Вы тут

Што прыносіць Беларусі ўдзел у міжнародных выстаўках?


Як адзначыў намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Андрэй Шахановіч на спецыяльнай прэс-канферэнцыі, у адпаведнасці з рашэннем урада летась было праведзена сем нацыянальных выставак і экспазіцый у замежных дзяржавах. Удзел у іх прыняло каля 350 беларускіх арганізацый.


Агульная выставачная плошча гэтых экспазіцый склала больш за 2500 квадратных метраў — гэта толькі плошча выставачных стэндаў, а на адкрытай пляцоўцы тэхніка беларускіх вытворцаў заняла 1400 квадратных метраў.

«Усяго было заключана каля 100 камерцыйных кантрактаў і дагавораў на гэтых выстаўках на агульную суму каля 150 мільёнаў долараў. Пагадненняў, розных мемарандумаў аб супрацоўніцтве — на суму каля 50 мільёнаў долараў. Гэта значыць, у цэлым эфект ад удзелу атрымаўся каля 200 мільёнаў долараў — сума дастаткова значная для сямі мерапрыемстваў. Гэта своеасаблівы ўклад у агульную скарбонку беларускага экспарту ў мінулым годзе», — расказаў спецыяліст.

Геаграфія ўдзелу Беларусі ў выстаўках была наступная: дзве — у Кітаі, па адной — у Марока, ЗША, Расіі, Таджыкістане і В'етнаме. Акрамя таго, БелГПП выступіла арганізатарам выстаўкі беларускіх вытворцаў ва Узбекістане, хоць яна і не была ўключана ў план нацыянальных выставачных мерапрыемстваў.

«Усе гэтыя мерапрыемствы вельмі патрэбныя і важныя з той прычыны, што калі ёсць кантакты, калі людзі глядзяць адзін аднаму ў вочы, бізнесмены размаўляюць, яны знаходзяць новыя кірункі супрацоўніцтва, магчымасці для пашырэння бізнесу», — лічыць дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Міністэрства замежных спраў Беларусі Валерый Садоха.

У якіх выстаўках Беларусь паўдзельнічае ў 2019 годзе? Напрыклад, айчынная экспазіцыя ўпершыню будзе арганізавана на міжнароднай выстаўцы сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі, прадуктаў харчавання, напояў і ўпаковачных тэхналогій у Нігерыі, якая адбудзецца з 26 да 28 сакавіка, расказаў дырэктар выставачнага ўнітарнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП Яўген Увядзенскі.

Усяго ў 2019-м наша краіна арганізуе восем нацыянальных экспазіцый на замежных выстаўках — у Паўднёвай Карэі, Аргенціне, Кеніі, Пакістане, Латвіі, Інданезіі, Кітаі і, як было сказана вышэй, Нігерыі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Сувязі, грошы, аўтарытэт

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.