Вы тут

Тыдзень роднай мовы пройдзе ў НАН


З 18 па 24 лютага 2019 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ў свеце 21 лютага.


19 лютага ў 14.00 у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі (Сурганава 1, корпус 2) адбудзецца сустрэча са студэнтамі факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага  дзяржаўнага ўніверсітэта: яны пазнаёмяцца з гісторыяй інстытута і сучаснымі даследаваннямі, наведаюць Музей старажытнай беларускай культуры.


20 лютага ў 10.00 Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізуе круглы стол  на тэму “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі”, на якім будуць абмяркоўвацца стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя. У пасяджэнні прымуць удзел выкладчыкі медыцынскіх навучальных устаноў краіны, вучоныя-тэрмінолагі, урачы.


20 лютага ў 15.00 на базе Музея І з’езда РСДРП адбудзецца прэзентацыя “Расійска-беларускага слоўніка. Архіўная спадчына”, падрыхтаванага Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. “Расійска-беларускі слоўнік” – унікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення. Ён з’яўляецца адзіным у айчынным мовазнаўстве даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак як асновы беларускай нацыянальнай мовы, з’яўляецца інфармацыйнай крыніцай аб яе стане ў другой палове 19-га – пачатку 20 стагоддзяў. Гэта таксама крыніца пазнання побыту беларусаў на памежжы стагоддзяў, якая ўтрымлівае змястоўныя звесткі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства. 


21 лютага ў 8.30 запланавана лекцыя дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба  Коласа Ігара Капылова “Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму” для слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – кіраўнікоў галоўных упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый.


21 лютага перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ выступіць акадэмік Аляксандр Лукашанец.


22 лютага ў 11.00 адбудзецца сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Таксама пройдзе адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства ў форме віктарыны “Простыя словы роднае мовы”.


22 лютага ў 15.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбудзецца лекцыя вядомага даследчыка гісторыі беларускай мовы кандыдата філалагічных навук, дацэнта Сяргея Запрудскага “Мікола Байкоў – знаёмы і незнаёмы”, прымеркаваная да 130-годдзя выдатнага беларускага лексікографа.

На працягу тыдня вядучыя вучоныя Інстытута мовазнаўства выступяць перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, прымуць удзел у імпрэзах і святочных мерапрыемствах, што будуць арганізаваныя дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны.

Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная яго  мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.