Вы тут

Якія перспектывы бытавых паслуг існуюць на вёсцы?


Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір КАЛТОВІЧ:

— На сёння створаны сістэмныя ўмовы для арганізацыі дзейнасці прадпрыемстваў у сельскай мясцовасці, якія дазваляюць адкрываць новыя аб'екты, развіваць і ўкараняць прагрэсіўныя формы і метады абслугоўвання, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Разам з зацікаўленымі мы працягваем работу па стварэнні спрыяльных умоў.

Для далейшага стымулявання дзелавой актыўнасці, развіцця гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг на вёсцы спецыяльная рабочая група пры міністэрстве распрацоўвае прапановы па змяненнях ва Указ № 345.

Гараджанін па дарозе з работы можа паспець памяняць набойкі на ботах, зрабіць новую стрыжку і фота на дакументы. У жыхара аддаленай вёскі на гэта можа пайсці два тыдні. Як развіваецца сфера бытавых паслуг у сельскай мясцовасці, на што робяць стаўку прадпрыемствы і які эфект далі льготы, што дзейнічаюць з мінулага года, расказалі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Усё менш папулярныя

На вёсцы бытавыя паслугі аказваюць 4,6 тысячы суб'ектаў: 69,5 % з іх індывідуальныя прадпрымальнікі, 30,5 % — юрыдычныя асобы. За мінулы год колькасць такіх прадпрыемстваў вырасла на 7 %. У асноўным гэта шматпрофільныя арганізацыі ці фірмы, якія спецыялізуюцца на адным-двух відах паслуг.

— Навінкі ў сферы прадыктаваны пашырэннем тэхналогій, развіццём канкурэнцыі і жаданнем бізнесу быць бліжэй да спажыўца. Так, усё большую папулярнасць у сельскіх населеных пунктах набірае выязная форма абслугоўвання. Па апошніх падліках яе ажыццяўляюць 584 прадпрымальнікі і арганізацыі, — звяртае ўвагу на тэндэнцыі начальнік упраўлення сацыяльнай сферы і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Валяр'ян БЯСПАЛЫ.

Найбольш папулярныя цырульні, станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, майстэрні па рамонце і пашыве швейных вырабаў, абутку, рамонт і ўстаноўка камп'ютараў, офіснага і іншага абсталявання. А вось пракат бытавых тавараў, пральні, лазні і душавыя ў іх традыцыйным выглядзе з году ў год становяцца ўсё менш запатрабаванымі.

Калі ў сталіцы развіваюцца такія кірункі, як індустрыя прыгажосці (у тым ліку і для мужчын), пракат абсталявання для вечарынак і актыўнага адпачынку, клінінг, то ў сельскай мясцовасці на іх рэдка робяць стаўку: нерэнтабельна. Хоць нязвыклыя паслугі там часам усё ж такі з'яўляюцца: напрыклад, у Нясвіжскім раёне прапануюць вакуумна-ролікавы масаж для карэкцыі фігуры.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ільготы далі плюс

Што рабіць, каб бытавыя паслугі на вёсцы не адставалі па якасці і асартыменце ад гарадскіх? У міністэрстве лічаць, што трэба стымуляваць прадпрымальніцкую актыўнасць, у тым ліку праз льготы і прэферэнцыі, пашыраць свабоду дзейнасці для прадпрымальнікаў і развіваць канкурэнцыю.

— Прыняцце нарматыўных прававых актаў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў для арганізацыі і вядзення бізнесу, спрыяла планамернаму развіццю згаданай сферы, — адзначае Валяр'ян Бяспалы.

Адзін з дакументаў, якія ён мае на ўвазе, — Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Ён кардынальна змяніў механізмы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізаваў умяшанне службовых асоб у работу прадпрыемстваў (апошнія цяпер самі могуць устанаўліваць рэжым работы, вызначаць парадак фарміравання заказаў, маюць права не ўзгадняць выкарыстанне гаража з членамі таварыства). А таксама ўзмацніў прынцыпы самарэгулявання бізнесу і яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам.

Каб аказваць асобныя бытавыя паслугі, не трэба афармляць ІП — можна проста плаціць адзіны падатак. Гэта прапісана ва Указе № 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб». Размова ідзе ў прыватнасці пра цырульніцкія і касметычныя паслугі, манікюр і педыкюр, рамонт камп'ютараў, абутку, мэблі, вытворчасць адзення і абутку, тынкавальныя і малярныя работы.

Стымуляваць вясковых прадпрымальнікаў павінен і Указ № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Спачатку пад яго дзеянне трапіла 60 працэнтаў сельскіх населеных пунктаў, але пасля іх пералік пашырыўся. Дакументам устаноўлены пэўныя льготы.

— Так, на асобных тэрыторыях прадугледжаны асаблівы рэжым падаткаабкладання — падатак на прыбытак для прадпрыемстваў 6 % і адзіны падатак для ІП у памеры базавай велічыні (25,5 рубля). Вызваляюць таксама ад падатку на дабаўленую вартасць, на нерухомасць, зямельнага падатку і арэнднай платы за ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, — удаецца ў дэталі начальнік упраўлення.

Летась па Указе № 345 у сельскай мясцовасці адкрылася 128 аб'ектаў бытавога абслугоўвання.

У рамках дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады мясцовыя выканаўчыя органы будуюць і рамантуюць аб'екты бытавога абслугоўвання ў раённых цэнтрах і сельскай мясцовасці, тэхнічна перааснашчаюць арганізацыі за кошт абнаўлення вытворчых магутнасцяў, набыцця аўтатранспарту і іншага.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Што ўваходзіць у «сацпакет»?

Бытавых паслуг, якімі вяскоўцы павінны быць забяспечаны на 100 працэнтаў, 11 відаў. Сярод іх — рамонт швейных вырабаў, абутку, мэблі, бытавых машын і прыбораў, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне бытавой радыёэлектронікі, пракат, цырульніцкія паслугі, фота, прыём заказаў у пральню, хімчыстку, выраб рытуальных прылад.

Асноўная нагрузка — на камунальныя арганізацыі бытавога абслугоўвання. Ёсць пэўныя нарматывы. Так, на 1,8—2,2 тысячы чалавек павінен прыходзіцца адзін комплексны прыёмны пункт. У аграгарадках распаўсюджана выязное абслугоўванне. У сельскіх пунктах з колькасцю жыхароў больш за 200 яно ажыццяўляецца не радзей як раз на два тыдні, калі ж у вёсцы насельніцтва менш за 200 чалавек — па заяўцы на працягу двух тыдняў.

— З улікам карэкціроўкі сацыяльнага стандарту ў 2018 годзе адзначалася тэндэнцыя росту колькасці прадпрыемстваў, якія аказваюць паслугі без аб'екта: летась іх стала больш у 1,5 раза, — заўважае Валяр'ян Бяспалы. — Такая форма работы — найбольш эканамічна эфектыўная для малаколькасных населеных пунктаў.

У тэму

У канцы мінулага года аблвыканкамам даручылі рэгуляваць цэны на паслугі сельскіх лазняў агульнага карыстання і душавых. Яны ўключаны ў пералік сацыяльна значных тавараў і паслуг. Гэта павінна забяспечыць вяскоўцаў якаснымі і даступнымі паслугамі парыльняў, а таксама дазволіць накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на фінансаванне дзейнасці такіх аб'ектаў.

Напрыклад, у Мінскай вобласці гранічны максімальны тарыф на лазні ўстаноўлены ў памеры 4,7 рубля за дзве гадзіны, на душавыя — 4 рублі за 45 хвілін.

Што людзі кажуць?

Вольга БАБКО, старшыня Агарэвіцкага сельскага Савета Ганцавіцкага раёна:

— У нас захаваліся памяшканні КБА з савецкіх часоў, і яны функцыянуюць як прыёмныя пункты альбо прадпрыемствы па аказанні паслуг да гэтай пары. Будынкі мы рамантуем і падтрымліваем у парадку, яны служаць людзям. Напрыклад, у Кукаве і Вялікіх Круговічах КБА працуюць як пункты прыёму. Скажам, чалавек прыносіць абутак у рамонт альбо падушкі ў чыстку, яго заказ афармляюць і адпраўляюць у райцэнтр. Потым машына раённага КБА прывозіць рэчы, сельскі жыхар забірае свой заказ на месцы. У Агарэвічах акрамя названых паслуг па прыёме і выдачы працуе майстар па рамонце адзення, пашыве пасцельнай і сталовай бялізны. Тут жа два разы на тыдзень адчынена цырульня. Раз на тыдзень па графіку цырульнік абслугоўвае вяскоўцаў у Кукаве. У гэтай жа вёсцы працуе лазня. Вяскоўцам з іншых населеных пунктаў мы прапаноўвалі паслугі па дастаўцы ў гарадскую лазню, але гэта не знайшло водгуку ў людзей.

Усе бытавыя паслугі нашаму насельніцтву аказваюцца праз сістэму раённага КБА. З асяродку прадпрымальнікаў пакуль не знаходзіцца ахвотных узяць у арэнду памяшканне і абслугоўваць кліентаў у будынках камбіната і прыёмных пунктаў. Не сакрэт, што моладзь цяпер аказвае і атрымлівае паслугі з дапамогай інтэрнэт-стасункаў. Прычоску ці манікюр робяць з выездам на кватэру майстра альбо кліента. І гэта ўжо характэрна нават для нашай палескай глыбінкі.

Галіна Смольская, жыхарка аграгарадка Дабрамыслі Лёзненскага раёна:

— У нас даволі буйны населены пункт (больш за 1000 жыхароў. — Аўт.). Ёсць садок, школа (і нават музычная), пошта, банк. На жаль, у апошнім аказваюць паслугі не ва ўсе працоўныя дні, а толькі тры разы на тыдзень.

Паслугі «бытоўкі» аказваюць з выездам да нас. У спецыяльным памяшканні прымаюць заказы на рамонт адзення, паслугі хімчысткі і гэтак далей. Запатрабаваныя і паслугі цырульні... Але я асабіста прыязджаю ў Лёзна ў цырульню дзяржаўнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання «Дабрабыт». І ўнука прывожу. Там дзяўчаты вельмі ветлівыя і прафесіяналкі добрыя. Разумеюць, што людзі хочуць выглядаць прыгожа. Асабліва жанчыны, незалежна ад ўзросту.

Чаму б і не паехаць, калі да райцэнтра ўсяго 12 кіламетраў. І па тры-чатыры разы штодня на аўтобусе зручна дабірацца. Прыязджаю ў райцэнтр, бывае, са сваякамі, знаёмымі, каб адпачыць у кафэ. На жаль, у нас у вёсцы няма куды пайсці, каб выпіць кавы, з'есці бутэрброд, пірожнае. Было б добра, каб, можа, нехта з прадпрымальнікаў пажадаў стварыць месца для сямейнага адпачынку ў Дабрамыслях. Тым больш што ў нас ёсць памяшканні, якія не выкарыстоўваюцца.

У цэлым няма асаблівых нараканняў наконт дзейнасці «бытоўкі», сацыяльнага абслугоўвання і гэтак далей.

Марына Клюева, старшыня Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва аказвае шырокі спектр паслуг. Але нашы майстры, работнікі «бытоўкі» ў пастаянным творчым пошуку, імкнуцца пашыраць пералік паслуг для жыхароў горада і раёна. Тым больш што і геаграфічнае становішча нашага раёна ў нейкай ступені абавязвае да таго, каб мы на сваёй тэрыторыі змаглі аказаць як мага больш паслуг і людзям не даводзілася ехаць у суседнія гарады — Барысаў, Мінск. Таму мы імкнёмся прыцягнуць кліентаў даступнымі і якаснымі паслугамі на месцы, каб чалавек не звяртаўся ў раённы цэнтр або нават у комплексныя прыёмныя пункты, якія размешчаны ў буйных населеных пунктах сельскай мясцовасці. Работнікі «бытоўкі» выязджаюць на дом для аказання паслугі, прымаюць заказ і дастаўляюць яго адрасату.

Аляксандр Васілевіч, стараста вёскі Бершты Шчучынскага раёна:

— Нашу вёску можна назваць аддаленай. З усіх аб'ектаў — крама ды пошта. У ФАПе прыём вядзецца раз на тыдзень, хаця некалі тут была даволі прыстойная бальніца і нават школа. Пасля таго як не стала калгаса, пачалі знікаць і многія аб'екты, у тым ліку і бытавы камбінат. Найбліжэйшы комплексны пункт знаходзіцца ў Шчучыне, гэта ад Берштаў 44 кіламетры. Напрамую транспарт туды ідзе па пятніцах і нядзелях. Найбліжэйшы аграгарадок — Новы Двор, але і там комплекснага прыёмнага пункта няма. Каб адрамантаваць бытавую тэхніку ці тэлевізар, звяртаюцца да прыватных майстроў. Яны прыязджаюць і аказваюць паслугі на месцы. З пральняй таксама няма праблем. Паўсюдна прабураны свідравіны, і людзі карыстаюцца пральнымі машынамі. Мясцовыя майстрыхі могуць зрабіць нейкі дробны рамонт адзення. Хоць наша вёска невялікая, зараз тут жыве пад 150 чалавек, людзі адно аднаму дапамагаюць: падвязуць куды трэба, пры неабходнасці аддадуць ці забяруць заказ суседа. Да мяне, як да старасты, таксама звяртаюцца, але ў асноўным па іншых праблемах — выпісаць дроў ці знайсці машыну, каб тэрмінова штосьці перавезці. Асаблівай патрэбы ў прыёмным пункце няма, бо такія пытанні ўзнікаюць даволі рэдка і кожны вырашае іх самастойна.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Стаўка на цырульні і рамонт аўто

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!