Вы тут

Першая беларуская Кармэн


Лета 1940 года. У Маскве праходзіць першая дэкада беларускай літаратуры і мастацтва. Разам з драматычнымі, харавымі і танцавальнымі калектывамі ў ёй удзельнічае і створаны за некалькі гадоў да таго Беларускі тэатр оперы і балета. У Маскву тэатр прывёз оперы «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова, «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага, «Кветка шчасця» Аляксея Туранкова, балет «Салавей» Міхаіла Крошнера… Вынікам дэкады стаў трыумф беларускага мастацтва, у тым ліку музычнага. Адначасова першая дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве стала трыумфам і для асобных выканаўцаў, сярод якіх асабліва выдзялялася да таго яшчэ малавядомая за межамі Беларусі таленавітая оперная спявачка Ларыса Александроўская. Неўзабаве яна была ўзнагароджана ордэнам Леніна і атрымала званне «Народная артыстка СССР».


А пачыналася ўсё ў першыя гады мінулага стагоддзя ў Мінску, у доме служачага чыгункі Пампея Васільевіча Александроўскага. Яго бацькам быў праваслаўны свяшчэннік Васіль Андрэевіч Александроўскі. Усе яго сыны атрымалі духоўную адукацыю, але толькі адзін з іх звязаў жыццё з царквой.

Нягледзячы на тое, што бацька і маці Ларысы Пампееўны па прафесіі былі далёкімі ад музыкі, яе ў сям’і любілі і шанавалі. Дома былі музычныя інструменты — гітара, балалайка, мандаліна, — і ўсе дзеці ўмелі на іх іграць. Сям’я таксама мела грамафон і пласцінкі з запісамі народных песень, выступленняў Шаляпіна і іншых вядомых спевакоў. Да таго ж Пампей Васільевіч вельмі любіў спяваць сам. У яго, як кажуць, быў прыгожы бас, і гэту любоў да спеваў ён, напэўна, перадаў дачцэ. Яны пачалі разам спяваць у царкоўным хоры, але хутка дзяўчынцы прапанавалі ўдзельнічаць у стварэнні маладзёжнага аматарскага тэатра. Там ставілі вадэвілі, спявалі вясёлыя песні, танцавалі. І калі аднойчы ў царкве дзяўчынка заспявала вельмі эмацыянальна, рэгент не без шкадавання прапанаваў ёй выбіраць паміж царквой і тэатрам. Ларыса выбрала тэатр.

У цяжкія, галодныя паслярэвалюцыйныя гады, здавалася, было не да музыкі. Але ў разгар грамадзянскай вайны насуперак вядомай прыказцы «калі гавораць гарматы, музы маўчаць» Ларыса Александроўская выступала з песнямі ў самадзейнай трупе пры палітаддзеле Заходняга фронту.

У пачатку 20-х гг. Александроўская паступіла ў Беларускі музычны тэхнікум. Да гэтага часу адносіцца яе першы вялікі прафесійны поспех. Разам з некалькімі такімі ж маладымі артыстамі яна ўдзельнічала ў Міжнароднай музычнай выстаўцы 1927 г. у Франкфурце-на-Майне, дзе была заўважана спецыялістамі. Пасля заканчэння тэхнікума яшчэ два гады яна займаецца ў спецыяльных класах з кансерваторскай праграмай. А калі ў 1933 годзе быў створаны Беларускі тэатр оперы і балета, Александроўскую запрасілі туды на працу. З гэтага часу жыццё Ларысы Пампееўны Александроўскай было непарыўна звязана з гэтым тэатрам. Тут яна выступала ў галоўных партыях опер «Фаўст» (Маргарыта), «Кармэн» (Кармэн), «Яўген Анегін» (Таццяна), «Царская нявеста» (Любаша), «Міхась Падгорны» (Марыся), «Кветка шчасця» (Надзейка) і іншых.

Наступіў страшны для яе і ўсёй краіны чэрвень 1941 года. За некалькі дзён да 22 чэрвеня сын Ларысы Пампееўны з апендыцытам трапіў у бальніцу. На трэці дзень вайны, калі пачаліся масіраваныя бамбёжкі Мінска, спявачка забрала з бальніцы самае дарагое, што ў яе было, — сына — і без грошай, рэчаў і дакументаў, разам з тысячамі іншых бежанцаў, дзе пешшу, а дзе ў кузаве грузавіка, рушыла на ўсход. У Вязьме яе затрымалі. Камусьці з вельмі пільных вайскоўцаў падалася падазронай жанчына без грошаў і дакументаў, з ордэнамі на грудзі, якая шукала нейкую вайсковую часць (там павінен быў знаходзіцца яе муж). Невядома, чым скончылася б гэтая гісторыя, але, на шчасце, адзін з вайскоўцаў здагадаўся прагартаць падшыўкі газет за мінулы год і ў адным з матэрыялаў, прысвечаных дэкадзе беларускага мастацтва, убачыў яе партрэт.

Потым была эвакуацыя, паездкі з франтавымі брыгадамі артыстаў на перадавую. Пасля вызвалення Мінска Ларыса Александроўская вярнулася дадому.

Пасля вайны Ларыса Пампееўна працягвала працаваць у тэатры, удзельнічала ў многіх пастаноўках. Яна таксама актыўна займалася канцэртнай дзейнасцю, з поспехам выступала ў краіне і за мяжой. З 1951 года, атрымаўшы рэжысёрскую адукацыю, яна адначасова стала галоўным рэжысёрам тэатра.

Ларыса Александроўская таксама займалася грамадскай дзейнасцю, была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР. Расказваюць, што калі ў 50-я гады ў Мінску вырашылі пабудаваць цырк, то месца будаўніцтва выбралі ледзь не на самай ускраіне горада. Але Ларыса Пампееўна пайшла на прыём да тагачаснага партыйнага кіраўніка Беларусі Мікалая Патолічава і дабілася, каб цырк пабудавалі там, дзе ён зараз і знаходзіцца.

Ларыса Пампееўна Александроўская пайшла з жыцця 23 мая 1980 года. Яе імя зараз носіць музычная школа ў Мінску, з 1987 г. праводзіцца Рэспубліканскі конкурс вакалістаў імя Ларысы Александроўскай.

Міхась ЦІКОЦКІ

Дарэчы:

З Яўгенам Цікоцкім, які з’яўляецца адным са стваральнікаў беларускай кампазітарскай школы і нацыянальнай оперы ў прыватнасці, Ларыса Александроўская была добра знаёмая. У спектаклях з музыкай гэтага кампазітара яна выконвала галоўныя ролі.

— Александроўская была першай выканаўцай партый Марысі ў оперы «Міхась Падгорны» і Алесі ў спектаклі «Дзяўчына з Палесся» (у канчатковым варыянце гэта опера ўсё ж мела назву «Алеся»). Мой дзядуля адзначаў прыгажосць і неверагодны артыстызм гэтай спявачкі, якая ўкладала ў выкананне оперных партый усю душу, — адзначае ўнук кампазітара кандыдат філалагічных навук Міхась Цікоцкі. — Оперы, якія ішлі на беларускай мове, дзякуючы выканаўцам, вельмі краналі слухачоў. Між іншым, некалі ў нашым тэатры ў перакладзе на беларускую ішла нават опера Шарля Гуно «Фаўст», дзе таксама спявала Александроўская. Але менавіта ў спалучэнні намаганняў кампазітараў, што працавалі ў Беларусі, і выдатных, апантаных артыстаў паўставала беларуская опера як з’ява.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».