Вы тут

Рэканструкцыя манумента Дружбы дапаможа аднавіць цеплыню стасункаў?


Магчыма, рэканструкцыя манумента Дружбы на граніцы трох краін дапаможа аднавіць цеплыню стасункаў, якая існавала на працягу стагоддзяў паміж трыма славянскімі народамі

Ёсць на Гомельшчыне пэўныя традыцыі, якія ў маёй прафесійнай дзейнасці існавалі, здаецца, заўжды. Складана ўспомніць, з якога часу, але ж у канцы чэрвеня мы, журналісты, заўсёды ехалі на мяжу трох краін, дзе збіралася моладзь Беларусі, Украіны і Расіі. Каб потым расказаць пра тое, як прайшло свята пад назвай «Славянскае адзінства» каля манумента Дружбы. З тых часоў засталося шмат фотаздымкаў, якія нагадваюць, як добра ўсе адпачывалі.


Традыцыя ў фармаце «тры краіны» раптам перапынілася ў 2014-м. Тады, сведчаць мае архіўныя запісы, да апошняга моманту мы ўсе яшчэ спадзяваліся, што міжнародны форум на мяжы адбудзецца. Але ж яго тэрмінова перанеслі ў прыгранічнае Клімава, што ў Расіі. З таго часу беларускі і расійскі бакі па чарзе бяруць на сябе абавязкі арганізатараў сустрэч.

А тады, у 2014 годзе, мы, беларусы, адчулі сапраўднае расчараванне і прахалоду ў агульным міжнацыянальным надвор'і. Пачуццё горычы не пакідае і цяпер. Тым больш традыцыя, пра якую ідзе размова, стваралася пакаленнем, што нарадзілася дзесьці адразу пасля вайны і вельмі шанавала яе ветэранаў.

Тры шырокія асфальтаваныя дарогі і сёння сыходзяцца каля знакавага манумента, аднак ён апошнім часам страціў свой урачысты выгляд. І вось з'явілася надзея, што свята, якое аб'ядноўвала грамадзян трох суседніх краін, можа адрадзіцца.

— Гэта месца — уязныя вароты ў нашу Рэспубліку Беларусь, — адзначае прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава. — Сюды прыязджалі шматлікія нашы госці, турысты, бізнесмены, і, вядома, хочацца, каб яно выглядала не так, як цяпер. Прэзідэнт Беларусі паставіў сур'ёзную задачу: да канца чэрвеня прывесці ў належны стан манумент Дружбы і добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол яго. Работы пачнуцца, як толькі дазволіць надвор'е.

Між тым у сярэдзіне шасцідзясятых моладзь суседніх вёсак часцяком ладзіла камсамольскія вечарыны на мяжы трох рэспублік. Граніцы паміж рэспублікамі СССР былі ўмоўныя, і сваяцкія сувязі складаліся не па запісе ў пашпарце, а праз асабістыя стасункі. Збіраліся ў нацыянальных строях, з хлебам-соллю на ручніках і спевамі на трох мовах.

Цяпер сведчанні пра тыя залатыя дні міжнацыянальных зносін — у экспазіцыі краязнаўчага музея Кругавец-Калінінскай сярэдняй школы, які знаходзіцца зусім побач з манументам Дружбы ў Добрушскім раёне. Кіраўнік музея Валянціна Радчанка захоўвае фотакарткі, датаваныя 1953 і 1957 гадамі. На іх вяскоўцы са сцягамі, транспарантамі і шчаслівымі тварамі. Сяброўства было не для справаздачнасці, яно заўсёды падмацоўвалася дапамогай, якую пры неабходнасці суседнія гаспадаркі аказвалі адна адной.

Паступова маштаб такіх сустрэч павялічваўся. А потым у святах сталі ўдзельнічаць і рэгіянальныя дэлегацыі. Тады і вырашылі пабудаваць памятны знак. У 1975 годзе ў неба ўзнесліся тры белыя пілоны — праект гомельскага архітэктара Леаніда Стукачова. Наверсе — яшчэ савецкія гербы трох рэспублік. На барэльефе — адлюстраванне самых важных вех агульнай гісторыі нашых народаў. Дарэчы, велічнае збудаванне стваралі сумесна прадстаўнікі рэспублік-суседак. У народзе манумент атрымаў назву «Тры сястры».

Ветэраны камсамольскага руху расказваюць, што ў 70—80-я гады тут было яшчэ дастаткова хатняе мерапрыемства. Ад кожнай краіны для ўдзелу ў міжнародным фестывалі «Славянскае адзінства» прыязджала па 40—50 чалавек. А вось ужо бліжэй да канца стагоддзя толькі ў лагеры было паўтары тысячы ўдзельнікаў. Некалькі дзён моладзь трох краін знаёмілася з культурай і традыцыямі суседзяў, прымала ўдзел у спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтвах, сустракалася са старымі сябрамі і заводзіла новых.

У фінальны дзень свята сюды пешшу прыходзілі жыхары навакольных вёсак, а з гарадоў — Гомеля, Чарнігава і Бранска — тысячы людзей прыязджалі на машынах. Святы ладзіліся вялікія. Тэатралізаваныя шэсці, фальклорныя, археалагічныя і экалагічныя экспедыцыі, горад майстроў, вуліцы ўпрыгожаных падворкаў і гандлёвых радоў, спартыўныя і творчыя конкурсы, выступленні вядомых артыстаў... Гэта ўсё нельга проста так выкінуць з памяці.

Да манумента Дружбы прыязджалі патрыярхі Алексій ІІ і Кірыл. У 2004-м у свяце ўдзельнічалі
кіраўнікі трох дзяржаў Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Леанід Кучма. Дарэчы, наш Прэзідэнт яшчэ не раз бываў тут і заўсёды накіроўваў вітальны адрас удзельнікам славянскага форуму. У 2008 годзе арганізатары міжнароднага фестывалю падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве Бранскай, Арлоўскай, Гомельскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай абласцей у сферы маладзёжнай палітыкі. У 2011 годзе тут быў закладзены камень пад будучы храм. Ішла гаворка пра будаўніцтва пастаяннай сцэны і агульнага духоўна-асветніцкага цэнтра. Тады не спраўдзілася, а шкада.

— Цяпер асабліва важна выкарыстоўваць нават самы невялікі шанц, каб згуртаваць славянскія народы, — падкрэслівае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала. — Важна паказаць, што мы адзіная сям'я, убачыць, наколькі пераплецены нашы карані. Менавіта таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на манумент Дружбы — знак нашага згуртавання і яднання. Упэўнена, што пасля ўсіх праведзеных работ манумент Дружбы прыме чарговы фестываль «Славянскае адзінства» і мы зноў пачуем тут галасы трох сясцёр — Беларусі, Расіі і Украіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота з архіва аўтара і з экспазіцыі краязнаўчага музея Кругавец-Калінінскай сярэдняй школы

Загаловак у газеце: Спадзяванне трох сясцёр

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».