Вы тут

Птушкі ўжо вяртаюцца дамоў


Па-сапраўднаму нечаканым і адначасова прыемным стала з'яўленне ў месцах свайго рэгулярнага гнездавання першых шэрых гусей і шэрых жураўлёў. Як паведамляюць супрацоўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», ужо 10 лютага адзінкавыя пары гэтых прыгожых птушак былі адзначаныя каля ўрочышча Зляціна на паўднёва-заходняй ускраіне Белавежскай пушчы. Гэта нядзіўна, бо апошнімі гадамі расце колькасць жураўлёў на зімоўцы на ўсходзе суседняй Польшчы. Акрамя таго, у папярэднія зімы былі адзінкавыя факты зімоўкі гусей і жураўлёў на тэрыторыі нацыянальнага парку.


А крыху пазней, 13 лютага, на захадзе нашай краіны былі заўважаны першыя сёлета палявыя жаваранкі, за якімі, без сумнення, хутка прыляцяць і іншыя віды птушак, якія ў нас не зімавалі. І хаця гэта падзея адбылася сёлета амаль на 20 дзён раней, чым летась, гэта не «рэкордны» прылёт — у 2016-м першых жаваранкаў бачылі ў нашай краіне ўжо 9 лютага. Іншых нашых блізкіх мігрантаў (якія зімуюць у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе) пакуль не відаць, але таксама на Бераставіччыне арнітолагі зафіксавалі вялікую чараду лебедзяў-клікуноў, якія яўна не зімавалі тут у такой колькасці. Цікава, што яшчэ тыдзень таму спецыялісты адзначылі тры асобныя пары гэтых птушак, якія, перш чым прыступіць да размнажэння, павінны «пакінуць без догляду» сваіх птушанят з мінулага года.

У гнездавой калоніі каля мястэчка Вялікія Эйсманты (Бераставіцкі раён) гракі актыўна збіралі матэрыял і папраўлялі свае гнёзды. Паводле апошніх уяўленняў, у нас зімуюць як «нашы» птушкі, якія потым у нас жа і гняздуюцца, і птушкі з больш паўночна-ўсходніх рэгіёнаў, напрыклад Расіі. Частка ж беларускіх гракоў ляціць на зімоўку ў Чэхію і Германію. Аднак, нягледзячы на яўны надыход вясны, пра які птушкі даведваюцца не толькі дзякуючы адлізе, але і праз паступовае павелічэнне светлай часткі сутак, зіма не збіраецца канчаткова адступаць. Час ад часу ідзе мокры снег.

Як адрэагуюць на гэта наступныя «мігранты», даведаемся ўжо ў найбліжэйшыя дні, бо звычайна птушкі ўмеюць нашмат лепш за сіноптыкаў прагназаваць надвор'е.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.