Вы тут

Раім схадзіць


Гонка Легенд і адкрыты чэмпіянат свету па біятлоне, літаратурнае шоу, дакументальны спектакль «Музыка вуліц» і Дзень роднай мовы — афіша «Звязды» з 18 па 24 лютага.


Гонка Легенд і адкрыты чэмпіянат свету па біятлоне 2019

Дзе: РЦАП «Раўбічы»

Калі: з 18 па 24 лютага

Колькі каштуе: ад 10 рублёў

Вялікі фестываль біятлона пачнецца пад Мінскам ужо ў панядзелак. У абед ён стартуе з афіцыйнага адкрыцця чэмпіянату Еўропы, таксама ў яго рамках пройдзе майстар-клас для юных біятланістаў — удзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер». Працягне мерапрыемства аўтограф-сесія «зорак» біятлона, якія крыху пазней выйдуць на біятлонную трасу.

«Гонка легендаў» стартуе ў 17.00, былыя біятланісты паспаборнічаюць у дзвюх дысцыплінах — мас-старце і змешанай эстафеце. Свой удзел пацвердзіў 21 чалавек, сярод іх — украінец Андрэй Дзярызямля, нарвежцы Уле-Эйнар Б'ёрндален, Ларс Бергер, Фрудэ Андрэсен і Халвард Ханевальд, французы Фларанс Баверэль і Венсан Дэфран, італьянка Карын Аберхофер, расіяне Анна Багалій, Сяргей Чэпікаў, Уладзімір Драчоў і многія іншыя. Беларусь у «Гонцы легендаў» прадставяць Надзея Скардзіна, Сяргей Новікаў, Аляксандр Папоў, Алена Зубрылава і, вядома, Дар'я Домрачава.


Дзень роднай мовы

Дзе: кафе «Грай», вул. Iнтэрнацыянальная, 33

Калі: 21 лютага ў 18.00

Колькі каштуе: бясплатна, але патрэбна рэгістрацыя

21 лютага, з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, «Арт Сядзіба», кампанія «Будзьма беларусамі!», Cаюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр і SAY.BY праводзяць кампанію «Беларускамоўны» і запрашаюць усіх далучацца да святкавання: цягам дня імпрэзы адбудуцца не толькі ў Мінску, але і ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гродне і Магілёве!

Распачнецца свята ў сталічнай кавярні «Грай», дзе выступяць беларускія паэты і музыкі, сярод якіх — гурт AKUTE, UZARI, рэпер ANGST, Усевалад Сцебурака, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Стась Карпаў. Культурніцкая праграма будзе жывой і насычанай, а кожны ахвочы зможа ўзяць удзел у шоў “Самшазам” (аналаг гульні “Адгадай мелодыю”).

Таксама на другім паверсе прасторы «Грай» будуць дзейнічаць пляцоўкі настольных гульняў, дзіцячых забаў і невялічкі кірмаш. Каманда SAY.BY адмыслова да свята прэзентуе новую версію мабільнай праграмы для размоваў па-беларуску ў сферы абслугоўвання і штодзённым жыцці. Госці свята змогуць узяць удзел у квэстах з выкарыстаннем праграмы, а самыя актыўныя атрымаюць цікавыя прызы і падарункі.


«Форэст Гамп» па-беларуску

Дзе: кінатэатр «Масква», пр-т Пераможцаў, 13

Калі: 22 - 24 лютага ў 19:00

Колькі каштуе:: ад 6 рублёў

Праект «Беларускія ўікэнды» правядзе спецыяльныя паказы фільмаў «Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» і «Таемнае жыццё Уолтэра Міці». Гэтыя карціны набралі больш за ўсё галасоў у глядацкім галасаванні за любімыя фільмы праекта. Паказы будуць прысвечаны Дню роднай мовы.

Фільм «Форэст Гамп» пераклалі на беларускую мову ў 2017 годзе. Гісторыю незвычайнага лёсу, якая атрымала ў 1995 годзе сем прэмій «Оскар», на вялікіх экранах Мінска ў беларускай агучцы паглядзела больш за 2000 чалавек. Прэм’ера карціны «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» адбылася ў пачатку 2018 года. На спецыяльным перадпаказе разам з фільмам была прэзентавана аднайменная кніга на беларускай мове, якую, як і фільм, пераклалі прафесіяналы «Кінаконг». Фільм «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» на беларускай мове з’явіўся на вялікіх экранах Мінска мінулай вясной. Адмыслова да прэм’еры фільма каманда праекта запісала відэакліп на спеў з фільма – перакладзены на беларускую мову Space Oddity Дэвіда Боўі, які выканала маладая спявачка Валерыя Яскевіч і музыка гурта ЛСП Пётр Клюеў. Кліп быў зняты на даху офіса кампаніі velcom. Ролік набраў каля мільёна праглядаў на YouTube і ў сацсетках.

22 лютага адбудзецца паказ фільма «Форэст Гамп». «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» можна будзе ўбачыць 23 лютага, «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» пакажуць 24 лютага


Моваланд

Фота: relax.by

Дзе: Галерэя «Ў», вул. Кастрычніцкая, 19

Калі: з 22 лютага па 21 красавіка

Колькі каштуе: 5 рублёў

Знакаміты берлінскі мастацкі калектыў Slavs and Tatars («Славяне і татары») упершыню прадставіць у мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» сваю выставу. У цэнтры ўвагі мастакоў — рытуалы, мовы і ідэнтычнасці постсацылістычнага рэгіёна. Экспанаты для мінскай выставы адбіраліся і дапасоўваліся пры ўдзеле беларускіх мастакоў, што працавалі ў майстэрні Slavs and Tatars у Берліне ўвосень 2018 пры падтрымцы Гётэ-Інстытута.

Усе экспанаты выставы — вынікі грунтоўных навуковых даследаванняў і палявога збору інфармацыі. Месцам сустрэч і баўлення часу на выставе стане інсталяцыя PrayWay, якая абыгрывае адначасова традыцыйную раскладную падстаўку для чытання свяшчэнных тэкстаў у мусульманаў і тахту – распаўсюджаны тып мэблі для чайханы. Гукавая інсталяцыя «Лектар», пабудаваная на старажытным тэксце павучання будучых уладароў, адначасова нагадвае пра прыняты ў познім сацыялізме спосаб агучкі серыялаў — закадравы голас. Накладанне некалькіх моваў замінае слухаць, але ўздымае пытанне шматмоўя і аўтэнтычнасці. Творы Slavs and Tatars падкупаюць гумарам, моўнымі жартамі і пачуццёвым дызайнам, які пераносіць наведвальнікаў у часе і прасторы.

Адкрыццё выставы адбудзецца 21 лютага а 19-й гадзіне ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» з удзелам Паяма Шарыфі, удзельніка групы. Уваход вольны.


Літаратурнае шоу «Imhleben 2»

Дзе: музей-майстэрня З.І. Азгура, вул. З. Азгура, 8

Калі: 20 лютага ў 19:00

Колькі каштуе: бесплатна

Што такое імглебен? Пакуль гэтага ніхто не ведае. Звыклыя словы даўно абраслі імхом канатацый. І таму паэты (як, у дадзеным выпадку, Галіна Сіўчанка ) ствараюць новыя лексічныя адзінкі, выкарыстоўваючы досвед папярэднікаў як будаўнічы матэрыял. І нованароджаныя словы яшчэ не набрынялі сэнсам.

У гэты вечарпавінна быць нешта падобнае, але з выкарыстаннем больш шырокага спектру выяўленчых сродкаў – выяваў, гуку, трымцення і крыку. А таксама спарадычнага іх спалучэнmня. І гэта будзе рух у імглу, дзе кожны знойдзе парасткі новых сэнсаў альбо ўзрадуецца праз іх адсутнасць.

Удзельнікі шоу: Павал Вайніцкі (мікраскульптура), Яўген Рагозін (саўнд-дызайн), Ілля Сін (літаратура, экзыстэнцыйная клаўнада), Таццяна Ткачова (фота). У рамках шоу запланаваныя прэзентацыі кніг «Зоў звычаю» Галіны Сіўчанка і «Libido» Іллі Сіна.


«Музыка вуліц»: дакументальны спектакль

Дзе: Цэнтр сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3

Калі: 19 лютага ў 19:00

Колькі каштуе: 10 рублёў

Зараз у Мінску ўсё часцей можна сустрэць вулічных музыкаў, людзей, якія выходзяць на вуліцу дзяліцца сваёй творчасцю. Сёння вулічная музыка - гэта не толькі спосаб трохі падзарабіць, гэта магчымасць выказаць сябе і быць пачутым.

Героі дакументальнага спектакля «Музыка вуліц» адзін раз паспрабаваўшы гуляць на вуліцах, зрабілі гэта справай свайго жыцця. Чым яны жывуць? Што іх прыцягвае на вуліцах? Чаму з дапамогай музыкі яны дзеляцца сваёй душой? Аўтары спектакля пагаварылі з вулічнымі музыкамі і хочуць расказаць вам іх гісторыі.

Аўтар п'есы і рэжысёр: Карына Рыбак. У спектаклі занятыя: Станіслаў Савосцін, Арцём Давідовіч, Кетэван Асраташвілі Аляксей Кузміцкі. Аўтар аранжыровак: Арцём Давідовіч. Мастак: Валянціна Праўдзіна. Мастацкі кіраўнік пастаноўкі: Таццяна Траяновіч.


Punktum

kurjer.info

Дзе: Літаратурны музей П.Броўкі, вул. К.Маркса, 30

Калі: па 1 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна

Punktum выніковая выстава выпускнікоў адукацыйнага курса Сяргея Балая і Паўла Волкава «Фотагісторыя па пунктах».

10 лепшых фотагісторый новых беларускіх аўтараў прадстаўлены ў музейнай экспазіцыі. Гэтыя гісторыі пра людзей, пра адзіноту, пра складанасці сталення, пра горад і з’явы. Ралан Барт у сваім знакамітым эсэ Camera lucida выказаў думку аб тым, што лепшае ў фатаграфіі – гэта Punktum (кропка).

Punktum – тое незаўважнае, што кранае раз і назаўжды. Пачуццё, якое з’явілася пры поглядзе на фотаздымак, і потым не адпускае нас, прымушаючы вяртацца ў думках да ўбачаных, а дакладней адчутых, вобразаў зноў і зноў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.