Вы тут

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?


Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі». Карэспандэнт «Звязды» ацаніла фінансавыя, экалагічныя і сацыяльныя перавагі такога падыходу.


Не толькі дзеля грошай

Сярэдзіна месяца, тры гадзіны дня. Шырокі тратуар на праспекце Незалежнасці поўнасцю перакрыты шчыльнай людской чаргой. Пенсіянеры, інтэлігентныя мужчыны, маладыя мамы і нават пара студэнтаў выстраіліся быццам па дэфіцытныя прадукты ў 90-я гады. Вось толькі сённяшні натоўп жадае не ўзяць, а аддаць. І не ежу, а кнігі.

У цеснае службовае памяшканне «Букініста» ўваходзяць па двое. Акурат каля дзвярэй іх сустракаюць дзве пары строгіх вачэй у акулярах.

— Спіс, калі ласка, — працягвае руку адна з прыёмшчыц — Таццяна Місюль.

— Які спіс? Я вам так раскажу, што ў мяне ёсць, — парыруе жанчына ў шэрым паліто.

— Не, так справа не пойдзе. Калі хочаце здаць нам літаратуру — будзьце гатовыя патраціць час. Перш чым выграбаць з палічак непатрэбныя кніжкі і цягнуць іх у краму, складзіце падрабязны спіс з іх апісаннем. Пазначце назву, імя аўтара, выдавецтва і год выдання. 15-га чысла кожнага месяца з «каталогам» трэба падысці ў краму. Выстаяць немаленькую чаргу, бо ахвотных пазбавіцца «духоўных скарбаў» заўжды шмат. Калі што-небудзь з прапанаванага нас зацікавіць, выдадзім талон на наступны месяц. І толькі ў прызначаную дату і час можна будзе прывезці кнігі. Заўважаю: не ўсе адразу, максімум — 24.

— Складана...

— Проста толькі ў пункце прыёму макулатуры: прыйшоў, пакінуў і пайшоў, — падсумоўвае Таццяна Міхайлаўна.

Амаль усе, хто ўваходзіць, сапраўды трымаюць у руках спісы — раздрукаваныя на прынтары ці напісаныя ад рукі. У кагосьці яны вялікія — на некалькі старонак, у кагосьці сціплыя — умяшчаюцца ў некалькі радкоў. Спрабую зазірнуць у іх: мужчына з элегантна павязаным шалікам прапаноўвае замежную літаратуру на мове арыгінала, бабуля ў пуховай хустцы мае скарб у сотню кніг, якія можна аб'яднаць пад назвай «альтэрнатыўная медыцына», зусім юная дзяўчынка спрабуе здаць савецкую класіку, якая была выдадзеная гадоў за дваццаць да яе нараджэння.

Маладая жанчына ў пухавіку працягвае невялічкі спіс. Другая прыёмшчыца — Ірэна Гаўрыльчык — прабягаецца па ім вачыма і канстатуе:

— Па Бенджаміне Споку (амерыканскі педыятр і пісьменнік. — Аўт.) зараз дзяцей ніхто не выхоўвае. Навейшага нічога няма?

— А можа, вам казкі прынесці? Браты Грым, Андэрсен.

— Калі выданні 80—90-х, то не трэба.

— Як не трэба? Вы павінны прыняць мае кнігі, — не супыняецца жанчына.

— Іх ніхто не купіць, — спакойна адказвае Ірэна Францаўна. — Калі вы не хочаце выкідаць іх на сметнік і здаваць у макулатуру, то паспрабуйце аддаць у сацыяльныя ўстановы, шпіталі...

Аднак многія тут — пастаянныя здатчыкі крамы. Яны добра ведаюць правілы прыёму і не носяць сюды тое, што не карыстаецца попытам. Хто гэтыя людзі і чаму пазбаўляюцца ад кніг?

— У асноўным гэта інтэлігенцыя, якая жыве ў цэнтры, — інжынеры, прафесары, мастакі. Ёсць жанчына, у якой памёр муж. Ён быў выкладчыкам матэматыкі і паралельна цікавіўся філасофіяй. У свой час набываў усе навінкі, з камандзіровак кнігі чамаданамі вазіў. Цяпер, калі бібліятэка засталася без гаспадара, няма сэнсу трымаць яе ў кватэры. Шмат універсітэцкіх выкладчыкаў, якія сваё адпрацавалі. Зрок сапсаваўся — чытаць немагчыма, — расказвае спадарыня Таццяна.

Ёсць сярод здатчыкаў і так званыя перакупшчыкі. Яны вышукваюць у інтэрнэце і газетах аб'явы «Аддам/Прадам кнігі». Ездзяць па кватэрах і дамах, набываюць менавіта тыя экзэмпляры, якія будуць запатрабаваныя ў букіністычных крамах.

Кі­шэн­ны Ко­лас абы­дзец­ца ўся­го ў 3,5 руб­ля.

— Бяруць, напрыклад, за рубель, а ў нас могуць за гэта атрымаць 5 ці 10. Але ж трэба паездзіць, пашукаць, пасля тут у чэргах пастаяць, — дзеліцца Ірэна Францаўна.

Пастаяннымі тут бываюць не толькі здатчыкі, але і пакупнікі.

— Прыязджае з Віцебска выкладчык і скардзіцца на новыя дапаможнікі. Кажа, што нават сам у іх разабрацца не можа. Што ў такім выпадку ад студэнтаў патрабаваць? Іншая справа — кнігі, напісаныя яснай мовай, без «вады» і вывераныя часам.

Усе супрацоўнікі «Букініста» адзначаюць прыцягальнасць крамы. Кажуць, у параўнанні са звычайнымі яна больш жывая. Кнігі тут ніколі не стаяць на паліцах «мёртвым грузам». Асартымент аднаўляецца штодзень: каля 300 штук прыносяць, 150—200 прадаецца. Калі тры месяцы тавар застаецца незапатрабаваны, яго вяртаюць уладальніку.

— Нечытаючых людзей няма ні сярод здатчыкаў, ні сярод пакупнікоў, — кажа загадчыца кнігарні Вольга Лапцёнак. — Думаеце, кніжкі нясуць толькі дзеля грошай? Гэта не заўсёды выгадна, дарэчы. Ёсць у нас квітанцыі і на 400 рублёў, але ёсць і на шэсць. Камусьці проста шкада выкідваць у макулатуру, камусьці дома сумна. Шмат адзінокіх у нашай чарзе. Яны пакуль пастаяць, перазнаёмяцца і пагавораць пра тое-сёе.

Нясіце беларускае

Разабраўшыся са здатчыкамі, Ірэна Францаўна ўцягвае мяне ўглыб гандлёвай залы — да яе любімых вітрын з антыкварыятам.

Ірэ­на Гаў­рыль­чык пра­цуе з ан­ты­ква­ры­я­там 40 га­доў.

— Я марыла быць побач з кнігамі з самага дзяцінства. У бібліятэцы была запісаная на двух абанементах, пастаянна бегала ў кнігарню, дзе працавала мама маёй сяброўкі. Дома такі запал да чытання падтрымлівалі, але не былі ўзрадаваныя маімі планамі паступаць у тэхнікум на кніжнага таваразнаўца. Хацелі, каб я ва ўніверсітэце вучылася. Дзеля мары прыйшлося падмануць маму і сказаць, што іспыты ў ВНУ я праваліла, — усміхаецца суразмоўніца. — Пасля ўсё роўна скончыла гістфак БДУ, але ўжо сорак гадоў працую ў кніжным гандлі — «Светач», «Мастацтва», «Вянок», «Букініст». Самы цікавы перыяд работы быў у «Вянку» з антыкварнымі выданнямі ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў. Цяпер такія экзэмпляры прыносяць рэдка, але паказаць ёсць што...

Жанчына адкрывае шкляныя дзверцы і дастае важкі фаліянт. «Р. Браунсъ. Царство минераловъ» значыцца на вокладцы. Акуратна гартаем пажоўклыя старонкі і заўважаем каляровыя ілюстрацыі — нядрэнна для выдання 1906 года. Праўда, цана кусаецца — 1200 рублёў.

«Як у букіністычным разлічваецца кошт кніг?» — пытанне, якое хвалюе многіх.

— У нас ёсць каталог з цэнамі на момант выдання, ад яго і адштурхоўваемся. Зразумела, улічваем узрост кнігі, стан, курс долара. Нічога звышнатуральнага.

Хаваючы адзін рарытэт, Ірэна Францаўна следам дастае іншы. «Сочинения» Р. П. Данілеўскага 1872 года з аўтографам аўтара. Маюцца тут і «Минские епархиальные ведомости» стогадовай даўніны.

— Разыходзяцца яны хутка — на падарункі. Увогуле, беларускай літаратуры нам не хапае. Сёння, напрыклад, аніводнага спіса з ёй не было. Некаторыя думаюць, што гэта не запатрабавана. Хоць моладзь пастаянна круціцца каля палічак з нашымі аўтарамі. У топе — творы Святланы Алексіевіч. Забіраюць як навейшыя на рускай мове, так і беларускамоўныя выданні 90-х.

За 113 га­доў ца­на на М. В. Го­га­ля з 4 ка­пе­ек вы­рас­ла да 35 руб­лёў.

Беларускі «куток» у літаральным сэнсе такім і з'яўляецца. Вока чапляецца за шэрую «Памяць». Тры кнігі — Брэст, Чавускі і Мядзельскі раёны.

— На такія ў нас нават замовы бываюць. Мінчане хочуць мець дома кнігу пра малую радзіму.

Рухаемся далей. На паліцах з дзіцячай літаратурай — адразу па некалькі аднолькавых кніг пра Гары Потэра. «Размятуць, не паспееце маргнуць!» Вялікі аддзел сучаснай фантастыкі і фэнтэзі акупавалі маладыя, да яго не падступіцца. Непадалёку ляжаць некранутыя (нават у плёнцы!) раманы Віктара Пялевіна апошніх гадоў. Толькі каштуюць яны рублёў на 10 танней, чым у звычайнай краме.

Каля класікі — ні душы.

— Але пазбавіцца ад яе мараць многія. Праўда, прымаем мы не ўсё. З задавальненнем бяром кнігі маскоўскіх выдавецтваў 50—70-х гадоў. Якасная папера, бездакорная рэдактура, цікавыя ілюстрацыі і... невялікія тыражы, — распісвае пажаданы тавар Ірэна Францаўна. — Рускую класіку рэгулярна купляюць замежныя студэнты, каб вывучыць мову. Бывае, нават цэлымі групамі да нас прыходзяць і выносяць цэлымі паліцамі. Нашых студэнтаў знойдзеце каля вучэбнай літаратуры. Тэхніка, матэматыка, фізіка, філасофія, гісторыя — вось, што ім трэба. Мы знаходзімся побач з БДУІРам і БНТУ, таму і стараемся складаць асартымент у адпаведнасці з іх пажаданнямі. Той жа новы «Даведнік канструктара-машынабудаўніка» Анур'ева ў трох кнігах каштуе не менш за 300 рублёў, у нас — 10—15. Згадзіцеся, выгадна?

Ганна КУРАК

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.