Вы тут

Раннія буякі прывязуць з Палесся


Ягаднік каля Ельска заклалі з восені, а ўжо вясной пачнуцца работы па доглядзе плантацыі буякоў памерам 17 гектараў

Тое, што развіваць бізнес у глыбінцы не толькі магчыма, але і выгадна, многія прадпрымальнікі ўжо зразумелі. Зразумелі гэта і мясцовыя ўлады, якія прапануюць бізнесменам у першую чаргу тыя памяшканні, што не выкарыстоўваюцца па розных прычынах. Задавальненне агульных інтарэсаў прыводзіць да стварэння новых рабочых месцаў. Як, напрыклад, у Ельскім раёне.


Дэпутаты Гомельскага абласнога Савета знаёмяцца з арганізацыяй справы па вырошчванні буякоў.

Ён, дарэчы, невялікі, знаходзіцца на поўдні Беларусі і мяжуе з Украінай. Тэрыторыю раёна праз памежны пераход «Новая Рудня» перасякае аўтатраса Жытомір — Бабруйск, ёсць і чыгунка. Так што лагістыка відавочна прывабная для стварэння новых
вытворчасцяў.

Агульнавядома і тое, што прадпрыемствы атрымліваюць пэўныя падатковыя палёгкі, тут значна таннейшая рабочая сіла і зусім іншае стаўленне. Тых, хто сапраўды ўкладаецца ў развіццё рэгіёна, на руках носяць. Бо ўрэшце гэта дзейнасць дае і рабочыя месцы, і сродкі ў мясцовы бюджэт.

Вось толькі апошнія прыклады. Будынак, дзе некалі размяшчаўся навучальна-вытворчы камбінат, за адну базавую ў 2009 годзе купіў новы ўласнік. Правёў адпаведную рэканструкцыю і перапрафіляванне пад свае патрэбы. Зараз тут швейны цэх прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Палімервалакно». Яго кіраўнік Вадзім Ільюк гаворыць, што набывалі памяшканне менавіта пад пашырэнне ўжо існуючага бізнесу. Цяпер з прадукцыі асноўнай вытворчасці — сінтэпону — шыюць разнастайныя вырабы: пасцельную бялізну і спецадзенне.

Дзесяць мясцовых жыхароў знайшлі тут работу і не скардзяцца на зарплату. Супрацоўнікаў задавальняюць добрыя ўмовы працы, кажа швачка Аксана Бабаед. Сапраўды, для людзей тут абсталявалі не толькі зручныя рабочыя месцы, але і ўсе бытавыя памяшканні. Праўда, адзначаюць арганізатары справы, высокакваліфікаваных кадраў у невялічкім Ельску не хапае.

Яшчэ адна магчымасць для арганізацыі прыватнага бізнесу і гаспадарскага стаўлення да зямлі — яе арэнда. На 17 гектарах, арандаваных у камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Дабрынь», па восені закладзена плантацыя буякоў.

У таварыства з абмежаванай адказнасцю «Бэрымар» ужо ёсць вопыт вырошчвання гэтай культуры пад Мінскам. На поўдні краіны заклалі другую плантацыю. Гавораць, пад Ельскам будуць вырошчваць раннія сарты, а ў цэнтры Беларусі — больш познія. У выніку атрымаецца бесперапынны цыкл. Усё прадумана: каштоўная і карысная ягада раней трапіць на рынак. Ад гэтага выйграе і вытворца, і пакупнік.

Праўда, і затраты на пачатковым этапе даволі вялікія. Гэта не толькі саджанцы з гадавальнікаў. Тут трэба было стварыць асаблівы склад глебы. Пад кожную расліну паклалі прыкладна 300 літраў торфу. Каб добра рос адзін кусцік, пад яго трэба «ўкласці» ад 10 да 50 рублёў. Плюс патрэбны адказныя спецыялісты, якія ведаюць, як усё зрабіць правільна.

Між тым арганізацыя справы тут не аматарская: кроплевая сістэма паліву пад кантролем камп'ютара забяспечыць расліну вадой з усімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі. Гэта дасць прыбаўку да ўраджаю да 40 %. Урэшце плануюць з 40 тысяч кустоў атрымліваць каля 70 тон ягад штогод.

На таварную магутнасць плантацыя буякоў павінна выйсці ў 2022 годзе. А для мясцовых людзей гэта азначае дадатковы сезонны заробак. Арганізатары справы будуць наймаць людзей для збору ягады. На гектар патрэбна дзесяць чалавек. Значыць, на 17 спатрэбіцца адначасова 170.

Пры гэтым плануюць усё зрабіць як у галандцаў ці ў палякаў. Еўрапейцы для ручнога збору наймаюць людзей пры наяўнасці медасведчання. Ягаду збіраюць у спецыяльных пальчатках і добра ведаюць, як яе правільна не толькі зняць з кустоў, якія дасягаюць 2,5 метра ў вышыню, але і не пашкодзіць пры ўкладцы. Бізнес-план прадугледжвае, што збыт ельскіх буякоў у свежым выглядзе будзе ажыццяўляцца на мясцовыя рынкі, у гандлёвыя сеткі, а таксама за межы Беларусі.

У Ельскім раёне цяпер зарэгістравана 188 суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. 68 з іх — юрыдычныя асобы, астатнія — індывідуальныя прадпрымальнікі. Удзельная вага паступленняў у бюджэт вырасла да 43,5 %. У планах — рэалізацыя некалькіх новых вытворчых інвестыцыйных праектаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».