Вы тут

У Баранавічах урачыста адкрылі будынак каледжа лёгкай прамысловасці


Баранавіцкі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці імя В. Я. Чарнышова налета адзначыць 60 гадоў. Фактычна ўвесь гэты час навучальная ўстанова працавала ў будынку па вуліцы Савецкай. З ростам колькасці навучэнцаў і пашырэннем вучэбнай базы ў каледжа з'явіўся другі вучэбны корпус, які патрабаваў рэканструкцыі і рамонту. І гэты рамонт быў распачаты ў лютым 2013 года.


На мінулым тыдні поўнасцю абноўлены корпус урачыста адкрылі. Памяшканне як звонку, так і знутры набыло стыльны і прывабны выгляд. Аўдыторыі, класы, майстэрні адпавядаюць самым сучасным патрабаванням навучальнага працэсу. З рэспубліканскага бюджэту на гэты аб'ект затрачана каля 5,4 мільёна рублёў. Павіншаваць навучэнцаў і выкладчыкаў з наваселлем прыехаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.

Яшчэ да цырымоніі адкрыцця спікер верхняй палаты парламента разам са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Анатолем ЛІСАМ, старшынёй абл-
савета Юрыем НАРКЕВІЧАМ, старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Мікалаем ЯФІМЧЫКАМ
паразмаўлялі са студэнтамі і іх настаўнікамі, пазнаёміліся з вучэбнай базай.

Зараз каледж рыхтуе спецыялістаў па шэрагу напрамкаў лёгкай прамысловасці. З яго сцен выходзяць тэхнікі-тэхнолагі трыкатажных і тканых вырабаў, мадэльеры і тэхнолагі швейных вырабаў, механікі машын і апаратаў, спецыялісты па эканоміцы і арганізацыі вытворчасці, тэхнікі-праграмісты.

Сваю новую аўдыторыю паказала выкладчык тэхналогіі швейнай справы Алена Яфімчык. Алена Мікалаеўна 20 гадоў працуе ў каледжы. Старшыня Савета Рэспублікі папрасіў выкладчыцу назваць некалькі вучняў, якія дасягнулі поспехаў у швейнай справе. Сярод іншых Алена Мікалаеўна згадала Хрысціну Нічыпарук, начальніка цэха дзяржынскага прадпрыемства па вырабе мужчынскіх кашуль «Эліз». Дарэчы, нядаўна Алена Яфімчык праводзіла там выязныя заняткі са сваімі навучэнцамі. І яе былая вучаніца выступала ўжо ў якасці выкладчыка. Заняткі, паводле ацэнкі педагога, атрымаліся плённыя.

Пазней Алена Мікалаеўна расказала карэспандэнту МС, як сучаснае інфармацыйнае грамадства ўплывае на падрыхтоўку спецыялістаў швейнай справы. Цяперашнія дзеці, а ў каледж прыходзіць частка навучэнцаў пасля 9 класа, менш здольныя ствараць нешта рукамі. Яны прывучаныя працаваць з гаджэтамі, а вось з іголкай... Гэтаму пакаленню неабходна больш часу, каб навучыцца простым маніпуляцыям, чым патрабавалася, скажам, іх папярэднікам. «Але ж на другі, трэці год навучання многія раскрываюцца, дэманструюць здольнасці, а то і талент да нашай справы. І мы, вядома, радуемся, калі гэтыя задаткі супадаюць з жаданнем маладога чалавека стаць сапраўдным спецыялістам», — кажа выкладчыца.

Міхаіл Мясніковіч пажадаў Алене Яфімчык вырасціць свайго Славу Зайцава ў Баранавіцкім каледжы. І гэта не проста арыенцір, але і цалкам рэальная справа, — упэўніліся ўсе прысутныя на наваселлі. Навучэнцы прадэманстравалі гасцям калекцыю адзення, вырабленага ўдзельнікамі тэатра моды «Модэс». Некаторыя ўзоры выглядалі даволі авангардна, так што іх аўтары могуць яшчэ заявіць пра сябе ў свеце высокай моды. Але ж галоўная задача гэтай навучальнай установы, якая некалі стваралася канкрэтна пад патрэбы вытворчага баваўнянага аб'яднання, — рыхтаваць кадры сярэдняга звяна для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці краіны.

Такіх спецыялістаў, дарэчы, за ўсе гады выйшла адсюль 25 тысяч. Зараз у каледжы прафесію атрымліваюць больш за 800 юнакоў і дзяўчат. Іх навучаюць больш за 60 выкладчыкаў. У новым будынку акрамя вучэбных кабінетаў ёсць прасторная актавая зала, чытальня, сталоўка. Спартыўная база складаецца са спартзалы, пляцовак для міні-футбола, валейбола, баскетбола, вулічных трэнажораў. Карацей, у новым корпусе ёсць усё для паспяховай вучобы, адпачынку, самаразвіцця.

Падчас адкрыцця Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што грошы, укладзеныя ў рэканструкцыю будынка навучальнай установы, дзяржава разглядае як інвестыцыі ў будучыню эканомікі. Тут рыхтуюцца запатрабаваныя народнай гаспадаркай спецыялісты. «Я задаваў шмат пытанняў навучэнцам, цікавіўся меркаваннем іх бацькоў, — сказаў Міхаіл Уладзіміравіч журналістам. — Упэўніўся, што яны задаволеныя вучобай, іх бацькі таксама не шкадуюць, што дзяцей накіравалі менавіта ў гэтую навучальную ўстанову. Тут рыхтуюцца кадры для прадпрыемстваў усёй лёгкай прамысловасці рэспублікі. З гэтых сцен выйшлі многія спецыялісты, якія займаюць кіруючыя пасады і на дзяржаўных, і на прыватных прадпрыемствах. Прадукцыя, якую яны выпускаюць, карыстаецца попытам на ўнутраным і замежным рынках».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Інвестыцыі ў адукацыю

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.