Вы тут

Як слуцкія паясы трапілі на рызы святароў?


Аказваецца, іх падаравалі багатыя прыхаджане. Яшчэ яны заказвалі мастакам абразы святых, і таксама перадавалі іх храмам. Частка гэтых ахвяраванняў дэманструецца цяпер на выстаўцы старажытнага сакральнага жывапісу ў Гродне.


Экскурсавод Сяргей Казуля.

Творы, якія прадстаўлены на выстаўцы ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, адлюстроўваюць новы від сакральнага мастацтва, які ўзнік ад уплыву дзвюх канфесій — каталіцызму і праваслаўя. Так здарылася, што гэтыя дзве плыні перакрыжаваліся якраз на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Узнікла новае мастацтва з прыкметамі абодвух бакоў. На адной іконе маглі быць рысы і каталіцкага жывапісу, і візантыйска-рускага.

— У нас гэта ўсё перамяшалася, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Сяргей Казуля. — Такія рэчы маглі знаходзіцца і ў каталіцкай, і ў праваслаўнай царкве. Святары па-рознаму ставіліся да гэтага некананічнага жывапісу. Некаторыя адмаўляліся ад такога «народнага» адлюстравання святых абразоў.

У 80-я гады мінулага стагоддзя многія храмы былі закрыты, і культавыя прадметы знаходзіліся ў клубах альбо іншых установах. Калі ў 90-я пачалося адраджэнне рэлігійнага жыцця, прыходам вярталі іх рэчы, многае засталося ў музеі. Усяго ў фондах захоўваецца больш за 70 тысяч прадметаў культавага мастацтва.

Большая частка экспазіцыі выстаўкі, якую назвалі «Паміж Усходам і Захадам», трапіла ў музей з сельскіх храмаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Гэта абразы, скульптуры, кнігі, літургічнае адзенне ад ХVІІ да пачатку ХХ стагоддзя.

Сяргей Казуля звяртае ўвагу на канкрэтныя рысы мясцовага сакральнага жывапісу. Напрыклад, фрагмент з іканастаса ХVІІІ стагоддзя з уніяцкай царквы ў Лідскім раёне. На ім надпіс на стараславянскай мове, а вобраз Хрыста Збавіцеля з сімвалам дзяржавы ў руках характэрны для каталіцызму. З таго ж іканастаса і вобраз святога Лукі, які піша Евангелле. Ён прадстаўлены ў профіль, што не характэрна для праваслаўя. Тут адыход ад канонаў, тут жывы чалавек. Рэалістычнасць — прыкмета заходнееўрапейскага жывапісу, заўважае супрацоўнік музея. Вельмі часта абразы пісалі непрафесійныя мастакі, мясцовыя, таму і творы былі адпаведныя.

— У іх маглі быць парушаны прапорцыі цела, але ім не адмовіш у шчырасці, — кажа Сяргей Казуля. — На ўніяцкім абразе 1776 года Багародзіца выглядае, нібы простая сялянка, у яе заклапочаны твар і вялікія рукі. Быццам пісалі яе з вясковай жанчыны.

Па-народнаму выглядае і сюжэт Святога сямейства на абразе ХVІІІ стагоддзя, які трапіў з уніяцкай царквы. Што цікава — у Іосіфа ў руках акуляры, а тады іх не было, у маленькага Хрыста ў руках анучка з насеннем мака. Яго давалі дзецям жанчыны, калі ішлі на поле жаць. Тады малыя смокчуць мак і не крычаць. Тут ёсць яшчэ такая звычайная рэч — вялізны кошык, на які накінуты ручнік.

— Мастак наблізіў евангельскіх персанажаў да простых людзей, сярод якіх ён жыў. Гэта зроблена каб паказаць, што ў кожнай жанчыне есць часцінка Дзевы Марыі, а ў дзіцяці — Ісус. Гэта тэма вечная, — разважае навуковец.

Немагчыма не звярнуць увагу на старажытныя фаліянты. І сапраўды, гэта ўнікальныя рэчы. Напрыклад, Евангелле, якое было выдадзена яшчэ ў 1644 годзе ў мястэчку каля Вільні. Гэта адзін з самых прыгожых старадрукаў за ўсю гісторыю беларускага брацкага кнігавыдання. Тут выкарыстаны гравюрныя дошкі Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Кожны аркуш упрыгожаны ўзорамі і гравюрамі. Вельмі рэдкая рэч.

Цяжка ўявіць, але і адзенне святароў таксама налічвае больш за тры стагоддзі. Звяртае на сябе ўвагу багатая рыза з незвычайным узорам. Аказваецца, гэта знакамітыя слуцкія паясы, шытыя залатымі і срэбранымі ніткамі.

— Гэтыя паясы, як вядома, былі вельмі-вельмі дарагія, бо нітка натуральная залатая. Шляхта рабіла такія ахвяраванні ў касцёлы альбо цэрквы. Потым іх расшывалі і ўшывалі ў літургічнае адзенне, — тлумачыць Сяргей Казуля.

Ахвяравалі і іншыя рэчы. Напрыклад, мецэнат Васіль Статкевіч з-пад Астраўца заказаў прафесійнаму мастаку абраз «Пацалунак Іуды», які падараваў у 1881 годзе мясцовай царкве. Гэта ікона выстаўляецца ў музеі ўпершыню.

З былога каталіцкага манастыра ордэна картузаў трапілі ў музей партрэты манахаў. Сяргей Казуля расказаў такую гісторыю. Манастыр гэтага ордэна быў адзіны на тэрыторыі ВКЛ і месціўся ў горадзе Бяроза цяперашняй Брэсцкай вобласці. Заснавальнікам яго стаў Казімір Леў Сапега ў ХVІІ стагоддзі. Тут была вялікая партрэтная галерэя — ажно 77 партрэтаў манахаў ордэна. У 1831 годзе ён быў закрыты, а ўся маёмасць перавезена ў Гродна. Да нашага часу дайшло шэсць партрэтаў, некалькі з іх трапіла ў музей.

Кожны манах — гэта канкрэтны чалавек са сваім незвычайным лёсам. Самы знакаміты — Джон Х'ютан, настаяцель манастыра ў Лондане ў ХVІ стагоддзі. Ён быў жорстка замучаны і кінуты ў ваду, з цягам часу кананізаваны. Цяпер лічыцца ахоўнікам тых, каму пагражае водная стыхія. Вельмі часта каплічкі ў гонар святога будаваліся каля вадасховішчаў. Дарэчы, партрэт быў адрэстаўраваны і адзначаны прэміяй падчас першага нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» ў 2012 годзе.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Паміж Усходам і Захадам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?