Вы тут

Аляксандр Богдан: У кінатэатр народ ходзіць дзеля атмасферы


Калі людзі даведваюцца, кім і дзе працуе мой суразмоўнік, не могуць схаваць здзіўлення: «Рэжысёр у кінатэатры? Навошта?»


— Мне больш падабаецца называць сябе масавіком-прыдумшчыкам. Гэта проста і зразумела ўсім, — усміхаючыся, кажа Аляксандр Барысавіч. — Калі зірнуць на сетку кінавідэапракату Мінгарвыканкама, то ўбачым — кожны кінатэатр мае сваю спецыфіку. Дом кіно задумваўся як месца, дзе, апрача класічнага пракату, будуць ладзіцца мерапрыемствы, звязаныя з айчынным кінематографам. Для гэтага рэжысёр тут і патрэбны. Дзень беларускага кіно, прэм'еры фільмаў, творчыя сустрэчы з прадстаўнікамі кінатусоўкі, вечары памяці і юбілеі карыфеяў індустрыі. І гэта не ўлічваючы ўнутраных праектаў кінатэатра.

— Але калі зірнуць на афішу, то здаецца, што ва ўсіх кінатэатрах рэпертуар ідэнтычны.

— Цяпер пракат у вялікай залежнасці ад дыстрыб'ютараў. Вось мы і маем сітуацыю, калі па ўсёй Беларусі ідзе адно і тое ж. Ды што там па Беларусі! — па ўсім свеце. Кінаіндустрыя — сфера максімальна глабалізаваная. Тым не менш кожны стараецца нават у такіх умовах працягнуць на экраны нейкую разыначку і стаць адметным. Атрымліваецца далёка не заўсёды.

— Пэўны час вы выкладалі дысцыпліну «Менеджмент кінапракату» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Пра што расказвалі студэнтам?

— У тым ліку і пра тое, чым даводзіцца займацца кожны дзень. Арганізацыя перадсеансавых мерапрыемстваў — частка прасоўвання прадукту.

На маю думку, сучасны глядач перанасыціўся. Кіно цяпер паўсюль — па тэлебачанні, на камп'ютары і смартфонах. Сеў і глядзі, дзе і калі захочаш. Цяпер у кінатэатр народ ходзіць не толькі дзеля прэм'ер, а таксама і за атмасферай. І наша задача — яе стварыць. Формы могуць быць абсалютна розныя — ад вітальнага слова рэжысёра да караценькай забаўляльнай праграмы. Помню прэм'еру дакументальнага кіно пра Майкла Джэксана. Эфектная, добра знятая стужка. Падаць яе хацелася па-асабліваму. Запрасіць «двайнікоў» артыста? Банальна. Пусціць нарэзку з ягоных кліпаў? Яшчэ горш. Тады я палез у інтэрнэт пачытаць пра яго. Нечакана адкрыў для сябе не толькі цудоўнага спевака і танцора, але і выдатнага філосафа. Перад сеансам на экране прайшло слайд-шоу з яго выказваннямі — глыбокімі і ўдумлівымі. Гледачы нават не здагадаліся, што гэта наша ідэя. Думалі, частка кіно. У гэтым і сэнс — зрабіць нешта такое, каб яно ўспрымалася адзіным цэлым з фільмам. Не зацягнута, не прыцянута за вушы і каб не перакрывала карціну па ўражаннях.

Даволі паспяховым у свой час быў праект «Канаманія» з эксклюзіўнымі паказамі фільмаў спецыяльных праграм Канскага кінафестывалю. У фае — адпаведная атмасфера з чырвонымі дарожкамі і своеасаблівымі фотазонамі. Перад фільмам паказвалі караценькія рэпартажы, падрыхтаваныя вядомым кінааналітыкам Ігарам Сукманавым з месца падзей: як работу сустрэла публіка і крытыкі, якія ўзнагароды яна атрымала, некалькі слоў ад аўтара. Напрыканцы сусветныя зоркі нават казалі: «Прывітанне, Мінск!»

— Вы не толькі рэжысёр, але і драматург: пастаноўка тэатра-студыі «Сёмы паверх» па вашай п'есе «Свінячыя выбрыкі» атрымала гран-пры «Тэатральнага куфара», здабыла прызнанне ў Еўропе.

— У п'есы, дарэчы, цікавая гісторыя. Пісаў яе падчас вучобы на Вышэйшых сцэнарных курсах у Віктара Турава. 90-я гады, беднасць, рэквізіту не дастаць. Таму і вырашыў, што дзеянне павінна адбывацца ў хляве: кінуў саломы — вось табе і адпаведны антураж. А дзе хлеў, там і парсючкі! Спачатку гэта быў чысты сцёб, але ў працэсе напісання захацелася ўкласці ў твор нешта большае, значнае. Тэмы адзіноты, закрытасці грамадства, сумнай наканаванасці — вечныя. У мяне часта пытаюцца, чаму свінні ў канцы паляцелі? Мы прызвычаіліся, што гэтыя жывёлы і бруд непадзельныя. Але нават у самым нізкім хаваецца нешта ўзвышанае, і наадварот. Ідэальных людзей у абсалюце быць не можа: у кожным ёсць нешта як ад анёла, так і ад чорта. Я ўпэўнены, што «выбрыкнуць» можа кожны з нас.

— Ці даводзілася самому здымацца ў кіно?

— Гэта былі эпізадычныя ролі ў адным з серыялаў, які і зараз ідзе па тэлебачанні. Памятаю, прыйшоў на здымкі з баявым настроем — я ж дыпламаваны рэжысёр і сцэнарыст, неаднаразова бываў на пляцоўцы. Напярэдадні сабе нешта нафантазіраваў і спрабую «іграць». Вопытны рэжысёр, які на серыялах сабаку з'еў, убачыўшы мае «пакуты творчасці», не стрымаўся: «Ды разняволься ты! Скажы гэтую няшчасную фразу, быццам сваім сябрам!» Пасля таго выпадку зразумеў, што ў тыпавых серыялах, якія штампуюць для тэлебачання, у тэорыі можа сыграць любы чалавек. Але далёка не кожны можа «адключыць» свае страхі і сарамлівасць. Многія ўпадаюць у ступар перад камерай.

— Работы якіх беларускіх рэжысёраў раіце паглядзець?

— Калі браць, напрыклад, маладых аўтараў, то адзначу Настассю Мірашнічэнка. Яна стала лаурэатам I Нацыянальнай кінапрэміі. Дакументальны фільм «Дэбют» усім раю паглядзець.

ДАРЭЧЫ

Дзясяткі пар, два прэм'ерныя фільмы і фінал конкурсу на найлепшае відэапрызнанне ў каханні. У ноч з 14 на 15 лютага ў Доме кіно «ўсе рады сталі апошнімі, а ўсе месцы — месцамі для пацалункаў».

— Я па натуры безнадзейны рамантык і безумоўна веру ў сапраўднае каханне. А калі чалавек кажа вам, што яго не бывае, то ўцякайце! Толку ад такога кавалера не даб'яцеся, — усміхаецца Аляксандр Барысавіч. — Калі мы абвяшчалі конкурс, знайшліся тыя, хто не верыў у поспех задумы. Але ж каханне — тэма актуальная ва ўсе часы. Не трэба казаць, што цяперашняя моладзь «ужо не тая». Заўсёды былі, ёсць і будуць хлопцы, гатовыя на ўзрушальныя ўчынкі дзеля дзяўчат. Чатыры дзясяткі конкурсных работ таму пацвярджэнне. Якасныя, з добрым мантажом і нават спецыяльна запісанай музычнай падкладкай. Бачна, што аўтары папрацавалі і над ідэямі ролікаў. Прымітыўных бессюжэтных кліпаў са стандартным наборам «цукеркі, кветкі, пацалункі» амаль не было. Прычым здымалі як будучыя прафесіяналы кінаіндустрыі, так і звычайныя закаханыя.

Пераможцаў у намінацыях вызначыла журы. Найлепшым міні-фільмам у гумарыстычным кірунку стала стужка Кацярыны Шарамет «Сапраўдны герой». Пяціхвілінная гісторыя ў стылі Mаrvеl паказала, як няпроста ў наш час знайсці дастойную партыю. Работу вядомага відэаблогера Караліны Канановіч «Адзін год» адзначылі за незвычайны падыход. Дзяўчына зрабіла стаўку на рэалістычнасць: здымала развіццё адносін у пары з першай размовы. Вядома, употай ад свайго хлопца. Самым рамантычным прызнаннем стала «Сэрцабіццё» Максіма Турчына — за эмацыянальную напоўненасць і пераканаўчую гульню акцёраў-пачаткоўцаў.

Абсалютнага пераможцу, якому дастаўся галоўны прыз (750-рублёвы сертыфікат на паходы ў кіно), абралі гледачы. Свой выбар яны спынілі на роліку Антона Жука, дзе галоўны герой прызнаецца ў пачуццях не да дзяўчыны, а да... маміных рук! Нечаканы зыход для «Ночы ўсіх закаханых».

У дзяўчыны ёсць прафесійная «чуйка» на гісторыі, якія не пакідаюць абыякавым. Сваёй неадназначнасцю падкупляе стужка «Адной крыві» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Падабаюцца мне работы і Ігара Васільева, Дзмітрыя Дзедкі. Увогуле, маладое пакаленне апошнім часам толькі радуе. Незалежнае кіно як новая з'ява беларускага кінематографа набірае моц і прыцягвае ўвагу. Возьмем, напрыклад, «Хрусталь» Дар'і Жук. У пракаце ён абышоў распіяраныя галівудскія блокбастары і камедыі. Нават калі мы яго паўтаралі праз некалькі месяцаў пасля прэм'еры, народ усё роўна ішоў.

Не магу не сказаць пра беларускую анімацыю. Нашы мультыплікатары ўмеюць працаваць у той цёплай, роднай стылістыцы, за якую ўсе любілі «Саюзмультфільм». Ніякай крыклівасці і нізкапробнага гумару. У 10-хвілінных стужках часам хаваецца такая глыбіня, якую не сустрэнеш у поўнаметражных мастацкіх карцінах.

Ганна КУРАК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!