Вы тут

Міфалагічныя нататкі


Міфалагічныя нататкі

“Партал у розныя вымярэнні”, “скарбніца архітэпічных вобразаў”, “ды тое, што пранізвае нашае жыццё і асабліва мастацтва" – гэта ўсё пра міфалогію, тэме якой прысвечана была чарговая сустрэча праекта часопіса “Маладосць” і  кнігарні “Маладосць” 13 лютага.

У гэты раз у кнігарню былa запрошаная Кацярына Масэ, паэтка і перакладчыца, для якой міфалагічныя вобразы – гэта працоўны матэрыял, з якім яна шчыруе ў сваіх далікатных і вытанчаных вершах, ды лічыць, што кожны створаны верш – таксама міф.

Кацярына падзялілася сваёй творчасцю, прачытаўшы ўжо вядомыя для многіх свае вершы “Калінаў мост”, “Кропка незвароту”, “Маё сонца танула…” і іншыя са зборніка, які пабачыў свет летась, — “Беланоч”. 

Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” і арганізатар гэтай сустрэчы Дзмітрый Шулюк адзначыў, што міф заўсёды будзе мець месца, што ён вечны, ды бясконца пранізваў і будзе пранізваць “нашае і ненашае жыццё, нашае і ненашае мастацтва”. У доказ жа яго слоў быў выступ усмешлівай і прафесійнай у сваёй справе Марыны Дубень.

Апрача таго, што Марына для кагосьці паўтарыла, а для кагосьці адкрыла ўпершыню значэнне беларускіх нацыянальных сімвалаў, дык яна яшчэ і заахвоціла ўсю каманду слухачоў паўдзельніць у гульні-гаданні. 

Кожны мусіў быў абраць той сімвал, які найбольш яму блізкі, ды, не падглядаючы яго расшыфроўкі на адваротным баку, чакаць расшыфроўкі ад усмешлівай і заўсёды пазітыўнай Марыны.

З трапятаннем чакалі яе радасных і бадзёрлівых прадказанняў, якія хацелася бегчы ды шукаць-спаўняць.

На “салодкі дэсерт” выступіла вядомая і блізкая чытачам “Маладосці” ды фэйсбучным актывістам цудоўная беларускамоўная іспанка Анхела Эспіноса. Дысертацыйная праца Анхелы якраз звязаная з міфалогіяй і творчасцю Яна Баршчэўскага. Маладая даследчыца паразважала і дала крыху парад пра тое, як праз фальклорны вобраз можна схаваць і пранесці ў літаратуру забароненае цэнзурай. І, як адзначыла Анхела, у спадара Яна Баршчэўскага гэта вельмі добра атрымалася. Хаця ж бы праз вобраз белай сарокі, за якой хаваўся ніхто іншы, а сама Кацярына ІІ, ад якой нацярпеўся тутэйшы беларускі народ. Анхела агучыла некаторыя адрозненні, якія можна назіраць у беларускай і іспанскай міфалогіі, але заўважыла, што ўсё ж міфалагічая аснова, база – вельмі падобная. Напрыклад, праз універсальны матыў вечнага дрэва.

Са сваіх агульных назіранняў Анхела адзначыла, што ў Беларусі фальклор, міфы ў большай ступені засталіся ў побыце. У параўнанні з Іспаніяй міф у Беларусі – жывы, а  вось пірынейскае насельніцтва ў большай ступені схавалася пад коўдраю глабалізацыі.“І, калі ў Беларусі цябе зацягнуць амаль сілаю ў хату, каб не вітацца праз парог, то ў Іспаніі адзінае і, можа, найбольш папулярнае – зробяць заўвагу, калі ты раскрыеш парасон у памяшканні. О! Бо менавіта такі знак — да бяды”, — прыгадвае і ўсміхаецца Анхела.

На гэтай вясёлай ноце і скончылася сустрэча, а чарговая чакаецца – як заўсёды праз два тыдні  — 27 лютага (вул.Багдановіча, 68). Да пабачэння!

Аксана Ючкавіч, “М”

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.