Вы тут

Гераінавы «сіндыкат». Як наркотыкі пад цыбулю маскіравалі


Праваахоўнікамі Украіны па аператыўнай інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці затрыманы грамадзянін нашай краіны, які знаходзіўся больш за пяць гадоў у міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола. Адпаведная інфармацыя змешчана на сайце МУС.


Мужчыну інкрымінуецца здзяйсненне злачынства, прадугледжанага часткай 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконны абарот наркатычных сродкаў у буйных памерах у складзе арганізаванай групы). Як расказаў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Андрэй Багушэвіч, за фігурантам цягнецца доўгі шлейф злачыннай дзейнасці, звязанай з арганізацыяй паставак гераіну ў нашу краіну, у тым ліку даволі экстравагантным спосабам — спакаваным у цыбуліны.

Як ужо раней паведамлялася, у верасні 2010 года супрацоўнікі беларускага наркакантролю затрымалі на пункце збірання дарожных пошлін «Рэдзькі», размешчаным на аўтадарозе «Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі», аўтамабіль «Опель-Астра» з расійскім рэгістрацыйным знакам. У ім наркакур'ер перавозіў каля 28 кілаграмаў гераіну. Пры правядзенні агляду аўто ў бакавых панэлях задняга пасажырскага сядзення міліцыянеры знайшлі 187 упаковак акруглай формы, замаскіраваных пад цыбулю. Герметычна спрасаваная маса шэрага колеру па заключэнні экспертаў аказалася гераінам.

Гэты наркатрафік беларускія праваахоўнікі распрацоўвалі больш за паўгода. У выніку была выкрыта дзейнасць транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы, якая займалася пастаўкамі гераіну з Сярэдняй Азіі. Канфіскаваныя наркотыкі прызначаліся для далейшага транзіту ва Украіну і краіны Еўрасаюза, а таксама для распаўсюджвання на тэрыторыі нашай краіны.

Пачалося ўсё з таго, што беларускія змагары з наркотыкамі падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў выйшлі на шэраг лідараў і ўдзельнікаў міжнароднага наркасіндыката, у тым ліку грамадзян Беларусі і Таджыкістана. Дарэчы, адзін з іх ажыццяўляў кіраўніцтва «падначаленымі», адбываючы пакаранне ў месцах пазбаўлення волі суседняй дзяржавы.

Затрыманы ва Украіне ўзначальваў адно са структурных падраздзяленняў дадзенай транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА горада Чарнігава пад экстрадыцыйным арыштам.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.