Вы тут

У Кіраўскім раёне абмеркавалі пытанні асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў


Апошнім часам адбылося шмат сур'ёзных сустрэч па гэтай тэме — яны шырока асвятляліся на старонках нашага выдання. Прайшоў круглы стол па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. Быў праведзены семінар з удзелам экспертаў Савета Еўропы, якія падзяліліся інфармацыяй аб існаванні асацыяцый. Па выніках круглага стала і семінара была распрацавана адпаведная дарожная карта, дзе адлюстраваўся агульны кірунак работы. Неаднаразова абмяркоўваўся вопыт гродзенскай асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, праходзілі сустрэчы са старшынямі аблсаветаў на тэму стварэння асацыяцый на месцах. На гэты раз пытанні фарміравання асацыяцый разглядаліся на прыкладзе Магілёўскай вобласці. Асацыяцыя тут створана яшчэ ў 2015 годзе, а летась яе дзейнасць была істотна ўдасканалена. У нарадзе, якая адбылася на базе Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея, прынялі ўдзел міжнародныя эксперты Савета Еўропы. За агульным сталом сабраліся прадстаўнікі Савета Рэспублікі, Міністэрства замежных спраў, абласных Саветаў дэпутатаў.


У асацыяцый магутны патэнцыял

Напачатку ўдзельнікаў запрасілі прайсціся па былых уладаннях вядомага магнацкага роду Булгакаў і пазнаёміцца з ходам работ па рэстаўрацыі. Пакуль адноўлена толькі частка палацавага ансамбля, у ёй знаходзяцца дзіцячая школа мастацтваў і адміністрацыя музея. Зараз галоўны падрадчык — магілёўскае прадпрыемства «Будпраектінвест» — даводзіць да ладу былыя парадныя залы і хатнюю царкву. Палац добра захаваўся, яго выратавала тое, што ў савецкі час тут размяшчаўся Жыліцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Рэканструкцыя пачалася ў канцы нулявых і па нарматыўных тэрмінах павінна была закончыцца яшчэ ў 2014 годзе. Але фінансавыя складанасці не дазволілі гэтым планам ажыццявіцца. На сённяшні дзень зроблена шмат, але трэба зрабіць яшчэ болей. Якое, спытаеце, маюць да гэтага дачыненне дэпутаты? А такое, што тая асацыяцыя, над фарміраваннем якой яны сёння працуюць, якраз і магла б вырашаць такія складаныя пытанні.

— Гэта якраз той выпадак, калі трэба знайсці пэўныя фінансавыя сродкі для таго, каб паскорыць працэс рэстаўрацыі аб'екта, — заўважыў падчас экскурсіі Аляксандр Папкоў, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. — Турызм з'яўляецца для Беларусі пэўным пунктам росту эканомікі. Апошнія рашэнні кіраўніка дзяржавы наконт бязвізавага рэжыму наведвання нашай краіны даюць магчымасць атрымаць нейкі эканамічны вынік. І Жыліцкі палацава-паркавы комплекс адзін з тых аб'ектаў, якія могуць прывабіць турыстаў. А гэта і даход для раёна, і новыя рабочыя месцы.

Саюз для вырашэння праблем

— Асацыяцыя — гэта перш за ўсё саюз для вырашэння праблем. А праблема ў нас адна — пытанні жыццезабеспячэння канкрэтнага чалавека. Асацыяцыі ствараюцца менавіта для таго, каб вырашаць пэўныя задачы і здымаць канкрэтныя праблемы, — падкрэсліў падчас нарады Аляксандр Папкоў. Ён нагадаў пра тое, што кіраўнік дзяржавы ставіць задачу даць болей паўнамоцтваў мясцовым Саветам, каб яны неслі адказнасць за стан спраў на месцах.

— У нас ужо ёсць пэўны вопыт па стварэнні асацыяцый, і мы хацелі б, каб эксперты з краін Заходняй і Усходняй Еўропы далі ацэнку таму, што зроблена, — адзначыў Аляксандр Папкоў. — У найбліжэйшы час мы збіраемся вельмі сур'ёзна абмеркаваць усе гэтыя пытанні са старшынямі раённых Саветаў дэпутатаў. Мы праводзім цэлы шэраг мерапрыемстваў, назапашваем пэўны матэрыял, што дазволіць нам у выніку выйсці з адпаведнымі рашэннямі ва ўрад.

Пакуль у краіне існуе дзве асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў — у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Але работа па іх стварэнні вядзецца і ў іншых рэгіёнах. На нарадзе адзначалася, што высокую гатоўнасць мае Віцебская вобласць.

Вопытам развіцця асацыяцыі падзяліўся старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык. Ён паведаміў, што вызначаны прыярытэтныя напрамкі работы асацыяцыі, праведзены аналіз таго, што больш за ўсё хвалюе жыхароў раёнаў, вывучаны магчымасці прыцягнення фінансаў. Ён звярнуў увагу на тое, што часта народным абраннікам не хапае ведаў, каб вырашыць некаторыя праблемы, з якімі прыходзяць людзі, асабліва калі яны фінансаваёмістыя. «Трэба, каб была арганізавана пастаянная вучоба для дэпутата», — падкрэсліў Дзмітрый Харытончык.

Не хапае драйвера

Старшыня праўлення «Фонду імя Льва Сапегі» Міраслаў Кобаса адзначыў, што такія сустрэчы, дзе абмяркоўваюцца агульныя падыходы да рашэння праблем, усяляюць надзею на іх вырашэнне. Ён згодны: не ўсе людзі разумеюць, што такое самакіраванне, і іх трэба вучыць. Неабходна таксама, каб інтарэсы мясцовага самакіравання былі на слыху — і на рэгіянальным узроўні, і на цэнтральным. «Сёння пра іх ніхто ў краіне гучна не кажа», — заўважыў ён. Адно з прызначэнняў асацыяцыі — гэта прадстаўленне інтарэсаў грамадскасці, стварэнне перагаворнага механізма з найвышэйшымі органамі ўлады. Ёсць прыклады, калі інтарэсы дзяржавы не супадаюць з інтарэсамі грамадзян, а пытанні трэба вырашаць. Для паспяховай дзейнасці асацыяцый, на погляд эксперта, не хапае драйвера — лакаматыва, які б зрушыў гэты «цягнік». Павінна быць праграма або канцэпцыя развіцця мясцовага самакіравання, якая выразна прадставіць усе асноўныя ідэі: што плануецца пабудаваць і як гэта павінна функцыянаваць.

— Асацыяцыя будзе дэклараваць ідэі рэфармавання, цягнуць за сабой, — канстатаваў эксперт. — Рашэнні некаторых пытанняў могуць зацягнуцца і на гады. Неабходна, каб адбыліся змены ў свядомасці людзей.

Дэпутаты абмеркавалі перспектывы развіцця асацыяцый разам з міжнароднымі экспертамі.

Начальнік Дэпартамента па супрацоўніцтве сакратарыята Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Дзмітрый Марчанкаў таксама ўхваліў ідэю па павышэнні адукацыі народных абраннікаў, адзначыў, што ў некаторых краінах нават ёсць інстытуты народных дэпутатаў. Ён станоўча ацаніў той шлях, які абрала Магілёўская абласная асацыяцыя дэпутатаў, і адзначыў, што гэта найбольш распаўсюджаны варыянт па стварэнні і развіцці падобных аб'яднанняў.

Міжнародныя эксперты выказалі згоду выкарыстаць пляцоўку Магілёўскай вобласці ў якасці пілотнага праекта для аказання дапамогі мясцоваму самакіраванню ўсіх узроўняў — і органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, і дэпутацкаму корпусу.

— У нас ёсць вопыт работы ў Арменіі, Грузіі, Украіне, Албаніі, Марока, Тунісе... Мы займаліся распрацоўкай арганізацыйнага плана развіцця асацыяцый мясцовага самакіравання, планаў камунікацыйных стратэгій асацыяцый. Мы зможам аказаць падтрымку па ўсёй гаме пытанняў: чым могуць быць карысныя асацыяцыі сваім членам і кіраўніцтву краіны, якія прадстаўнічыя, кансультацыйныя функцыі можа выконваць гэта ўтварэнне і гэтак далей, — паведаміў Дзмітрый Марчанкаў.

Сільвія Іванова, праграмны каардынатар Дэпартамента па дэмакратычным кіраванні генеральнага дырэктарата Савета Еўропы, адзначыла як станоўчы факт тое, што дзяржава збіраецца даць болей улады на месцах, і выказала гатоўнасць дапамагчы з навучаннем:

— Мы некалькі гадоў узаемадзейнічаем з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Беларусі і гатовы аб'яднаць высілкі для агульнага ўзаемадзеяння. Мы падзелімся вопытам экспертаў і падбяром усе неабходныя матэрыялы.

Выйсці на новы ўзровень

Як прагучала на нарадзе, 27—28 лютага на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі плануецца правядзенне вучобы са старшынямі раённых Саветаў дэпутатаў. На ёй будзе разгледжаны ход рэалізацыі дэкрэта аб садзейнічанні занятасці насельніцтва і пытанні фарміравання асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў.

— Прапануем адпаведным міністэрствам і ведамствам данесці пэўную інфармацыю па ўсіх пытаннях, звязаных з развіццём краіны на аддаленую перспектыву. Каб кожны ўяўляў, што трэба рабіць, — рэзюмаваў Аляксандр Папкоў.

Ён таксама паведаміў, што ў красавіку намечана сумеснае правядзенне пасяджэння экспертнага Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Еўропы.

— Трэба сфакусіравацца на рэальных падыходах рашэння гэтай праблемы, — адзначыў Аляксандр Папкоў, — каб мы ў далейшым выйшлі на фарміраванне новага закона аб мясцовым самакіраванні. Закона, які дапаможа вырашыць шматлікія пытанні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Цягнік ёсць, не хапае лакаматыва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?