Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Аляксандра Раманоўская заваявала залатую ўзнагароду на этапе Кубка свету па фрыстайле ў Маскве. На другую прыступку п'едэстала ўзнялася Лора Піу з Аўстраліі, трэцяй стала Ксю Ментаа з Кітая. У спаборніцтвах сярод мужчын Антон Кушнір не выйшаў у суперфінал, заняўшы восьмае месца, а перамог Станіслаў Нікіцін з Расіі.

Наступны этап Кубка свету па фрыстайле адбудзецца 23 лютага ў спарткомплексе «Раўбічы».


2. Уладзіслаў Ганчароў перамог на этапе Кубка свету па скачках на батуце ў Баку. Другое месца на п'едэстале заняў прынцыповы сапернік беларуса кітаец Донь Донь, на трэцім месцы Даікі Кішы з Японіі.

У сінхронных скачках беларускі дуэт Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў у кваліфікацыі стаў першым, а на вырашальнай стадыі ў барацьбе за медалі атлеты занялі другое месца.

У спаборніцтвах сярод жанчын у сінхронных скачках на верхнюю прыступку п'едэстала падняліся беларускі Валянціна Багамолава і Ангеліна Хацян, якія апярэдзілі дуэты з Аўстраліі і Бразіліі. У індывідуальных скачках сярод жанчын беларуска Марыя Махарынская, якая аднавілася пасля траўмы, заняла чацвёртае месца.

Нагадаем, Кубак свету ў 2019 годзе з'яўляецца ліцэнзійным да Алімпійскіх гульняў у Токіа. У Баку выступілі 200 атлетаў з 31 краіны.


3. Аліна Талай атрымала перамогу ў бегу на 60 метраў з бар'ерамі ў адкрытым чэмпіянаце Бельгіі. У першым старце пасля аднаўлення ад траўмы адзін з лідараў зборнай паказала высокі вынік — 7,96 сек. Найбліжэйшыя саперніцы, бельгійскія спартсменкі, не змаглі выбегчы з васьмі секундаў. Час Талай — трэці на дадзенай дыстанцыі ў Еўропе, што дазволіла Аліне выканаць нарматыў на кантынентальны форум у закрытых памяшканнях, які пройдзе з 1 па 3 сакавіка ў Глазга.

Нагадаем, у верасні 2018 года легкаатлетка перанесла аперацыю на калене.


4. Анастасія Салас выйграла бронзавую ўзнагароду на міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы «Гран-пры Масквы». Трэцяе месца беларуска заняла ў практыкаванні са стужкай. Першай у гэтай дысцыпліне стала расіянка Арына Аверына, а яе сястра Дзіна Аверына заняла другое месца. У іншых відах індывідуальнай праграмы беларуска не трапіла на п'едэстал.

У спаборніцтвах сярод юніёраў у індывідуальным мнагабор'і таксама бронзавы медаль атрымала беларуска Юлія Еўчык.


5. Каманды Беларусі сталі пераможцамі баскетбольнага турніру Palova. Snowball 3x3 у мінскім ГЦ «Сталіца». Адзначым, што ў спаборніцтвах выступілі 8 жаночых і 10 мужчынскіх камандаў з Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі і Беларусі. Гаспадароў прадстаўлялі не толькі нацыянальныя зборныя, але і юніёрскія дружыны (U-18).

Удзельнікі турніру ў Мінску зарабілі ачкі ў рэйтынг ФІБА і паспрабавалі свае сілы за два месяцы да старту ІІ Еўрапейскіх гульняў, дзе будзе прадстаўлены баскетбол 3х3.


6. Хакеісты «Дынама-Мінск» прайгралі ў заключным дамашнім матчы сезона сапернікам з «Сочы» з лікам 1:3.

Нагадаем, у 11-м рэгулярным чэмпіянаце КХЛ мінскаму «Дынама» засталося згуляць два выязныя матчы: 20 лютага з падмаскоўным «Віцязем», а 22 лютага ў Хельсінкі з «Ёкерытам».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Залатыя» палёты Сашы працягваюцца

Выбар рэдакцыі

Культура

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку».

Грамадства

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў».

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.