Вы тут

Споўнілася 30 гадоў з дня вываду з Афганістана савецкіх войскаў


Споўнілася 30 гадоў з дня вываду з Афганістана Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў. Амаль дзесяць гадоў вялася бязлітасная вайна ў гэтай далёкай краіне. Вайна, якая апякла лёс цэлага пакалення многіх рэспублік. Афганістан — не толькі наша трагічная і гераічная гісторыя, але і наша незагойная рана, горкі боль, глыбокая павага да тых, хто прайшоў праз выпрабаванні з гонарам сапраўднага воіна-патрыёта.


Памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў час баявых дзеянняў на тэрыторыі Афганістана, ушанавалі 15 лютага ў Мінску на востраве Мужнасці і Смутку. У 30-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання вянкоў, кветак і памятным мітынгу прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх і ветэранскіх арганізацый, ваеннаслужачыя, курсанты ваенных навучальных устаноў, а таксама ветэраны афганскай вайны, маці і ўдовы загінулых воінаў. На здымку: міністр абароны Андрэй Раўкоў. Фота БЕЛТА

У вайне ў ДРА ўдзельнічалі каля 30 тысяч грамадзян Беларусі, 771 з якіх загінуў, больш за паўтары тысячы атрымалі раненні, у выніку баявых дзеянняў сотні воінаў-«афганцаў» сталі інвалідамі. Сёння воіны-«афганцы» — захавальнікі памяці аб той кровапралітнай вайне, аб доблесці, подзвігу, славе, аб загінулых баявых сябрах-таварышах.

Афганская вайна легла на неакрэплыя плечы прызыўнікоў — учарашніх савецкіх школьнікаў. Бязвусыя хлапчукі праявілі сябе вельмі годна, паказаўшы мужнымі воінамі, здольнымі адважна змагацца, годна выконваць воінскі абавязак і ваенную прысягу. Сёння можна па-рознаму ацэньваць падзеі 30-гадовай даўніны, але ніхто і ніколі не ўсумніцца ў доблесці і стойкасці нашых ваеннаслужачых.

Вывад нашых войскаў з тэрыторыі Афганістана пачаўся 15 мая 1988 года ў адпаведнасці з заключанымі Жэнеўскімі дамовамі аб палітычным урэгуляванні становішча вакол ДРА. СССР абавязаўся вывесці свой кантынгент у дзевяцімесячны тэрмін. Абпаленыя сонцам Афгана, загартаваныя ў баях з душманамі, савецкія воіны пачалі вяртацца на радзіму. Аперацыяй па вывядзенні войскаў кіраваў камандуючы 40-й агульнавайсковай арміяй генерал-лейтэнант Барыс Громаў. Дарэчы, у 1986—1987 гадах ён у Гродне камандаваў 28-й агульнавайсковай арміяй Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.

15 лютага 1989-га савецкія войскі былі цалкам выведзены з ДРА. Многія воіны-«афганцы» падчас баявых дзеянняў паказалі ўзоры адданасці Айчыне, мужнасці, гераізму, доблесці і вернасці ваеннай прысязе. У іх ліку — камандзір батальёна 126-га гвардзейскага танкавага палка 3-й гвардзейскай танкавай дывізіі гвардыі маёр Віктар Мацулевіч. Ён нарадзіўся 24 мая 1947 года ў Полацку. У 1961 годзе скончыў сем класаў сярэдняй школы, у 1966-м — сельскагаспадарчы тэхнікум. Гарадоцкім райваенкаматам быў прызваны ў рады Узброеных Сіл СССР. З 1969 года працаваў на прадпрыемствах аблспажыўсаюза ў Віцебску. У 1972-м Віцебскім гарваенкаматам паўторна прызваны ў рады Узброеных Сіл, накіраваны для праходжання службы ў воінскую часць на пасаду камандзіра танкавага ўзвода. У 1973 годзе скончыў экстэрнам Ульянаўскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, у 1980 годзе — Вышэйшыя афіцэрскія курсы «Выстрал». Службу праходзіў у танкавых падраздзяленнях і часцях Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі». Спецыяліст 1-га класа, ён, як той казаў, нарадзіўся з «ваеннай костачкай», літаральна днём і ноччу знаходзіўся з падначаленымі салдатамі і афіцэрамі ў парку баявых машын, на танкадроме, у навучальных класах, на трэнажорах. Для асабовага складу ён быў сапраўды як бацька родны. На палявых занятках вучыў падначаленых трапна страляць, па-майстэрску вадзіць танк, умела арыентавацца ў складанай тактычнай абстаноўцы. Камбат стаў наватарам спаборніцтва сярод танкавых экіпажаў на прыз выхаванца палка Героя Савецкага Саюза камандзіра танка лейтэнанта Уладзіміра Краева, які праславіўся пры вызваленні Віцебскай вобласці.

Віктар Мацулевіч на агнявым рубяжы.

7 снежня 1981 года Віктар Мацулевіч быў накіраваны ў ДРА. У незнаёмы і далёкі Афганістан ён ляцеў з супярэчлівымі пачуццямі, з трывогай у душы: што чакае яго там, у чужых гарах, на гэтай невядомай вайне? На вайне, пра якую тады мала што было вядома, хоць баявыя дзеянні ўжо ішлі некалькі гадоў. Свой 3-ці танкавы батальён 24-га гвардзейскага Пражскага танкавага палка Віктар Мацулевіч прыняў у раёне Шынданда правінцыі Герат. Камбат, які ўдыхнуў азіяцкую спёку, спазнаў смагу ў распаленых гарах, неміласэрнае афганскае сонца, з першых жа дзён знаходжання ў Афгане надоўга запомніў выццё снарадаў і спевы куль, скрыгат асколкаў аб скалы і браню, выратавальны рокат верталётаў над галавой.

6 мая 1982 года ў правінцыі Гільменд, каля населенага пункта Гірышк, душманы захапілі электрастанцыю і адключылі ад электрычнасці бавоўнаперапрацоўчую фабрыку. Паступіў загад дапамагчы мясцоваму насельніцтву выбіць ворага з захопленага аб'екта. На выкананне аперацыі паслалі ўзмоцненае падраздзяленне 3-га танкавага батальёна пад камандаваннем гвардыі маёра Мацулевіча. Бой ішоў каля чатырох гадзін. У гэты час падраздзяленне было абстраляна душманамі з гранатамётаў і мінамётаў. Віктар Мацулевіч атрымаў цяжкае раненне і быў адпраўлены ў ваенны шпіталь Кабула. У эфіры салдаты-радысты перадалі адкрытым тэкстам кароткае паведамленне: «Камбат-3 цяжка паранены!» Праз некаторы час вораг быў знішчаны — так воіны адпомсцілі за раненне свайго любімага камандзіра. На жаль, тыя раны аказаліся смяротнымі — ваенныя медыкі былі бяссільныя...

Віктар Мацулевіч памёр ад атрыманага ранення. Пахавалі камбата з воінскімі ўшанаваннямі ў Віцебску, на радзіме адважнага афіцэра-танкіста. За мужнасць і гераізм афіцэр-«афганец» пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».

Захаваўся ліст камандзіра часці гвардыі падпалкоўніка Фаіка Файзуліна і яго намесніка камандзіра палка гвардыі маёра Георгія Атаманава, накіраванае ў пасёлак Бароўка Лепельскага раёна Віцебскай вобласці Венецыі Рыгораўне Мацулевіч — удаве камбата. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: «За час праходжання службы ў часці Віктар Ціханавіч карыстаўся заслужаным аўтарытэтам у камандавання, любоўю і павагай у таварышаў па службе і падначаленых. Камандзір батальёна вызначаўся высокімі маральна-палітычнымі якасцямі: сціпласцю, спагадлівасцю, высокай патрабавальнасцю да сябе і навакольных, прынцыповасцю. Яму былі ўласцівыя мужнасць і адвага, высокае прафесійнае майстэрства афіцэра-танкіста, уменне мабілізаваць падначаленых на выкананне баявой задачы, гарачым словам і асабістым прыкладам павесці за сабой таварышаў па службе.

Віктар Ціханавіч быў бязмежна адданы роднай Беларусі і як воін да апошняга дыхання застаўся верны ваеннай прысязе. Памяць пра мужнага афіцэра-танкіста назаўсёды захаваецца ў сэрцах і ўдзячнай памяці яго баявых сяброў і будзе служыць прыкладам самаахвярнага выканання воінскага і інтэрнацыянальнага абавязку».

Віктар Марцулевіч. Фота: afgan.ru

У Беларусі свята захоўваюць памяць аб удзельніках афганскай вайны: пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак», камітэта сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, у раёне Траецкага прадмесця 3 жніўня 1996 года быў адкрыты Мемарыяльны комплекс, цэнтрам якога стаў помнік «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі». У храме-помніку ў гонар Усіх Святых закладзена капсула з зямлёй з Афганістана, па рашэнні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў частка набярэжнай ракі Свіслач ад вострава Мужнасці і Смутку да гасцініцы «Беларусь» атрымала назву «Набярэжная воінаў-інтэрнацыяналістаў». У многіх навучальных установах, прадпрыемствах краіны створаны пакоі і куткі воінаў-інтэрнацыяналістаў, подзвігу воінаў-«афганцаў» прысвечаны песні, вершы, кнігі, хранікальна-дакументальныя фільмы.

Воінам-«афганцам» прысвечана і асобная экспазіцыя ў зале «Нашчадкі Вялікай Перамогі» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У адной з вітрын — фатаграфіі воінаў-«афганцаў» Герояў Савецкага Саюза — намесніка камандзіра сапёрнага ўзвода гвардыі старшага сяржанта Мікалая Чэпіка, кулямётчыка гвардыі радавога Андрэя Мельнікава, камандзіра верталётнай эскадрыллі маёра Васіля Шчарбакова. Беражліва захоўваюцца баявыя і юбілейныя медалі воінаў-інтэрнацыяналістаў, перададзеныя ў дар музею старшынёй Савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» палкоўнікам у адстаўцы Уладзімірам Шокавым.

У аднапалчан 24-га гвардзейскага Пражскага танкавага палка 5-й мотастралковай дывізіі стала добрай традыцыяй рэгулярна сустракацца напярэдадні Дня танкіста, успамінаць сумесную службу пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Адзін з арганізатараў гэтых хвалюючых і незабыўных сустрэч з баявымі пабрацімамі — удзельнік баявых дзеянняў у ДРА з ліпеня
1981-га да мая 1983 года, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Зоркай ІІІ ступені ДРА, медалём «Ад удзячнага афганскага народа», Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР гвардыі палкоўнік у адстаўцы Георгій Атаманаў. Баявы афіцэр з асаблівым хваляваннем успамінае таварышаў па службе і баявых таварышаў.

Мікалай Шаўчэнка, падпалкоўнік у адстаўцы

Загаловак у газеце: Дакрануцца сэрцам

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.