Вы тут

У Брэсце адкрылі цэнтр нагляднай прафілактыкі наркаманіі


Прафілактыка наглядная, таму што тут, як у фільме жахаў, можна ўбачыць на свае вочы, што бывае, калі ўжываць наркотыкі. Да ўвагі наведвальніка — цэлая серыя здымкаў прытона, дзе колюцца і ляжаць заўсёднікі. Вось партрэт чалавека, маладога і прыгожага, з разумным, асэнсаваным поглядам... і яго ж фатаграфічнае адлюстраванне праз сем гадоў. Страшна, што стала з мужчынам: і гэта не наступствы хваробы, аварыі, землятрусу, а вынік добраахвотнага ўжывання наркатычнай атруты. Паглядзець такі «вернісаж» і не задумацца, не зрабіць для сябе нейкія высновы, проста не атрымаецца. На гэта і разлічвалі арганізатары новай для абласнога цэнтра прафілактычна-асветніцкай установы.


Доза як пачатак

Названы цэнтр стваралі па ініцыятыве міліцыі. Начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр АСТРЭЙКА адзначыў падчас адкрыцця, што колькасць фактаў незаконнага абароту наркотыкаў паменшылася ў параўнанні з мінулым годам на 10 працэнтаў, але міліцыя гэта не разглядае як пераможны крок на шляху супрацьстаяння злу. Спецыялісты заўважаюць змяшчэнне інтарэсу спажыўцоў з хімічнага складніка да наркотыкаў расліннага паходжання.

А лічбы кажуць самі за сябе: па выніках 2018 года ў Брэсцкай вобласці налічваецца хворых на наркаманію і таксікаманію, а таксама спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў 1181 чалавек, з якіх 192 жанчыны. 78 чалавек — гэта тыя, хто ва ўзроставай катэгорыі ад 10 да 20 гадоў. Расце колькасць суіцыдаў і спробаў звесці рахункі з жыццём сярод непаўналетніх. Летась у рэгіёне іх было адпаведна — 10 і 42 выпадкі. Асноўная маса суіцыдаў і спроб прыходзіцца на дзяцей з неўладкаваных і няпоўных сем'яў. Адсутнасць даверу, добразычлівасці ў сям'і спрыяе негатыўным учынкам. Любая бяда, што здараецца з маладым чалавекам, можа мець пачаткам дозу наркатычнага рэчыва. Таму і вырашылі зрабіць рэальны крок да прафілактыкі. Вывучалі замежны досвед. Адну з задач новага цэнтра вызначылі як магчымасць гаварыць з моладдзю на яе мове.

Дапаможнікі і дыялог

У класе для заняткаў стаяць камп'ютары, спецыялісты тэхнічнага ўніверсітэта распрацавалі праграму, дзе ў рэжыме анлайн можна паглядзець, як мяняецца знешнасць наркамана з цягам часу і з павелічэннем дозы. А яшчэ ёсць муляжы мозга, нырак, печані, іншых органаў наркамана. Відовішча яшчэ тое. Наглядныя дапаможнікі зрабілі спецыялісты медыцынскага каледжа разам з мастакамі тэатра драмы. А «карціны» на сценах — гэта рэальныя здымкі з прытонаў. Аб усім гэтым з моладдзю будуць гаварыць спецыялісты.

Складзеныя графікі работы. У цэнтр ужо прыходзяць школьнікі, навучэнцы сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Звычайна гэта групы памерам у клас да 30 чалавек. Спачатку з наведвальнікамі займаюцца спецыялісты цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, урачы-нарколагі, псіхатэрапеўты, псіхолагі, а таксама супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі. У першай зале слухачы атрымліваюць інфармацыю. Затым яны пераходзяць у другое памяшканне і знаёмяцца з нагляднымі ілюстрацыямі пагібельнай залежнасці.

Для паспяховых заняткаў ёсць многа сучаснай тэхнікі, мультымедыйнае прыстасаванне.

Але адметнай рысай новага цэнтра і начальнік абласной міліцыі Аляксандр Астрэйка, і галоўны санітарны ўрач вобласці Алена ІЛЬЯШАВА назвалі магчымасць для слухачоў весці актыўны дыялог з лектарам. Спецыялісты гатовыя выслухаць любыя пытанні і даць на іх адказы, яны і самі падштурхоўваюць аўдыторыю да актыўнай размовы. Юнакоў і дзяўчат трэба прымусіць думаць, разважаць над праблемай, выказваць уласнае меркаванне. Бо, як бачым, звычайныя плакаты, памяткі, рэклама здаровага ладу жыцця патрэбнага эфекту не даюць.

Новы цэнтр прафілактыкі размяшчаецца ў будынку на плошчы Свабоды. Варта сказаць, што будынак даволі стары, яму больш за сто гадоў, і як адзначалі спецыялісты, апошняя маштабная рэстаўрацыя праводзілася ў канцы 20-х мінулага стагоддзя. Таму быў праведзены капітальны рамонт, на які выдаткавалі 278 тысяч рублёў. А вось мэбля, камп'ютары, іншыя тэхніка з'явіліся дзякуючы спонсарскай дапамозе вядомага прадпрыемства «Санта Брэмар».

Першыя ўражанні

Каардынуе работу цэнтра са школамі, іншымі арганізацыямі загадчык аддзялення аддзела грамадскага здароўя абласнога ЦГЭіГЗ Галіна СТАСЕВІЧ. Галіна Сцяпанаўна расказала, што ўстанову наведала ўжо каля 500 школьнікаў:

— Заняткі праводзілі псіхолагі цэнтра. Са школьнікамі ладзілі трэнінгі, паводле вынікаў прасілі запоўніць ананімныя анкеты. Пакуль гэтыя дакументы знаходзяцца ў апрацоўцы, але і павярхоўнае знаёмства з водгукамі вучняў сведчыць аб тым, што мы на правільным шляху. Асабліва дзейснымі выглядаюць відэаролікі, дзяцей чапляюць менавіта інтэрактыўныя спосабы заняткаў. Таму і гаварылася падчас распрацоўкі канцэпцыі, што з моладдзю трэба размаўляць на яе мове. Раўнадушных у нас практычна не бывае, на гэта мы і разлічвалі.

Вучань брэсцкай школы № 35 Аляксандр Новік, які быў на занятках у цэнтры нагляднай прафілактыкі, расказаў, што найбольшае ўражанне пакінулі карцінкі: дзяўчына са страшым тварам і ногі наркамана, нібы пакалечаныя ад знешняга ўздзеяння, а яны такімі сталі ад пастаянных уколаў у вены. «Мы потым на класнай гадзіне гэта абмяркоўвалі, дык наша настаўніца сказала: «І не кажыце потым, што вас не папярэджвалі». А яшчэ цікава было на камп'ютары закінуць, напрыклад, свой здымак і потым паглядзець, што можа быць за некалькі гадоў, калі падсядзеш на іголку».

Настаўніца сярэдняй школы № 1 Брэста Таццяна Скараход сказала, што яе 8 «Г» нібы пасталеў пасля наведвання цэнтра:

— Для нас паўтары гадзіны заняткаў прайшлі непрыкметна. Дзяцей, вядома ж, уразіла наглядная інфармацыя. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў трэнінгу. Напрыклад, аднаму з кожнай пары вучняў трэба было прапаноўваць наркотыкі, а другому адмовіцца. Цікава было назіраць, як некаторыя казалі рашучае «не», іншыя пад націскам «рэалізатара» стараліся мякка адмовіцца, знайсці альтэрнатыўнае выйсце з сітуацыі. Мы потым па дарозе дадому абмяркоўвалі гэта з імі. Мае вучні парадавалі нечакана дарослымі высновамі. Ведаеце, у іх пераходным узросце такія наглядныя сустрэчы з праблемамі патрэбныя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: «І не кажыце, што вас не папярэджвалі!»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна.