Вы тут

Што такое Берлінале? Завяршаецца адзін з галоўных кінафестываляў свету


Гэта каля чатырохсот фільмаў у праграме, размеркаваных па конкурсах з асобнымі канцэпцыямі і па кінаэкранах у розных пунктах Берліна. Гэта агромністы кінарынак, дзе праекты атрымліваюць магчымасці для развіцця, а гатовыя фільмы — вялікія экраны, каб быць на іх паказанымі (напрыклад, наш «Хрусталь» на сёлетнім Берлінале таксама знайшоў пакупнікоў). Гэта чырвоныя дарожкі і кіназоркі на іх, на прэс-канферэнцыях, на сцэнах, на інтэрв'ю, на берлінскіх вуліцах. Гэта варкшопы, пікеты, сустрэчы, прэзентацыі, фуршэты, цырымоніі ўзнагароджвання, проста цырымоніі, вечарыны, мядзведзі ў прасторы горада і кінарэцэнзіі ў свежых газетах. Уладальнікі «Залатога мядзведзя» і іншых узнагарод будуць агучаны ўжо сёння ўвечары, 16 лютага, са сцэны асноўнай кінапляцоўкі фестывалю — кінатэатра Bеrlіnаlе Раlаst.


Кіно паўсюль

Пакуль горад ахоплены Берлінале, назіранне за наваколлем прыносіць асаблівае задавальненне. Найбольш сімвалічнай (і зайздроснай) сцэнай з жыцця Берліна ў гэты час лічу доўгую чаргу ў чаканні адкрыцця білетных кас. Чаргу з людзей, якія метадычна прыходзяць у месца прызначэння са сваімі крэсламі і чытвом ды дзелавіта закідваюць нага на нагу перад пакуль закрытым акном. Хоць па сённяшнім часе з яго рытмам, тэхналогіямі і практычнасцю цяжка ўявіць, што любоў да кіно можа праяўляцца такім самаахвярным чынам. Кажуць, людзі прыходзілі і са спальнікамі, але на свае вочы не бачыла. Можа, гэта рэгрэс і крэслы таксама хутка знікнуць.

Па ўсім горадзе на старонцы з тэмай Берлінале адкрываюцца тысячы газет: учарашні дзень у сённяшніх рэпартажах, аглядах, інтэрв'ю, дзеля каторых нехта не спіць начамі. Перад пачаткам аднаго з паказаў бачыла мужчыну, які ў прыцемках глядацкай залы чытаў свежую газету з партатыўным ліхтарыкам (не тэлефонам), прынесеным, відаць, спецыяльна дзеля гэтага. Канешне, рэцэнзіі на ўчарашнія сусветныя прэм'еры будзеш чытаць, нават калі для гэтага спатрэбіцца прыцягнуць таршэр: уласна ў гэтым маштабе і сіла Берлінале, бо форум атрымлівае права першым паказаць новыя работы знакамітых аўтараў і ў пэўным сэнсе фарміруе кінематаграфічны парадак дня.

Людзей з бэйджамі кінафестывалю можна сустрэць на любой вуліцы горада: штогод Берлінале мае каля трохсот тысяч гасцей. Сёлета сярод іх Жульет Бінош (старшыня журы асноўнага конкурсу), легендарная Шарлота Рэмплінг (на гэтым Берлінале атрымала ганаровага «Залатога мядзведзя»), Катрын Дэнёў (выканальніца галоўнай ролі ў фільме Андрэ Цешынэ «Ворагі», што ўдзельнічае ў асноўным конкурсе), Крысціан Бэйл (Бэтмэн, які непазнавальна перамяніўся для ролі ў фільме «Улада» Адама Макея), рэжысёры Агнешка Холанд, Франсуа Азон, Фаціх Акін і іншыя. Цудоўная актрыса Шарлота Рэмплінг на прэс-канферэнцыі сказала журналісту, які ўстаў, каб задаць ёй пытанне, што ведае, хто ён. А той адказаў: «Вось чаму я сеў так далёка».

Прастора, дзе канцэнтруюцца асноўныя падзеі кінафестывалю, становіцца і месцам, дзе можна выступіць з патрабаваннем павысіць узровень заработнай платы работнікам сферы кінематографа ці чарговы раз падтрымаць кінарэжысёра Алега Сянцова. Наваколле Патсдамер Плац такім чынам становіцца месцам для соцень галасоў,
у кіно яны гучаць ці на вуліцы.

Хмаркі

Ужо васямнаццаць гадоў дырэктарам Берлінале з'яўляецца харызматычны Дзітэр Кослік, над якім апошнім часам сталі згушчацца хмары. Па меркаванні кінасупольнасці, сэрца Берлінале патрабуе перамен, а той, хто кіруе форумам такі доўгі тэрмін, справакаваць рэформы не здольны. Пару гадоў таму нямецкія рэжысёры нават падпісалі і апублікавалі ў часопісе Sріеgеl калектыўнае пісьмо з патрабаваннем памяняць кіраўніцтва Берлінале, праўда, існуе думка, быццам іх асноўная незадаволенасць заключалася ў тым, што работы іх аўтарства не трапляюць у конкурсную праграму.

На думку некаторых, Кослік наадварот шмат зрабіў для прысутнасці айчыннага кіно ў секцыях форуму. І праўда: апроч асобнага конкурсу нямецкіх фільмаў, карціны вытворчасці Германіі прысутнічаюць паўсюдна, так што дыскрымінацыю разгледзець складана, але ж ці існуе ў творчых амбіцыях слова «дастакова».

Кажуць, калі ў адказ на апублікаванае пісьмо было вырашана сабрацца ўсім разам, у тым ліку з прадстаўнікамі ўлады, і запытацца, што менавіта не задавальняе кінасуполку, тая знайшлася пералічыць толькі тое, што ёй падабаецца. Так ці інакш Дзітэр Кослік паабяцаў не працягваць свой кантракт, а значыць, сёлетні Берлінале для яго апошні.

«Божа, нарэшце ён сыходзіць», — сказаў знаёмы кінакрытык і праграмер з Берліна, на думку якога з Кослікам Берлінале ператварылася ў незразумелую і ў нечым бессэнсоўную канструкцыю, што расплываецца ў сваіх дэфініцыях і задачах. Сябра прызнаўся, што пару гадоў увогуле не хадзіў на паказы Берлінскага кінафестывалю з-за таго, маўляў, што сапраўды вартыя фільмы ў праграме складаюць даволі маленькі працэнт і знайсці іх можна
хіба што выпадкова.

Менавіта з гэтага пункту гледжання ў першапачатковай паслядоўнасці азначэнняў, што такое Берлінале сёння, варта зрабіць ракіроўку: Берлінскі кінафестываль, так падалося, — гэта спачатку чырвоныя дарожкі, потым агромністы і важны для фільммэйкераў кінарынак, і нарэшце, кіно.

Арт

Колькаснае багацце праграмы Берлінале можа як радаваць, так і расчароўваць. З аднаго боку, з чатырохсот фільмаў кожны можа выбраць нешта па сваім гусце і перавагах. З іншага боку, у такім роскідзе разуменне сапраўды каштоўнага кіно губляецца. Селекцыя Берлінале паказвае разнастайнасць тэм, формаў і чаго заўгодна, але толькі не прадугледжвае выверанай і высакаякаснай падборкі.

Расшырэнне праграмы ў свой час прывяло да з'яўлення, напрыклад, такіх секцый, як «Кулінарнае кіно», дзе тэматыка зразумелая, альбо «Bеrlіnаlе Sресіаl», што больш факусуецца на зорках і папулярным кантэнце. Зразумела, што задача вялікага кінафестывалю — даць як мага больш нагод гледачам далучыцца да падзеі, але таксама зразумела, што паборнікі сапраўднага мастацтва могуць задацца пытаннем, што тут увогуле адбываецца і ці на карысць гэта сферы кіно.

Прынамсі, на сёлетнім Берлінале адбыліся сусветныя прэм'еры фільмаў Агнешкі Холанд, Франсуа Азона, Фаціха Акіна, Андрэ Цешынэ, Дэні Катэ і іншых, а сусветныя прэм'еры такіх аўтараў прыцягваюць так ці інакш. Агнешка Холанд прадставіла сваю маштабную карціну «Гарэт Джонс» пра журналіста, які ў пачатку 1930-х стаў сведкам галадамору ў Савецкім Саюзе. Фаціх Акін таксама заснаваў сваю работу на рэальных падзеях і зняў іранічную «Залатую пальчатку» пра вычварэнца і забойцу Фрыца Хонку, які ў 1970-х схаваў у сваёй кватэры расчлянёнку чатырох жанчын. Дэні Катэ прадставіў «Анталогію горада-прывіда», у якой поруч з жывымі насельнікамі невялікага гарадка жыхарамі становяцца прывіды.

Нельга не прызнаць, што чырвоныя дарожкі, зоркі, люксавы бок кінематографа, якія прыцягвалі ўвагу ва ўсе часы, з'яўляюцца важнай часткай маштабнага кінафестывалю. І яны занялі сваё пачэснае месца на Берлінале, хоць мастацтва кіно ў той жа час размылася паміж сотнямі карцін праграмы.

Чырвоныя дарожкі, дарэчы, тут праходзяць амаль кожны дзень, а з той нагоды, што гэта люты, прастору каля Bеrlіnаlе Раlаst прыходзіцца ацяпляць. Удзельнікаў прывозяць на аўтамабілях Аudі — аднаго з асноўных партнёраў форуму, а калі нейкі міністр прыедзе на аўтамабілі іншай маркі, у адносінах фестывалю і партнёра можа ўзнікнуць напружанасць.

Дарэчы, чырвоная дарожка сёлета «зялёная», бо зроблена з перапрацаванага смецця — гэткая заява пра клопат аб наваколлі. Праўда, каб у сваю чаргу перапрацаваць саму чырвоную дарожку, пасля заканчэння кінафестывалю яе павязуць у Італію, бо ў Германіі адпаведнай тэхналогіі няма. Затое прыгожы жэст.

Нарэшце

Напэўна, сэрца Берлінале сапраўды патрабуе перамен, і гэтыя будучыя перамены інтрыгуюць як нішто. Больш нават, чым сённяшняя цырымонія ўзнагароджвання. Фестываль застаецца адным з галоўных кінафорумаў свету, становіцца месцам для выказвання сваёй пазіцыі, збірае вакол сябе тысячы людзей, прывозіць зорак і легендаў кіно, у рэшце рэшт паказвае фільмы, але, здаецца, не можа даць азначэнне самога сябе. Грандыёзнаму, яму засталося раздаць мядзведзяў, паўторна паказаць пераможцаў і пачаць рыхтаваць юбілейны, сямідзясяты, Берлінале.

Магчыма, ён зможа зрабіць чэргі перад білетнымі касамі ў наступным годзе яшчэ даўжэйшымі. А агляд вартых фільмаў, якія мы выпадкова-невыпадкова знайшлі на фестывалі, будзе ў адным з наступных нумароў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.