Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Шоу

Як шкада, што столькі добрых роляў у кіно сыграна да нас! Магчыма, перажываючы настальгію па савецкім кіно, так падумалі стваральнікі новага забаўляльнага музычна-гумарыстычнага тэлепраекта Першага канала «Галоўная роля». І прапанавалі гледачам і 12 непрафесійным акцёрам — вядомым персонам са свету музыкі, спорту, тэлебачання, якія ўсё жыццё марылі зняцца ў кіно — здзейсніць сумеснае падарожжа па сюжэтах і дэкарацыях любімых кінастужак — успомніць у дэталях, як здымаўся той ці іншы фільм, што прыдумлялі «ад сябе» акцёры на здымачнай пляцоўцы, якія песні там гучалі...

Кожны выпуск праграмы прысвечаны пэўнаму жанру. Вядучыя Ірына Мурамцава і Павел Прылучны прапануюць удзельнікам (у іх ліку, дарэчы, наша зямлячка Наталля Падольская) з дапамогай вопытных рэжысёраў сыграць наноў герояў тых ці іншых дэтэктываў, меладрам, камедый, мюзіклаў — перагледзеўшы рэтра-кадры альбо прачытаўшы сцэнарый «з нуля». У перспектыве мусіць вызначыцца пераможца праекта, чые таленты журы і гледачы ацэняць найвышэй. Пераможцу абяцаюць галоўную ролю ў адным з новых праектаў Першага канала, а пакуль сачыць за перыпетыямі шоу пераўвасабленняў «Галоўная роля» можна штотыдзень па нядзелях на АНТ.

Біятлон

З 18 да 24 лютага Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту ў Раўбічах прыме сусветна вядомых спартсменаў — удзельнікаў чэмпіянату Еўропы па біятлоне і традыцыйнай «Гонкі легендаў». Паказаць абедзве падзеі ў поўным аб'ёме абяцаюць гледачам тэлеканалы «Беларусь 5» і «Беларусь 5 Інтэрнэт». Як не без гонару адзначаюць у Белтэлерадыёкампаніі, на трасе будуць працаваць амаль 100 тэлевізійнікаў і не толькі тры суперсучасныя перасоўныя тэлестанцыі «Яніна», «Ефрасіння» і «Рагнеда» з інтэлектуальнай сістэмай кіравання і 20 тонамі першакласнага абсталявання ў кожнай, але таксама каля 30 дадатковых відэакамер.

«Балельшчыкі ведаюць, што біятлон цікавей за ўсё глядзець па тэлевізары, але ў той жа час гэта адзін з самых складаных для паказу відаў спорту. У свеце ўсяго сем рэжысёраў, якія спецыялізуюцца на паказе біятлона, і мы проста абавязаныя вучыцца ў замежных калег, бо сёлета Беларусь рыхтуецца прыняць чэмпіянат свету па летнім біятлоне, а ў 2021 годзе — этап Кубка свету, які мы таксама абавязкова пакажам», — гаворыць дырэктар «Беларусь 5» Павел Булацкі.

Такім чынам, 18 лютага «Беларусь 5» пакажа ўрачыстае адкрыццё чэмпіянату, а таксама дзве гонкі — мас-старт і змяшаную эстафету з удзелам Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіна, 20 лютага — індывідуальныя гонкі мужчын і жанчын, 21 лютага — супермікст і змешаную эстафету, 23 лютага — два спрынтарскія забегі, 24 лютага — мужчынскую і жаночую гонкі пераследу. А за паўгадзіны да кожнага старту гледачам прапануюць захапляльнае «Прэв'ю», а таксама свежыя навіны і эксклюзіўныя інтэрв'ю знакамітых спартсменаў.

Розум

У праграме «Сусветныя гульні розуму» адны з самых вядомых эрудытаў на постсавецкай прасторы — Анатоль Васерман і Раўшан Аскераў — спаборнічаюць з прафесіяналамі ў розных сферах, адстойваючы перавагу шырока развітага інтэлекту над профільнай спецыялізацыяй. Гэта віктарына з'яўляецца пэўнай рэінкарнацыяй праграмы «Гульні розуму», якая выходзіла ў тэлевізійным эфіры амаль 15 гадоў таму, нават галоўныя героі — тыя ж самыя. Зрэшты, паглядзець і паслухаць разумных людзей ніколі не будзе лішнім.

Кожная гульня, тэму якой задае госць — напрыклад, мастак, рэжысёр, спартсмен — складаецца з трох раўндаў, ад больш простых да складаных пытанняў, якія могуць мець не адзін адказ. Той з удзельнікаў, які дае больш правільных адказаў і адпаведна зарабляе больш гульнявых грошай, праходзіць у фінал — і ўжо там у адзіночку адказвае на самае складанае мега-пытанне, у той час як спецыяльны аўтамат кожныя 10 секундаў «паглынае» частку магчымага выйгрышу. Словам, праверанае часам спалучэнне інтэлекту і азарту. Цікава? Глядзіце «Сусветныя гульні розуму» штопятніцу на тэлеканале «МІР».

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.