Вы тут

​Вёска трымаецца на ініцыятыўных


Гэта аксіёма, даказаная жыццём. З карты населенага пункта могуць знікнуць пошта, ФАП, школа, нават крама, але пакуль там жыве нехта актыўны і неабыякавы, яшчэ не ўсё страчана. Вось, напрыклад, вёска Кузьмінічы Чавускага раёна. Сем'яў тут не болей, чым у гарадскім шматпавярховіку, — каля ста. Але яны не сумуюць, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці сваёй малой радзімы. Не адмаўляюцца і рублём падтрымаць нейкія важныя справы. Не тое каб яны былі тут такія асаблівыя, гэта ўсё стараста Лідзія Хлапкова, якая ўмее зацікавіць кожнага.


Дзмітрый Ільін у гасцях у Лідзіі Хлапковай.

Раней Кузьмінічы былі галоўнай сядзібай калгаса Ільіча, а калі яго аб'ядналі з суседняй гаспадаркай, сталі перыферыяй. Моладзі з кожным годам усё менш, застаюцца ў асноўным пенсіянеры. Адзінае месца для сустрэч — тутэйшая крама. Болей ніякіх сацыяльна значных аб'ектаў няма. Калі толькі не лічыць дом старасты. Лідзія Васілеўна па родзе сваёй дзейнасці яшчэ і паштальён, па законе мае права прымаць кліентаў дома. Таму веранда ў яе — нешта накшталт паштовага аддзялення. Тут можна разлічыцца за камунальныя паслугі і купіць нешта з неабходных у гаспадарцы дробязяў. Аднавяскоўцы нават свае квітанцыі за камунальныя паслугі пакідаюць ёй на захаванне. Так надзейней, не згубяцца. На вочы трапляе сшытак з незвычайнай назвай — «Хадавік». Высвятляецца, што гэта спіс выданняў, на якія падпісваюцца жыхары. І «Звязда» там таксама ёсць. Стараста сама перыядычна яе выпісвае.

Для мясцовай улады Лідзія Хлапкова не проста памочнік, але і калега па дэпутацкай дзейнасці. Прычым ужо ў другім скліканні. «Ёй лёсам наканавана быць старастам, — смяецца старшыня Антонаўскага сельскага Савета Дзмітрый Ільін. — Людзі самі выказаліся на яе карысць. Нават выбару не пакінулі».

Народ паслугамі старасты не злоўжывае, але звяртаецца рэгулярна. Калі нешта вельмі сур'ёзнае, выходзяць на старшыню.

— Але спачатку Васілеўне паведамяць, потым ідуць да мяне, — удакладняе Дзмітрый Ільін.

Кузьмінічы заўсёды была вясёлая вёска. Калі клуб існаваў, жыхары збіраліся там, цяпер спецыяльнага памяшкання няма. Але насельніцтва не сумуе. Летась сваімі сіламі арганізавалі цудоўнае Свята вёскі. Людзі паміж сабой сазваніліся, падрыхтаваліся. Прыйшлі і старыя, і маладыя. Кожнаму зносін не хапае, пра апошнія навіны даведацца хочацца.

— Не ва ўсіх жа сацработнікі ёсць. Ды і гаспадарку мала хто трымае, — уздыхае суразмоўніца. — Тры каровы засталіся на ўсю вёску. Як тут не засумаваць. Не тое каб людзі лянівыя, проста па ўзросце ўжо складана даглядаць.

Жанчына прызнаецца, што асабіста ёй добра падымае настрой яе кот Кузя. А як яшчэ назваць чатырохногага жыхара Кузьмінічаў? Прыгажун, з доўгімі кутасікамі на вушах. Яго жанчыне падарылі.

Для настрою.

Людзі ў вёсцы жывуць не вельмі багата, але душа ў іх — сапраўдная скарбніца. Галоўнае — падыход знайсці. Вельмі дапамагае старасту ў грамадскай справе аднасяльчанка — старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Кацярына Грэкава.

— Заклікаем людзей на добрыя справы. Нядаўна дапамагалі нашай бальніцы з набыццём новага абсталявання. Прыходжу да людзей і кажу: бальніца ж пра наша здароўе дбае, трэба дапамагчы. У асноўным адгукаюцца. Хто дасць рубель, хто два, хто
тры — сума не мае значэння, галоўнае — удзел. Вось больш за 500 рублёў сабралі на агароджу для могілак. Купілі жалезабетонныя слупы, драўніну. Ратавальнікі абазначылі аварыйныя дрэвы, мясцовае лясніцтва дапамагло знесці. Разам мы — сіла.

— Стараемся падняць народ, хоць ён часам і супраціўляецца, — усміхаецца Кацярына Грэкава. — Але людзі ў нас сумленныя. На бальніцу як пачалі збіраць грошы, некаторыя і зараз прыносяць. Мы лішні раз нават і старшыню стараемся не турбаваць. Людзей старых шмат, кожнаму нешта трэба. Калі можам, самі дапамагаем. А вось тых, хто маладзейшы і пачынае злоўжываць нашай увагай, хутка ставім на месца, тлумачым, што не ўсё можна вырашыць за кошт іншых, трэба і самім нешта рабіць. Канешне, сумнавата ў вёсцы бывае, асабліва зімой. Схадзіць асабліва няма куды, толькі ў краму. Збіраемся там а першай гадзіне дня, калі хлеб прывозяць, нешта прыдумваем. Так і жывём. І ў горы заўсёды побач. Калі нехта памірае, усе адгукаюцца. Дапамагаем хто чым можа, так заўсёды было на вёсцы.

Старшыня Антонаўскага сельскага Савета Дзмітрый Ільін:

— Грамадскую работу на вёсцы арганізоўваюць нашы старасты, іх у нас на 22 населеныя пункты 17. Яны паведамляюць пра праблемы грамадзян, пачынаючы ад вулічнага асвятлення і заканчваючы работай аўтакрам. У аграгарадках ёсць яшчэ і старшыя па дамах. Людзі самі вылучаюць тых, каму больш за ўсё давяраюць. Наша Лідзія Хлапкова якраз з іх ліку, карыстаецца вялікім аўтарытэтам у вяскоўцаў. Разам з Кацярынай Грэкавай знайшлі кантакты людзей, родныя якіх пахаваны на нашых могілках. Расказалі ім пра сумны стан месцаў пахавання, заклікалі фінансава падтрымаць. І людзі адгукнуліся. Цяжка пераацаніць работу нашых памочнікаў, яны працуюць, лічы, за добрае слова. Па выніках года ўзнагароджваем найлепшых. Сумы невялікія, але ж галоўнае — гэта ўвага.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.