Вы тут

Як будуць праходзіць «Гонка легендаў» і ЧЕ па біятлоне ў Раўбічах


Вялікі фестываль біятлона пачнецца пад Мінскам ужо ў панядзелак. У абед ён стартуе з афіцыйнага адкрыцця чэмпіянату Еўропы, таксама ў яго рамках пройдзе майстар-клас для юных біятланістаў — удзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер». Працягне мерапрыемства аўтограф-сесія «зорак» біятлона, якія крыху пазней выйдуць на біятлонную трасу.


«Гонка легендаў — 2016» у Раўбічах. Фота: БЕЛТА

«Гонка легендаў» стартуе ў 17.00, былыя біятланісты паспаборнічаюць у дзвюх дысцыплінах — мас-старце і змешанай эстафеце. Свой удзел пацвердзіў 21 чалавек, сярод іх — украінец Андрэй Дзярызямля, нарвежцы Уле-Эйнар Б'ёрндален, Ларс Бергер, Фрудэ Андрэсен і Халвард Ханевальд, французы Фларанс Баверэль і Венсан Дэфран, італьянка Карын Аберхофер, расіяне Анна Багалій, Сяргей Чэпікаў, Уладзімір Драчоў і многія іншыя. Беларусь у «Гонцы легендаў» прадставяць Надзея Скардзіна, Сяргей Новікаў, Аляксандр Папоў, Алена Зубрылава і, вядома, Дар'я Домрачава.

— Сёлета ўпершыню праводзіцца зімовая «Гонка легендаў», гэта выдатна, — дзеліцца ўражаннямі адна з удзельніц Алена Зубрылава.Прыедуць спартсмены, якія заваёўвалі медалі на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях. Думаю, гэта будзе хуткая гонка, нягледзячы на тое, што многія спартсмены скончылі сваю кар'еру больш за 10 гадоў таму, бо майстэрства нікуды не знікае. Будзе прыгожа, вытанчана і весела.

Расклад «Гонкі легендаў»

14.00 — 15.15 — Майстар-клас для фіналістаў спаборніцтваў «Снежны снайпер»
і Кубак Беларускай федэрацыі біятлона.

  • 15.30 — 16.30 — Аўтограф-сесія ўдзельнікаў біятлоннага фестывалю «Гонка легендаў».
  • 17.00 — 17.20 — Афіцыйная цырымонія адкрыцця адкрытага чэмпіянату Еўропы па біятлоне.
  • 17.50 — 18.10 — Мас-старт сярод жанчын.
  • 18.15 — 18.35 — Мас-старт сярод мужчын.
  • 18.45 — 19.15 — Змешаная эстафета.
  • 19.30 — Узнагароджванне пераможцаў і прызёраў біятлоннага фестывалю «Гонка легендаў», рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер». Провады Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіна з вялікага спорту.

Пасля заканчэння «Гонкі легендаў» адбудзецца не менш цікавая і кранальная падзея — провады з вялікага спорту Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіна. Як будзе праходзіць гэтая цырымонія, пакуль трымаецца ў таямніцы.

А вось спаборніцкая частка чэмпіянату Еўропы пачнецца толькі ў сераду, 20 лютага. Заяўкі на ўдзел у аргкамітэт падалі 34 нацыянальныя федэрацыі біятлона, па папярэдніх даных, удзел у турніры прымуць 164 біятланісты і 153 біятланісткі, зараз гэта рэкордныя лічбы для чэмпіянатаў Еўропы. У Раўбічы прыедуць асноўныя склады зборных Украіны, Швецыі, Нарвегіі і Расіі, таму і ў гэтыя дні ў беларускіх балельшчыкаў будзе шанц паглядзець на дзеючых «зорак» біятлона.

Што да нашай зборнай, трэнерскі штаб не хавае турботы, лідары зборнай адчуваюць праблемы са здароўем. Па дарозе са збору ў Антхольцы ў самалёце спартсмены падхапілі вірус. Спачатку захварэла Ірына Крыўко, за ёй Дынара Алімбекава, а потым і Уладзімір Чапелін. Трэнеры зборнай адзначаюць, што медыцынскія работнікі і біяхімікі робяць усё, каб спартсмены як мага раней змаглі прыступіць да спаборніцтваў. Другая частка каманды выступае на Кубках свету ў Канадзе і ЗША і вернецца ў Беларусь толькі ўвечары 19 лютага. «Мы маем права заявіць на спаборніцтвы шэсць мужчын і шэсць жанчын, але тое, што ў першай гонцы гэта не атрымаецца, магу сказаць дакладна, — канстатуе галоўны трэнер нацыянальных камандаў Юрый Альберс.Плануецца, што ў жанчын на старт індывідуальнай гонкі ў сераду выйдуць Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава і сёстры Кручынкіны. У мужчынскай гонцы, хутчэй за ўсё, будуць стартаваць Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі і Мікіта Лабастаў».

Зараз у Раўбічах акрамя нашай каманды ўжо трэніруецца зборная Казахстана, заўтра ў спарткомплекс пачнуць заязджаць і іншыя зборныя.

Юрый Альберс адзначыў, што падрыхтоўка «Раўбіч» да турніру ідзе ўжо даўно, цяпер дапрацоўваюцца апошнія нюансы. «Усё кажа аб тым, што мы ў поўным узбраенні падыдзем да гэтага мерапрыемства, адзінае, надвор'е нас не моцна радуе, — адзначае Юрый Юр'евіч. — Па доўгатэрміновых прагнозах цяпер павінна была быць мінусавая тэмпература, але мы бачым плюсавую. Утрымаць трасу будзе складана, але снегу ў нас нарыхтавана шмат, будзем старацца гэта рабіць».

Для таго каб забяспечыць добрую трасу для біятланістаў, было закуплена больш за тры тоны салетры, якая «цэментуе» снег. У «Раўбічах» працуюць спецыялісты, якія перад кожнай гонкай будуць прымаць рашэнні, што трэба рабіць з трасай.

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» Аляксандр Гагіеў адзначыў, што чэмпіянат Еўропы — вельмі важная падзея для краіны, бо апошні настолькі маштабны турнір па біятлоне Беларусь праводзіла толькі ў 2004 годзе. «Для нас гэта знакавая падзея яшчэ і таму, што сёлета спартыўнаму комплексу «Раўбічы» спаўняецца 45 гадоў. У далёкім 1974 годзе, таксама ў лютым, тут быў праведзены першы чэмпіянат свету па біятлоне на тэрыторыі СССР», — расказаў Аляксандр Славіевіч.

Спарткомплекс рыхтуецца сустрэць не толькі спартсменаў, але і гледачоў, для іх у «Раўбічах» ужо ўсталяваны дзве дадатковыя трыбуны на паўтары тысячы месцаў, будуць арганізаваны глядацкія месцы і на трасах. Немалаважную ролю ў такіх мерапрыемствах іграюць і аўтастаянкі, гэта пытанне ўрэгулявана, асноўная частка машын зможа размясціцца ўздоўж дзеючай трасы, дадатковыя стаянкі таксама будуць арганізаваны каля гасцініцы № 3 і тэнісных кортаў. Таксама ў «Раўбічах» на ніжняй і верхняй пляцоўках размесцяцца гандлёвыя пункты і сувенірныя крамы. На верхняй пляцоўцы будзе ўсталявана сцэна, дзе пройдзе культурная праграма.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Расклад чэмпіянату Еўропы

  • 20 лютага
  • 16.00 Індывідуальная гонка. Мужчыны.
  • 19.30 Індывідуальная гонка. Жанчыны.
  • 21 лютага
  • 16.00 Змешаная эстафета (супермікст).
  • 19.00 Змешаная эстафета.
  • 23 лютага
  • 11.00 Спрынт. Мужчыны.
  • 14.00 Спрынт. Жанчыны.
  • 24 лютага
  • 11.00 Гонка пераследу. Мужчыны.
  • 13.00 Гонка пераследу. Жанчыны.

Загаловак у газеце: Свята побач з «зоркамі»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.