражывання або для месцазнаходжання прыватнага прадпрыемства.

Вада і святло без ліміту?

Адменена дыферэнцыяцыя і ў дачыненні да паслуг водазабеспячэння і водаадвядзення, а таксама электраэнергіі. Пакуль па субсідаваным тарыфе аплачваецца да 140 літраў вады, якую за суткі можа ўжыць кожны член сям'і. Усё, што «намыта» звыш гэтай колькасці, — аплачваецца даражэй. Аднак з сакавіка ўсе літры будуць аплачвацца па субсідаваных тарыфах: 0,8338 руб. за 1 м3 — за водазабеспячэнне і 0,6383 руб. за 1 м3 — за водаадвядзенне. Праўда, для гэтага ў кватэры павінны быць прыборы індывідуальнага ўліку расходу вады і зарэгістраваны па месцы жыхарства або знаходжання грамадзянін.

Розніца ў налічэнні платы за карыстанне электрычнасцю ў залежнасці ад колькасці ўжытых кілават таксама знікне. З сакавіка ў дамах, дзе зарэгістраваны грамадзяне і ўстаноўлены электрапліты, за 1 кВт·г электраэнергіі трэба будзе плаціць па 0,1484 рубля, а ў памяшканнях, дзе карыстаюцца газам, — 0,1746 рубля за 1 кВт·г. Пры гэтым застаецца дыферэнцыяцыя па аплаце ў залежнасці ад часу сутак.

З'явілася таксама новая група карыстальнікаў электраэнергіі. Гэта жыхары дамоў без цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння, чыё жыллё абсталявана асобнымі лічыльнікамі электраэнергіі, памяшканне ацяпляецца, а вада падаграваецца з дапамогай электракатлоў. Пры наяўнасці неабходнай дакументацыі і дагавора такія грамадзяне будуць плаціць за электрычнасць 0,0335 рубля за 1 кВт·г.

Работа ліфта і святло ў падсобках

Па-новаму з вясны будуць пакрываць і расходы на работу ліфта і асвятленне дапаможных памяшканняў. Цяпер грамадзянам выстаўляюць плату па фактычных затратах — па паказчыках прыбораў уліку, якія здымаюцца штомесячна. Аднак пры гэтым такая плата не павінна перавышаць гранічна дапушчальныя тарыфы, адзначаюць у Міністэрстве ЖКГ. Сёння гэта 60 капеек у месяц на аднаго жыхара для асвятлення памяшканняў і работы абсталявання і 66 капеек — на работу ліфта.

Тым не менш рознае спажыванне электрычнасці летам і ўзімку прыводзіла да таго, што фактычныя затраты на электраэнергію перавышалі гранічна дапушчальныя, па якіх і налічваецца плата. У выніку з жыхароў, напрыклад у дамах таварыстваў уласнікаў, прыходзілася збіраць дадатковыя грошы. Каб пазбегнуць такіх сітуацый, з сакавіка ў жыроўках будзе выстаўляцца сума па гранічна дапушчальным тарыфе, паведамілі камунальнікі. А калі акажацца, што за 11 месяцаў жыхары канкрэтнага дома спажылі менш электраэнергіі, то ў студзені 2020-га ім зробяць пераразлік і вернуць сродкі.

Тры месяцы і тры гады

Атрымаць пераплачаныя грошы можна і ў выпадку няправільнага прымянення тарыфу. Пры гэтым калі памылка адбылася па віне арганізацыі, у выніку чаго за паслугу, атрыманую ў папярэднія перыяды, была даналічана плата, то грошы з сакавіка можна будзе вярнуць толькі за тры месяцы. Калі ж няправільныя звесткі падаваў грамадзянін, то пераразлік можна зрабіць не больш як за тры гады.

Яшчэ адно вясенняе новаўвядзенне датычыцца жыхароў дамоў, дзе ўжо наладжана сістэма дыстанцыйнага здымання паказанняў. Цяпер больш не трэба запісваць і паведамляць лічбы ў адпаведныя службы — сістэма зробіць гэта аўтаматычна.

Змены ў аплаце «камуналкі» чакаюць і тых, хто жыве ў інтэрнаце. Плата за ЖКП, у прыватнасці, пры разліку аплаты за тэхабслугоўванне ліфта, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў, пакрыццё расходаў на іх асвятленне і работу абсталявання будзе налічвацца зыходзячы з колькасці грамадзян, якія ўказаны ў дагаворах найму жылога памяшкання ў інтэрнаце. Да сакавіка плата будзе налічвацца, як і раней, зыходзячы з колькасці зарэгістраваных па месцы пражывання грамадзян.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя Сазонава

Загаловак у газеце: Вясеннія правілы аплаты жыроўкі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.