Вы тут

Рэнтабельная «бытоўка»


Нехта называе іх апошнімі з магікан. У райцэнтрах паступова закрываюцца дамы бытавых паслуг, маўляў, няма попыту. А вось Чэрыкаў упарта даказвае адваротнае. «Бытоўка» тут працуе, і нават з прыбыткам. Акрамя Дома быту ў райцэнтры існуе яшчэ восем комплексна-прыёмных пунктаў на перыферыі.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Чэрыкаўскі феномен

Бізнесу «бытоўка» не вельмі цікавая. Ну што можна зарабіць на рамонце адзення або мыцці бялізны? Між тым бытавыя паслугі ў сельскага жыхара запатрабаваныя. І нехта павінен пра яго клапаціцца.

Летась комплексныя пункты чэрыкаўскага камбіната рэалізавалі сельскаму насельніцтву паслуг, тавараў і прадукцыі на 320,4 тысячы рублёў — на 4,7 % болей, чым пазалетась. А ў цэлым па раёне — на 741 тысячу рублёў. Сярод аналагічных прадпрыемстваў па Магілёўскай вобласці лічба вышэйшая толькі ў Асіповіч. Але ж па колькасці насельніцтва Асіповіцкі раён большы за Чэрыкаўскі амаль у 3,5 раза. З іншымі раёнамі, дзе яшчэ «жывая» «бытоўка», нават некарэктна параўноўваць — разрыў вельмі адчувальны. У чым жа сакрэт папулярнасці?

— Трэба не ленавацца працаваць, — кажа дырэктар чэрыкаўскага прадпрыемства «Бытпаслугі» Святлана Кулікава. — Язёры, Сакалоўка, Лабанаўка, Верамейкі, Рэчыца, Майскі, Лобча — гэта тыя аграгарадкі і вёскі, дзе сёння функцыянуюць нашы комплексныя прыёмныя пункты (КПП). Плюс у Гронаве чалавек збірае заказы і перадае чэрыкаўскаму камбінату паслуг. Даход невялікі, але для прадпрыемства і гэта важна. Там пастрыжом, тут памыем, падушкі пачысцім, боты адрамантуем, пасцельную бялізну пашыем — па капейцы збіраецца круглая сума.

Спектр паслуг — ад рамонту абутку і адзення да вырабу аконных рам, дзвярэй і агароджы. Калі трэба, і агарод узаруць, і халадзільнік напракат дадуць.

— Усе віды паслуг сацыяльнага стандарту мы аказваем, матаемся туды-сюды: нам заказалі — мы прывезлі. Рэчыца за год сабрала 91 тысячу рублёў, Верамейкі — 67 тысяч, Язёры — 62 тысячы — тры КПП, а даход, калі скласці лічбы, такі ж, як у некаторых раёнах. Працуем і не скардзімся, што ўсё гэта трэба яшчэ і ўтрымліваць — ацяпляць, снег прыбіраць, трубы чысціць. І на паліва грошы знайсці. Ад Чэрыкава да таго ж аграгарадка Майскі 30 кіламетраў. Але ж нічога, спраўляемся.

Каманда аднадумцаў

— На такіх кіраўніках усё трымаецца, — ацэньвае работу Святланы Кулікавай намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Алена Сляпцова.

Сапраўды, болей адданага сваёй прафесіі чалавека цяжка ўявіць. У «бытоўцы» яна 53 (!) гады. І вакол сябе сабрала менавіта такіх апантанных людзей, як сама. Яны працуюць нягледзячы на не самыя высокія заробкі і напружаны графік работы.

Стаж работы ў «бытоўцы» майстра Ніны Патапенкі крыху меншы — 42 гады. Першыя 26 гадоў працавала фатографам. Яна і зараз, калі трэба, бярэ ў рукі фотаапарат, але цяпер асноўныя яе абавязкі — гэта апрацоўка заявак ад насельніцтва. «Без нашай Ніны Якаўлеўны мы столькі б не зарабілі. Яна ж у нас круціцца як вавёрка ў коле. Бывае, заказ зроблены, а разлічыцца з намі не спяшаюцца. Яна ж умее дамовіцца. Талент», — не шкадуе добрых слоў у адрас калегі дырэктар.

Ніна Якаўлеўна сціпла называе свае дасягненні любоўю да работы.

— Складаю графік выезду на комплексныя прыёмныя пункты з такім улікам, каб адначасова можна было зрабіць яшчэ некалькі спраў. Двойчы ў месяц дастаўляем цырульніка ў суседнюю вёску, па дарозе забіраем у кліента пральную машынку або абутак у рамонт. Без такой своеасаблівай лагістыкі ў нашай справе сёння не абысціся.

З настальгіяй прыгадвае былыя часы.

— Гэта цяпер фотаапарат у кожным мабільніку ёсць. А раней у выхадныя нават стаялі чэргі сфатаграфавацца. Аб'ёмы ўпалі вельмі сур'ёзна. Паменшалі аб'ёмы хімчысткі па кааперацыі: меней здаюць дываноў, верхняга адзення. Зараз акцэнт робіцца на пашыў пакрывалаў, падушак, абрусаў — гэта вельмі папулярна. Таксама запатрабаваны рамонт складанай бытавой тэхнікі. У нас ёсць дагавор на абслугоўванне з вытворцам халадзільнікаў «Атлант», яны нам запчасткі пастаўляюць. Нават з Крычыва халадзільнік рамантавалі. Людзі тэхніку купілі, а яна праз два месяцы зламалася. І мы выручылі. Канкурэнцыя толькі на «рытуалку» і, калі браць горад, цырульныя паслугі. Усё астатняе на нас. Без «бытоўкі» вёска шмат чаго страціць. Прыватніку там нецікава. А нас ведаюць і чакаюць.

Мы па ўсёй краіне качуем

Можна называць «бытоўку» атавізмам, казаць, што яна аджыла сваё, але работніц чэрыкаўскага прадпрыемства «Бытпаслугі» чакаюць нават далёка за межамі іх роднага раёна.

— Ездзім на рынкі ў Магілёў, Чавусы, Мсціслаў. Па дарозе заязджаем у розныя вёсачкі, завозім прадукты, камбікармы, пшаніцу, — расказвае прыёмшчыца КПП ад чэрыкаўскіх «Бытпаслуг» у Верамейках Наталля Баранава. — Нядаўна заказалі ў Мсціслаўскі раён наматрацнікі, пасцельныя камплекты. Там наша бялізна ідзе вельмі добра, і расіяне прыязджаюць — ім якасць падабаецца. Палутарка каштуе 41 рубель, напрыклад. Нічога не залежваецца. Наш швейны цэх вырабляе пасцельную бялізну, халаты, сарочкі, майкі, ручнікі, падушкі і шмат чаго іншага. А яшчэ рамантуем абутак і адзенне — па 10—15 заказаў у месяц прымаем. Працоўны дзень у нас з 9.00 да 17.00 гадзін, але што датычыцца рытуалкі, нават ноччу выязджаем.

Комплексны прыёмны пункт у Верамейках неаднаразова станавіўся найлепшым у раёне і нават у маштабах рэспублікі. Наталля працуе разам з цырульнікам Галінай Разікавай, якая абслугоўвае тутэйшае насельніцтва ўжо 35 гадоў. Двойчы на месяц выязджае ў суседнюю Лабанаўку. Жаночая стрыжка зараз каштуе 8-9 рублёў, мужчынская — максімум 6,60.

— Робім і больш дарагія заказы, завіўкі напрыклад, але такога попыту, як раней, на іх няма, — кажа яна. — Дадому выязджаем — да інвалідаў, ветэранаў. Кліентаў стала менш, але план выконваю. Летась зарабіла 9 тысяч рублёў. Пазалетась было меней — 8,1 тысячы.

З хадавых паслуг у Верамейках — мыццё бялізны. На вёсцы ў асноўным пажылыя людзі, у якіх і рукі баляць, і пральныя машынкі не заўсёды ёсць. Расцэнкі прывабныя — 1,74 рубля за кілаграм. Яшчэ і забяруць, і прывязуць назад. А заадно камбікармы возяць па дамах — пажылыя часта заказваюць. Рамонт тэхнікі па цяперашніх часах каштуе нямала. Напрыклад, рухавік замяніць у халадзільніку каштуе 160 рублёў, фрыён (ахалоджвальная вадкасць) — 60—70 рублёў. Але людзі звяртаюцца. Усе ж танней, чым новую тэхніку купляць.

— План перавыконваем, — запэўнівае Наталля. — За снежань 6300 рублёў зарабілі, за студзень 6400. А план дзесьці 6000 рублёў. Летам попыт на нашы паслугі вышэйшы, зімой крыху памяншаецца. Але такога, каб без працы сядзелі, няма.

Асноўная праблема, лічыць Наталля, малая зарплата ў насельніцтва. Таму і кліентаў недастаткова. Затое канкурэнтаў няма. Прыватнік на дробязі не разменьваецца. А значыць, без работы, спадзяюцца «бытавікі», яны не застануцца.

— Калі працуем у суседніх раёнах, людзі скардзяцца, што ў іх «бытоўку» закрылі, — заўважае Наталля. — Кажуць, вы малайцы, што яшчэ трымаецеся. Мы, дарэчы, пералік паслуг пашыраем. Для нас вельмі важна дайсці да кожнага.

Дарэчы, «Газелі» чэрыкаўскай «бытоўкі» даязджаюць нават да Гомельскай вобласці. Па сутнасці, заказы тут гатовы прымаць з любога месца краіны. Так што звяртайцеся. Але майце на ўвазе: за дастаўку прыйдзецца даплаціць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».